З поглядам у будучыню. У Пасланні да беларускага  народа  і Нацыянальнага  сходу  Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка  закрануў найбольш актуальныя  для грамадства  і дзяржавы пытанні

Прэзідэнт на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся  са штогадовым Пасланнем да беларускага народа
і Нацыянальнага сходу


Бяспека – у адзінстве

Бяспека краіны – у адзінстве народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце зноў робіцца стаўка на сілу, у тым ліку ваенную, як спосаб забеспячэння і пашырэння сваіх інтарэсаў. «Чуваць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш – ледзяной. Гэта выбухованебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі няўстойлівым можа быць мір», –
адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад тварам пагрозы цьмянеюць любыя дасягненні цывілізацыі, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі. «Таму разумеем: наша бяспека –  у еднасці нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы», –  заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што адказнасць за мір і парадак ляжыць на кожным жыхары Беларусі – пачынаючы з уласнай сям’і, дома, горада або вёскі і заканчваючы краінай.
«Калі мы разам – толькі тады мы сіла. І зможам процістаяць любым выклікам», – упэўнены беларускі лідар.
«Чалавецтва, на жаль, знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці. На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца. Бяспека стала пэўнай з’явай. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка яе страціць і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі. Стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі звычайнымі з’явамі».
У гэтых абставінах асабліва актуальны міралюбівая, збалансаваная знешняя палітыка ўсіх дзяржаў, якой прытрымліваецца і Беларусь, а таксама ініцыятывы краіны: пашырэнне ідэй сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэграцыйных аб’яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва. «Для нашых саюзнікаў Беларусь з яе грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую каштоўнасць», – упэўнены Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, калі ў многіх рэгіёнах свету неспакойна, цяпер асабліва важна.

Працай і інтэлектам

«Наша задача – быць адкрытымі для лепшага. Мэта – расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змяненняў, якія нам патрэбны і якія дадуць магчымасць павышаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету», –  сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што незалежнасць дзяржавы і яе аўтарытэт, спакой у грамадстве, якасная адукацыя, высокая культура і дасягненні ў спорце ў першую чаргу залежаць ад паспяховасці эканомікі.
«Мы як ніхто іншы пацвярджаем гэта правіла. Свой поспех – у адрозненне ад іншых краін, багатых на прыродныя рэсурсы, – мы ствараем толькі працай і інтэлектам свайго народа. І ў гэтым наша перавага. Для правільнага выбару дзеянняў унутры краіны мы павінны правільна разумець развіццё сучаснага свету. А яно вызначаецца трыма ключавымі фактарамі: узрыўным ростам новых тэхналогій, уздымам рынкаў, што сталі на шлях развіцця, і татальнай глабалізацыяй усіх сусветных працэсаў», – адзначыў беларускі лідар.

Эфектыўнасць эканомікі

«Шчыра кажучы, год таму мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы, быццам бы, пераадолелі», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі, канстатаваў Прэзідэнт, нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўляюцца аб’ёмы экспарту, паляпшаецца структура плацежнага балансу. «Грошай столькі, колькі мы зарабляем, і для вырашэння праблем друкарскі станок не ўключаем, – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. – Бюджэтныя сродкі расходуюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы – гэта дае магчымасць мець узважаную курсавую палітыку. Па росце валавога ўнутранага прадукту выходзім з двухгадовай рэцэсіі».
«Галоўнае цяпер – надаць пазітыўным змяненням незваротны характар. Гэта –  краевугольны камень эканамічнай палітыкі, тое, што дасць магчымасць захаваць эканамічную стабільнасць, а значыць, мір і парадак у грамадстве», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Наш унутраны патэнцыял дае магчымасць, каб эканоміка расла незалежна ад таго, колькі каштуе нафта і які яе аб’ём мы перапрацуем, якая кан’юнктура на калій або прадукты харчавання», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў і паслуг павінна быць такой, каб знешнія фактары ўплывалі на развіццё краіны мінімальна, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Гэта задача – пытанне не аднаго дня, хоць аб яе вырашэнні мы гаворым ужо з дзясятак гадоў. Патрэбны рэзультат, – патрабуе Кіраўнік дзяржавы. – Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Нават у сродках масавай інфармацыі, хто хацеў, аб гэтым ужо выказаўся. Яна застанецца нязменнай – дасягненне да канца наступнай пяцігодкі ВУП не менш як $100 мільярдаў».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што для такога рыўка неабходны маштабныя рашэнні, таму стратэгічныя крокі патрэбныя ва ўсіх сферах.
Прэзідэнт адзначыў, што пакуль палажэнні праграмы пяцігодкі па пытаннях кіравання ў дзяржаўным сектары не выкананы. «Час жорсткай планава-размеркавальнай эканомікі незваротна скончыўся. І калі няма ўказанняў, што рабіць і як рабіць, калі ўсё трэба шукаць самім, а цяпер яшчэ і ўзмоцнена змагацца за рынкі збыту, разумныя сучасныя кіраўнікі сталі на вагу золата», – канстатаваў  Аляксандр Лукашэнка.
Эканоміцы патрэбны энергічныя і прафесійныя кіраўнікі, асабліва цяпер, калі заклапочанасць выклікае невысокая інавацыйная актыўнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара, дадаў беларускі лідар. Пытанні інавацый увязаныя з іншым ключавым прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця – эфектыўнай занятасцю насельніцтва праз стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў на новых прадпрыемствах.
«На гэтым этапе асноўная задача – рэалізацыя ўсіх прынятых рашэнняў. Менш слоў, больш справы – вось прынцып, які павінен стаць галоўным у стылі і метадах работы кіраўнікоў усіх узроўняў. Ды і не толькі кіраўнікоў», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Неабходна пазбаўляцца ад практыкі, калі пры першых прыкметах праблем прадпрыемствы бягуць па дапамогу ў бюджэт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта практычная рэалізацыя і вырашэнне пастаўленых задач цяпер набываюць першараднае значэнне.

Сёння – пра заўтра

«Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ўраду і Нацбанку ў бліжэйшыя гады, – перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў. Патрабую забяспечыць стабільна высокія тэмпы росту эканомікі і прафіцыт валютных патокаў. Без павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі забяспечыць гэта немагчыма», – заявіў  Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння закладваецца аснова таго, якім будзе жыццё ў 2020 годзе. Ёсць усе перадумовы, усе ўмовы для таго, каб пяцігадовая праграма была выканана не столькі па лічбах, колькі па сутнасці, яе эканамічным сэнсе.
«У 2020 годзе Беларусь павінна паўстаць перад светам абноўленай, прагрэсіўнай і пры гэтым камфортнай для свайго народа, усіх, хто хоча спакойна працаваць, зарабляць і гадаваць дзяцей», –  падкрэсліў беларускі лідар.
Гэта погляд у бліжэйшае будучае. Залогам яго, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца выкананне раней пастаўленых задач па стрымліванні цэн, росце заработнай платы і забеспячэнні занятасці.
«Зарплата павінна залежаць непасрэдна ад эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці. Гэта няпростая задача. Павінны быць задзейнічаны ўсе магчымыя механізмы для стварэння ў рэальным сектары ўмоў, у якіх здольны і працавіты чалавек знойдзе сабе прымяненне», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
І стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў, дзе дастойную зарплату можна зарабляць, а не атрымліваць, – крытэрый ацэнкі работы органаў улады на месцах.
Прэзідэнт даручыў штогод павялічваць долю расходаў на сацыяльныя патрэбы:
«Менавіта так мы можам стымуляваць нараджальнасць, дапамагаць шматдзетным сем’ям, пажылым людзям – усім тым, хто рэальна мае патрэбу ва ўвазе дзяржавы», – сказаў беларускі лідар.

Бізнес-план у развіцці

«Усёй выканаўчай вертыкалі трэба будзе вырашыць задачу аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёна краіны», – сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер праводзіцца вялікая работа па актуалізацыі заканадаўства з улікам нормаў Дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
Ён нагадаў, што ў гэтым годзе ўжо ўступілі ў сілу важныя прававыя акты, якія знамянуюць пачатак чарговага этапу развіцця краіны.
Беларускі лідар упэўнены, што ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфектыўнасці.
«Сёння глыбокая перапрацоўка ўласнай сыравіны, драўніны, сельскагаспадарчай прадукцыі так і застаецца на ўзроўні планаў, нягледзячы на велізарныя капітальныя ўкладанні. Хоць на гэтым можна зарабіць дзясяткі мільярдаў. Неабходна хутка асвойваць новыя напрамкі. У нас вырысоўваюцца контуры ІТ-краіны, сфарміраваны ўнікальныя ўмовы ў кітайска-беларускім парку, зроблена высокая стаўка на малы і сярэдні бізнес», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён упэўнены, што дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін дасць магчымасць Беларусі заняць дастойнае месца ў глабальных працэсах і не застацца ў ролі пасіўнага ўдзельніка.
«Неабходна фарміраваць атмасферу новага бізнес-клімату на аснове дзелавых адносін і ўзаемнага даверу. Чым складаней знешняя абстаноўка, тым больш зладжаным і дакладным павінна быць узаемадзеянне ўсіх элементаў і суб’ектаў эканамічнага жыцця дзяржавы», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася, у Пасланні абазначаны таксама задачы забяспечыць трансфер ідэй у Беларусь, зрабіць краіну прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Стабільныя, камфортныя, прадказальныя ўмовы вядзення бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам.
Прэзідэнт даручыў больш актыўна ўключаць малы і сярэдні бізнес у экспартны напрамак.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь экспартуе дзве трэці вырабленага прадукту. «А значыць, наш дабрабыт –  на знешніх рынках. Аб гэтым трэба не толькі гаварыць, з гэтай думкай кіраўнікам трэба «засынаць і прачынацца».
Паводле яго слоў, для нарошчвання прысутнасці на знешніх рынках Беларусі і прадпрыемствам краіны неабходна ўбудавацца ў глабальныя і рэгіянальныя вытворчыя і збытавыя ланцужкі. «Для гэтага неабходна наладзіць у Беларусі высакаякасную вытворчасць канечнага прадукту. Такую вытворчасць, якая адпавядае стандартам найбольш развітых краін, можна стварыць альбо самім, альбо сумесна з замежнымі інвестарамі», –  дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Адпавядаць рэчаіснасці

Каментуючы пытанне магчымай карэкціроўкі Канстытуцыі, Прэзідэнт адзначыў, што зараз нам не да рэферэндумаў, што нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце выстаяць.
Прэзідэнт паўтарыў сваю пазіцыю: нарматворчасць – жывы і дынамічны працэс, такі ж, як і само жыццё. У гэтым плане Канстытуцыя, як і любы іншы нарматыўны акт, будзе ўдасканальвацца.
З таго часу, як быў прыняты Асноўны закон, у краіне многае змянілася. «З’явіліся новыя дзяржаўныя інстытуты. На прынцыпова іншы ўзровень выйшлі эканамічныя адносіны. Многае з таго, што было зроблена, цяпер неабходна адлюстраваць у Канстытуцыі. Але нормы Асноўнага закона павінны не проста адпавядаць рэчаіснасці, а крыху апярэдж-ваць яе, працаваць на перспектыву», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў у сувязі з гэтым і аб прэзідэнцкіх паўнамоцтвах, частка якіх можа быць спакойна перададзена іншым галінам улады. Пры гэтым ён падкрэсліў: не трэба разлічваць на тое, што ў выпадку змянення Канстытуцыі будуць створаны фундаменты «для нашых майданаў і майданутых». «Гэтага ў краіне не будзе, пакуль я Прэзідэнт», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Гонар за краіну

«Мы адчуваем гонар за сваю краіну. Паважаючы ўсе нацыі і дзяржавы, маем поўнае права патрабаваць такой жа павагі да сябе. Беларусь – еўрапейская краіна з добрай эканомікай, якая развіваецца, спакойнай грамадска-палітычнай сітуацыяй, міжканфесійным мірам і сумленнай, адказнай знешняй палітыкай. Мы нікому не ствараем праблем, а толькі дапамагаем іх вырашаць, калі нас аб гэтым просяць», –  сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён адзначыў, што не ўсіх поспехі краіны радуюць. У свеце вельмі часта, асабліва апошнім часам, ролю дзяржавы спрабуюць прынізіць, звесці яе толькі да надуманых пытанняў захавання правоў чалавека. Прытым стаўка робіцца на моладзь, падштурхоўваючы яе да проціпраўных дзеянняў, сказаў Прэзідэнт.
«Але ўся іх падрыўная дзейнасць дарэмная, калі бачыш, як наша, напрыклад, юная спартсменка спускаецца з подыума, чуе чужы гімн у свой гонар. Калі наша таленавітая дзяўчынка папраўляе вядомага тэлевядучага, прымушаючы яго правільна называць яе Радзіму. Такі сапраўдны патрыятызм. Аб ім не разважаюць, з ім жывуць у сэрцы», – заявіў беларускі лідар. Ён падзякаваў бацькам і педагогам, якія выхавалі сапраўдных беларусаў.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўне-насць, што гэта не першыя і не апошнія парасткі нацыянальнай самасвядомасці. «Для нас яны самыя дарагія, таму што зарадзіліся ў чыстых, шчырых дзіцячых душах. Сталі жывым пацвярджэннем таго, што мы зрабілі гэта – стварылі моцную незалежную дзяржаву», – сказаў Прэзідэнт.

Міралюбівая Беларусь

«Сусветная супольнасць убачыла здольнасць Мінска рэалізаваць значныя праекты. Павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і міжнароднай палітыцы – гэта агульная стратэгічная задача, якую павінны вырашаць разам МЗС і іншыя зацікаўленыя міністэрствы, ведамствы і прадпрыемствы», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Беларусь змагла заняць уласную нішу ў свеце, стаўшы самастойным рэгіянальным іграком.
«Глабальныя знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ідэі бяспекі і супрацоўніцтва (так званы працэс «Хельсінкі-2»), сталі лагічным выказваннем аб’яднальнага парадку дня, які прапануецца Мінскам сусветнай супольнасці», –  сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што шматвектарная знешняя палітыка Беларусі застанецца паслядоўнай і прадказальнай. Краіна прадоўжыць выбудоўваць супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі, ураўнаважваць свае інтарэсы паміж рознымі полюсамі сілы, культываваць новыя геапалітычныя апоры і «падушкі бяспекі». «Пацвярджэннямі таго з’яўляюцца наш першы вопыт старшынства ў міжнароднай арганізацыі за межамі СНД – Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве і правядзенне ўпершыню ў гісторыі краіны сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Паспяховым стала і наша старшынства ў АДКБ», –  сказаў Прэзідэнт.
«Якой будзе Беларусь заўтра – залежыць ад кожнага з нас! Пры гэтым трэба памятаць, што працвітаючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі аб сабе, але і аб Радзіме. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дапамагаючы выстаяць у сучасным свеце», – заявіў ён.
«Калі мы будзем працаваць дастойна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дабіцца пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам», – сказаў Прэзідэнт.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *