Арыенціры дакладныя і рэальныя. Ляхавічане абмяркоўваюць Пасланне Прэзідэнта

Прэзідэнт на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся  са штогадовым Пасланнем да беларускага народа
і Нацыянальнага сходу. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ляхавічане абмяркоўваюць Пасланне Прэзідэнта, расказваюць, што адзначылі ў выступленні  для сябе 

Леанід ЦУПРЫК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– У Пасланні Прэзідэнта вызначаны дакладныя і рэальныя арыенціры далейшага развіцця краіны. На гэтым шляху галоўнымі здабыткамі, якія мы абавязаны берагчы і ўмацоўваць, застаюцца мір, бяспека, адзінства беларускага народа і актыўны ўдзел кожнага ў пабудове яшчэ больш моцнай, яшчэ больш квітнеючай Беларусі.
Зноў пацверджаны міралюбівы статус нашай краіны, актыўны ўдзел Рэспублікі Беларусь у стабілізацыі міжнароднай абстаноўкі. У чарговы раз агучаны беларускія ініцыятывы па захаванні міру.
Што датычыць сацыяльна-эканамічных пытанняў, то таксама вызначаны канкрэтныя напрамкі па вырашэнні праблем у рэальным сектары эканомікі. Тут няма дробязяў. Развіццё вытворчасці, прадпрымальніцтва, выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, рост экспарту, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, высокія патрабаванні да кіраўнікоў, якія ў абавязковым парадку павінны быць прафесіяналамі, бачыць перспектыву, – гэта і многае іншае на парадку дня. Асобна падкрэслю, што не ўпушчаны дэталі, гаворка ішла і пра «набалелыя прыватнасці», такія, напрыклад, як рамонт дарог у сельскай мясцовасці. Да мяне падчас асабістых прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній у выбарчай акрузе вельмі часта звяртаюцца мясцовыя жыхары менавіта з такімі пытаннямі.
Лічу, што дэпутаты ўсіх узроўняў сваёй дзейнасцю павінны актыўна спрыяць развіццю рэгіёнаў, вырашэнню праблемных пытанняў, паляпшэнню ўзроўню жыцця насельніцтва.

Леанід КАЛБАСА,  старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў:
– У Пасланні Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу дакладна вызначаны прыкметы татальнай глабалізацыі свету. А гэта дыктуе свае ўмовы, ставіць пэўныя патрабаванні, якія трэба ўлічваць, каб забяспечыць развіццё.
Каб быць канкурэнтаздольнымі, нам неабходна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі і падыходы. На жаль, некаторыя прадпрыемствы, і не толькі дзяржаўныя, прывыклі, што ўсе пытанні за іх павінна вырашаць дзяржава. Лічу вельмі важным, каб узрастаў узровень самастойнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў з адказнасцю за вынікі работы.
Значная ўвага ў Пасланні была ўдзелена сацыяльнай сферы. Прэзідэнт даручыў штогод павялічваць долю расходаў на яе патрэбы, закрануў сацыяльную службу. У нас ёсць шмат людзей, якім вельмі неабходна сацыяльная дапамога: пенсіянеры, шматдзетныя сем’і, інваліды. Дзяржава ў гэтым напрамку будзе павялічваць фінансаванне. А чым эфектыўней працуе эканоміка, тым больш сродкаў накіроўваецца на сацыяльную абарону.
Пра занятасць насельніцтва гаварылася ў спалучэнні са стварэннем высокапрадукцыйных рабочых месцаў і дастойнай зарплатай. Гэта і ёсць нашы арыенціры ў рабоце.

Аляксандр БАЙЧЫК,  начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна  ваеннага камісарыята г. Баранавічы,
Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў:
– Чалавеку важна адчуваць сябе ў бяспецы, быць упэўненым у мірным заўтра. Стабільнасць, незалежнасць, суверэнітэт – ключавыя ўмовы для развіцця шчаслівага грамадства. Сёння мы жывём ў спакойнай краіне, марым, будуем планы на будучыню – гэта заслуга нашай міралюбівай знешняй палітыкі. Узровень падрыхтоўкі беларускай арміі высокі, і гэта неаднаразова пацвярджалася падчас шматлікіх вучэнняў, збораў.
Сёння салдацкую форму носяць 90 ляхавічан у розных злучэннях, воінскіх часцях Узброеных Сіл. Нашы землякі дастойна выконваюць свой воінскі абавязак, ідуць у армію асэнсавана, усведамляюць важнасць і неабходнасць службы. І гэта выхоўваецца яшчэ са школы. Нядаўна бацькі двух нашых пагранічнікаў, якія служаць у Мазыры, атрымалі падзячныя лісты ад камандавання за годнае выхаванне абаронцаў Айчыны. Медалём «За адвагу» ўзнагароджаны наш зямляк, цяпер ужо радавы запасу Яўгеній Жарскі, які разам з баявым таварышам Дзмітрыем Страчуком даказаў, што і ў мірны час ёсць месца подзвігу. Прыемна, што многія нашы хлопцы, якія нясуць службу ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, будуць прымаць удзел у святочным парадзе 9 мая ў сталіцы.
Але важна, каб кожны грамадзянін, незалежна ад формы, цывільнай ці армейскай, усведамляў: тое, што маем, трэба берагчы; не проста карыстацца агульнымі дабротамі, а яшчэ і прымнажаць іх. І, як падкрэсліваў Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, кожны павінен клапаціцца пра мір і парадак. Нашы адносіны да сваёй сям’і, малой радзімы – праекцыя адносін да ўсёй краіны.

Генадзій САКУЦЬ,  дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект»,  намеснік старшыні савета па развіцці  прадпрымальніцтва пры райвыканкаме:
– У сваім выступленні Прэзідэнт закрануў тэмы, важныя для кожнага беларуса. Для мяне асабліва актуальныя тыя, што тычацца развіцця бізнесу, прыцягнення інвестыцый у вытворчасць, пашырэння рынкаў збыту. У нашай краіне шмат робіцца ў падтрымку бізнесу, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для самазанятасці. Мы ўжо адчулі перавагі, які даў Дэкрэт Прэзідэнта «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Многія адміністрацыйныя бар’еры для прыватнікаў зняты, стала значна прасцей і хутчэй адкрыць бізнес. Зменшылася і колькасць разнастайных праверак катралюючымі органамі. Гэта раней канкрэтна пера-шкаджала, адцягвала ўвагу ад паўсядзённых клопатаў.
Прадпрымальніцтва – вялікая і сур’ёзная работа. Калі ёсць падтрымка, тады і справа ладзіцца. Лічу, у нашым раёне бізнесу камфортна. Штогод кіраўніцтва раёна сустракаецца з прадпрымальнікамі, узаемавыгадны дыялог заўжды канструктыўны.
Ствараюцца новыя прадпрыемствы, пашыраецца вытворчасць на існуючых, з’яўляюцца дадатковыя працоўныя месцы. 17 працэнтаў эканаміч-
на актыўнага насельніцтва раёна занята менавіта на прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу. Чацвёртая частка даходаў бюджэту раёна – ад прадпрымальніцтва.
Кіраўнік дзяржавы даручыў больш актыўна прыцягваць малы і сярэдні бізнес у развіццё экспарту. У нашым раёне трэцяя частка экспарту тавараў і больш за 90 працэнтаў паслуг забяспечыла прадпрымальніцтва. Што тычыцца «Трансэлектракамплекта», то ў нас трывалыя партнёрскія сувязі з прадпрыемствамі Расіі, Казахстана, Украіны. Шукаем партнёраў у Еўропе, куды гатовы рэалізоўваць сваю электратэхнічную прадукцыю і камплектуючыя да яе.
Разам з тым і бізнес павінен несці адказнасць за пачатую справу. Выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, аказваць якасныя паслугі. Ствараць належныя ўмовы працы. Прэзідэнт адзначыў, што зарплата павінна напрамую залежыць ад эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці. На нашым прадпрыемстве мадэрнізацыя прапісалася даўно. Але не спыняемся. Сёлета плануем наваселле – адкрываем новы цэх. Пры гэтым нельга забываць і пра сацыяльныя гарантыі для работнікаў. Калектыўны дагавор, заключаны ў таварыстве, – таксама на карысць усяго калектыву.

Наталля ІСАХАНАВА, загадчыца аддзялення першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання ТЦСАН:
–Усе пытанні, узнятыя ў Пасланні Прэзідэнта, актуальныя і важныя. Напрыклад, зроблены акцэнт на тым, што доля расходаў, якія накіроўваюцца на сацыяльныя патрэбы, павінна штогод павялічвацца.
Такая палітыка нашай краіны, і арыентавана яна на чалавека. Пад надзейнай абаронай дзяржавы сям’я і дзеці. Кожны грамадзянін можа разлічваць на пенсію, бясплатную медыцыну, агульную сярэднюю адукацыю, маці пры нараджэнні дзяцей – на дастаткова важкую фінансавую падтрымку. Сістэма прававых гарантый і льгот для сем’яў працуе без збояў. Дзякуючы сямейнаму капіталу ўсё больш бацькоў прымяраюць на сябе статус мнагадзетных. З пачатку года за назначэннем гэтага віду дзяржаўнай дапамогі ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва звярнуліся 10 сем’яў. А ўсяго з 2015 года па сённяшні дзень сямейны капітал назначаны ў раёне 187 сем’ям. І гэта рэальная і важкая падтрымка.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *