Творчае партфоліа мастака. Год малой радзімы для ляхавіцкага мастака Эдуарда Бурвеля напоўнены асаблівым зместам

Фарбы, нібы ахутаныя смугой туману, сцежка, што цягне за сабою, дрэўцы ў сонечным святле, гаваркі ручай ці таямнічая рачулка – сюжэты карцін Эдуарда Бурвеля. Яго жывапісны почырк і стыль добра вядомы землякам і не толькі. Вернісаж мясцовага мастака прыцягвае, кліча да дыялогу, нават да банальнай цікавасці: а што ж там, у канцы алеі… І кожны раз ён па-новаму адкрывае быццам добра знаёмыя мясціны: Грушаўку, Рэпіхава і іншыя.

Краіна дзяцінства

На палотнах не проста сваё, роднае –  пейзажы дапоўнены фантазіяй, здобраны любоўю.
– Умеў бы пісаць вершы, прызнаваўся б малой радзіме ў любві рыфмаванымі радкамі. А так сваё захапленне Ляхавіч-чынай, з якой звязана ўсё маё жыццё, выказваю ў колерах. Такая адданасць на генетычна-гістарычным узроўні – тут жылі мае бацькі, дзяды і прадзеды, – расказвае Эдуард Іванавіч. І прыгадвае, як знайшоў фотаздымак, датаваны 1938 годам. На ім бацька ў белых пальчатках і з бабачкай, маці ў белым вэлюме…
– І толькі з гадамі пачынаем разумець, што шчаслівыя моманты не вярнуць –  іх можна спыніць, зафіксаваць у акварэлях, фотакадрах. Тады ўжо дзеці і ўнукі таксама змогуць убачыць родных, падзівіцца на мясціны дзяцінства бацькоў, – дзеліцца мастак.
На вуліцы Савецкай у райцэнтры школьнік Эдзік з хлопцамі ганяў шайбу. Узгадвае, як сябар сястры падарыў яму канькі. Тады гэта быў супер-падарунак –
рэдкі, дарагі. Чаравікі нацягваў на кеды…
Мастацкія здольнасці ў хлопчыка праявіліся яшчэ ў школьныя гады. Сваім быў і ў бібліятэцы, куды яго запрашалі перамаляваць-скапіраваць якісьці сюжэт, і кожны раз чуў: «Хлопец, табе трэба вучыцца!».

Імправізацыі жыцця

Пасля заканчэння школы хацеў паступаць у сталіцу, але дома так усё выдатна складвалася – дырэктар мясцовага тэхнікума Кацярына Інтарынава запрасіла на працу мастаком, быў і занятак па душы, таму вырашыў абмежавацца мастацкімі і афарміцельскімі курсамі.
Акрамя малявання, Бурвель іграў на ўдарных інструментах. З сябрамі выступалі на вяселлях, святах. Гэта быў зладжаны, неверагодна энергічны і жыццярадасны калектыў: Якаў Мурзіч, Уладзімір Равінскі, Леанід Зелянеўскі і ён –  Эдуард Бурвель…
Ён часта наведвае бацькоўскі дом, дзе стаіць яго інструмент – сведка музычных вандраванняў. Сядзе, пастукае-пабарабаніць, парушыць цішыню і, здаецца, гадоў дзесяць скідвае.
Пад крылом лёсу

Яму па жыцці шанцуе на сяброў і проста добрых людзей – такі вось шчаслівы чалавек пад крылом лёсу. Менавіта сябар Анатолій Маісеенка – цудоўны мастак, які вельмі тонка адчуваў людзей, пераканаў Бурвеля ўзяцца за пэндзаль. Зараз Эдуард Іванавіч па-бацькоўску падтрымлівае і моцна сябруе з яго сынам Цімурам – таленавітым рэзчыкам па дрэве. Рамкі – работы Цімура – абрамляюць і палотны мастака Бурвеля.
Так жывапіс з хобі для Эдуарда Іванавіча стаў часткай жыцця, паветрам, стымулам, нават лякарствам. Менавіта маляванне лячыла, дапамагала паправіцца падчас сур’ёзнай хваробы.
Наогул, за што ні браўся, імкнуўся дасягнуць дасканаласці. Так было і падчас музычна-інструментальных «універсітэтаў», так здарылася і пры знаёмстве з дрэвам. Гэты матэрыял настолькі паддаўся яму, што дазволіў рабіць з яго прадметы інтэр’ера, мэблю.
Сярод сяброў Эдуарда Бурвеля, пра каго ён любіць расказваць, – Васілій Грынь – мастак, які больш за два дзесяцігоддзі назад змяніў сталіцу на Ляхавіччыну. Цяпер у Ліпску вучыць рабят маляваць, яго выхаванцы перамагаюць у конкурсах, а карціны свецяцца асаблівым святлом. З такой жа сардэчнасцю і цяплом расказвае пра аднакласнікаў:
– У лютым адзначалі паўстагоддзя з дня заканчэння школы. Атрымалася цікава і душэўна. Наш 10 «Б» такі ж дружны і праз гады.
Паслядоўнікі

У Бурвеля яны ёсць – гэта яго сыны Дзмітрый і Кірыл. Абодва свой лёс звязалі з творчасцю. Старэйшы Дзмітрый нават нейкі час настаўнічаў у Ляхавіцкай школе мастацтваў (зараз займаецца ўласнай справай), былі ў яго перамогі і дасягненні. Малодшы Кірыл таксама раней маляваў, захапляўся графіці, працуе ў сталіцы ландшафтным дызайнерам.

Натхненне

Любоў, па меркаванні мастака, галоўнае і вызначальнае ў жыцці кожнага пачуццё – да бацькоў, да людзей, да жанчыны… Эдуард Бурвель шчаслівы ў сям’і – і праз чвэрць стагоддзя з радасцю дорыць кветкі жонцы (пераважна ружы белыя і жоўтыя), называе яе пяшчотна – мая Надзея.
Наконт жоўтага колеру ў мастака свая філасофія: колер сонца, запальвае і гарыць, затрымлівае погляд. Гаворыць, што ад жывапісу людзі павінны атрымліваць радасць і надзею. Таму жоўты – гарачы ці спакойны, у залежнасці ад настрою – і дамінуе ў яго карцінах, дорыць пазітыў, успрымаецца лёгка і ўзнёсла. А кветкі на яго палотнах самыя розныя – яны для тых, хто любіць жыццё.
Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Калі будзеце на сустрэчы-свяце ў гарадскім Доме культуры, абавязкова звярніце ўвагу на афармленне сцэны – гэта аўтограф Эдуарда Бурвеля. У ГДК ён працуе мастаком-афарміцелем. І робіць гэта, як і ўсё, шчыра і прыгожа, ад сэрца – вялікага і добрага.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *