Старая ферма і новая форма

Утрымліваць статак па новых тэхналогіях — значыць мець больш прадукцыі, лепшай якасці, з меншымі затратамі. У такіх умовах гаспадарання павелічэнне пагалоўя становіцца неабходнасцю. Як адзін з варыянтаў вырашэння гэтых задач (зноў жа, з аглядкай на затраты) — рэканструкцыя старых пабудоў.

Выконваючы даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па рэканструкцыі МТФ за кошт уласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў, па гэтым шляху і пайшлі многія гаспадаркі раёна. Да пачатку зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы 11 адноўленых фермаў павінны ўступіць у строй. У выніку толькі ў малочнай жывёлагадоўлі плануецца атрымліваць дадатковай выручкі 1 мільярд 595 мільёнаў рублёў за год.

Аднак, гэта толькі акрэсленая перспектыва. А як сёння ідуць справы з рэканструкцыяй збудаванняў у сельгаспрадпрыемствах раёна?

З энтузіязмам узяліся за работу ў СВК «Шлях новы». Без прамаруджвання адкрылі мэтавую крэдытную лінію. Аднак, гэтыя сродкі — толькі пачатак, асноўныя работы выконваюцца за грошы гаспадаркі. Прычым, маштабы рэканструкцыі  нават выходзяць за рамкі запланаванага. У сельгаскааператыве вырашылі надаць новае жыццё жывёлагадоўчаму комплексу «Вялікая Лотва». Адно памяшканне там ужо рэканструявана: амаль 200 кароў пастаўлены на глыбокую падсцілку, карм-ленне арганізавана пры дапамозе кормараздатчыка «Гаспадар», дояць кароў 2 устаноўкі «УДС». Па гэтым жа прынцыпе пачаліся работы і ў другім памяшканні, дзе плануецца ўтрыманне па новых тэхналогіях прыкладна такой жа колькасці кароў.

Як расказаў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў, у СВК «Шлях новы», там жа, у Вялікай Лотве плануюць яшчэ рэканструяваць 2 былыя цялятнікі. Адно памяшканне ператворыцца ў цэх сухастою, на базе другога будзе пабудавана сучасна абсталяваная малочная зала. Аляксандр Шытаў падкрэслівае, што гэта адзіны ў раёне сельгаскааператыў, які з такім размахам прыступіў да рэканструкцыі старых пабудоў. Будаўнічая брыгада гаспадаркі, а таксама часова нанятыя спецыялісты і сёння працуюць заўзята.

Узмоцненымі тэмпамі работа пойдзе пасля таго, як жывёлу перавядуць на кругласутачную пасьбу. Кожны этап запланаваных работ тут прадуманы. Вакол фермы зараней падрыхтавана шматкампанентная паша, участкі якой старанна выгараджаны: статак будзе забяспечаны зялёнымі кармамі літаральна на месцы. У сельгаскааператыве лічаць, што эканамічная мэтазгоднасць запланаваных і ўжо выкананых работ будзе значнай: дадатковая выручка на комплексе складзе прыкладна 75 мільёнаў рублёў за год работы ў новых умовах. А гэта значыць, што затрачаныя грошы вернуцца з плюсам,

Пачаліся работы і на русінавіцкай ферме СВК «Ляхавіцкі», дзе мясцовая будаўнічая брыгада рэканструюе памяшканне пад цэх сухастою на 80 кароў. У гэтай гаспадарцы скарыстоўваюць свой жа вопыт: нядаўна пабудаваная малочнатаварная ферма — высокатэхналагічная  і эфектыўная. Гэта ўзор, па якім вядуцца работы і сёння. А яшчэ тут прысутнічае цвёрдае перакананне: укладзеныя сродкі (калі рабіць гэта правільна) вернуцца з прыбыткам.

Толькі гэтыя сельгаскааператывы прыступілі да работ па рэканструкцыі памяшканняў. У 9 астатніх гаспадарках — пакуль «штыль»: чакаюць цяпла і травастою, каб вывесці статкі на пашу і тады ўзяцца за справу. Гэтым часам пакрысе рыхтуюць лесаматэрыялы, завозяць шчэбень, гравій, запасаюцца цэментам. Такія ня-спешныя тэмпы насцярожваюць: аб’ёмы будаўнічых работ значныя, а тэрміны здачы аб’ектаў, можна сказаць, не за гарамі. Напрыклад, у ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» гэтыя моманты пралічылі і не чакаюць з мора пагоды: аказваецца, дах можна перакрываць і ў заселеным кароўніку. Сельгаспрадпрыемства распачало капітальны рамонт з мадэрнізацыяй МТФ у вёсцы Вялікае Гарадзішча.

Несумненна, сёння ў сельгаспрадпрыемствах асноўны расклад работ на бліжэйшы час — сяўба. Але пры правільнай расстаноўцы сіл сейбіт  сее, а будаўнік будуе. Кожны выконвае сваю работу, канчатковы вынік якой — канкрэтны ўклад у агульную скарбонку.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *