Прысвячэнне героям палёў. Тарфяных. У мінулую пятніцу ў Тухавічах Ляхавіцкага раёна прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па падвядзенні вынікаў здабычы торфу ў сезоне 2021 года

Традыцыйнае, але далёка не радавое для дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз» мерапрыемства стала падзеяй і для нашага раёна. Па меншай меры, яго «балотнай» часткі – той, дзе гэты самы торф здабываецца, перапрацоўваецца ў гатовы прадукт і адкуль паспяхова гандлюецца.
У розным выглядзе і па самых розных напрамках – як у перыметры краіны, так і за яе межамі.

«Калпеніца» ўжо «Ляхавіцкі». З таго самага часу, як мясцовае торфапрадпрыемства стала філіялам ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». І перш чым патрапіць у «сталіцу» ляхавіцкіх торфабрыкетчыкаў – вёску Тухавічы, семінар зрабіў прыпынак на тэрыторыях тамашніх актываў Ляхавіцкага завода. З моманту аб’яднання прайшло няшмат часу, а ўжо зробленага хопіць на многія сезоны «новай» прадукцый-
най вытворчай дзейнасці ТП «Калпеніца». Наведаўшы брыкетны цэх, прамысловую зону прадпрыемства, удзельнікі семінара лішні раз ўпэўніліся, што сумесная і пры падтрымцы рэспубліканскіх інвестыцый праца запраграмавана на вынік.
Да сустрэчы ўдзельнікаў семінара, сваіх гасцей і калег па працы Тухавічы і жыхары вёскі падрыхтаваліся.
– Што вы ўсё фатаграфуеце? Падабаецца? Нам цяпер таксама, – звярнуўшы ўвагу на практыкаванні з фотакамерай, пачалі гутарку жанчыны.
Месцамі новы асфальт па вёсцы выглядае рашуча свежым, з’явіліся дадатковыя, не без арыгінальнасці інсталяцыі. Тэрыторыю, сумежную з Тухавіцкім сельскім Домам культуры, «апгрэйд» закрануў найбольш відавочна.
Але тэрыторыя – тэрыторыяй, галоўная ж змена, што напярэдадні рэспубліканскага мерапрыемства адбылася ў дачыненні сельскага цэнтра культуры і, як цяпер ужо можна з упэўненасцю гаварыць, фізкультуры, здарылася з адным з яго памяшканняў.
Але спачатку – торфабрыкетны завод, адкуль і ўзяў свой шлях па тухавіцкай зямлі тарфяны семінар-нарада. Сярод яго ўдзельнікаў – кіраўніцтва торфабрыкетных заводаў і торфапрадпрыемстваў краі-
ны, прадстаўнікі ДВА «Белпалівагаз» на чале з намеснікам генеральнага дырэктара Валерыем Кавалёвым. Узначальвала мерапрыемства намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Вольга Пруднікава. Некалькі пазней, адказваючы на пытанні журналістаў, яна адзначыла важную і ўсё ўзрастаючую ролю торфу ў паліўна-энергетычным балансе краіны. У гэтым годзе, па словах намесніка міністра, прадпрыемствы аб’яднання здабылі
1,6 мільёна тон фрэзернага торфу. З іх 1,4 мільёна – торф паліўнай і больш за 200 тысяч тон не паліўнай груп – сельскагаспадарчая арганіка, грунты для вырошчвання раслінных культур і іншае. Апошнім часам назіраецца рост экспарту тарфяной прадукцыі абедзвюх груп. У тым ліку і ТБЗ «Ляхавіцкі», які ў гэтым годзе значна павялічыў продаж сваёй прадукцыі ва Украіну, гандлюе з Латвіяй, Славакіяй, Польшчай і іншымі краінамі.
Госці «прайшліся» па тэхналагічным ланцугу вытворчасці брыкетаў ТБЗ «Ляхавіцкі», у пытаннях і дыялогу з дырэктарам Уладзімі-
рам Гунько паразважалі пра брыкетную вытворчасць увогуле і яе ляхавіцкія нюансы ў прыватнасці.
На адной з пляцовак брыкетнага завода была разгорнута выставачная міні-экспазіцыя, на якой свае вырабы прадстаўлялі вытворцы машын і абсталявання, што выкарыстоўваюцца на розных этапах тарфяной вытворчасці. Амаль увесь шлейф абсталявання для асушэння балот, падрыхтоўкі залежы і здабычы торфу асвоены айчыннымі машынабудаўнікамі, хаця раней многае імпартавалася.
Урачыстыя моманты арганізатары семінара ў асобе Мінэнергетыкі, «Белпалівагазу» і ТБЗ «Ляхавіцкі» запланавалі заключнымі этапамі, пасля разгляду вынікаў работы тарфяной галіны за дзевяць месяцаў 2021 года.
Першым і самым «здаровым» урачыстым момантам семінара, значнай падзеяй для Тухавіч і раёна стала ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі спартыўнай залы, размешчанай у будынку мясцовага СДК. Чырвоную стужачку-пропуск у парадкам абноўленыя пакоі перарэзалі намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз, намеснік дырэктара «Белпалівагазу» Валерый Кавалёў і дырэктар Ляхавіцкага ТБЗ Уладзімір Гунько. А факт адкрыцця атрымаў працяг па прызначэнні, быў замацаваны гульнёй у міні-футбол.
І вось ён, урачысты момант ісціны – ушанаванне-ўзнагароджванне герояў тарфяных палёў – пераможцаў рэспубліканскага спабор-
ніцтва сярод машыністаў торфаздабываючых машын у сезоне 2021. Пад ззянне сафітаў, шчырыя апладысменты залы ганаровую місію выканаў Валерый Кавалёў. Права ўзысці на п’едэстал лепшых прафесіяналаў сезона заслужылі і нашы – тухавіцкія –торфаздабытчыкі Леанід Грыцкевіч, Аляксандр Гаўрыльчык, Сяргей Гутырчык, Генадзій Гутырчык. Нашы віншаванні ім і ўсім іншым працаўнікам прафесійнага саюза тарфянікаў, удастоеным у дзень правядзення семінара ўзнагарод Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь і Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта, якія ўручылі Вольга Пруднікава і Мікалай Мароз.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава адзначыла, што на фоне энергетычнага крызісу, які склаўся ў Еўропе, попыт на мясцовыя віды паліва, у тым ліку торф, будзе расці. Чыста аднаўляльная энергетыка ў выглядзе ветракоў, сонца не вырашае энергетычныя праблемы. Каб забяспечыць устойлівую работу энергасістэмы, патрэбны больш стабільныя крыніцы і энерганосьбіты (драўніна і торф). У існуючай сітуацыі расце попыт на беларускі торф на знешніх рынках.

Тухавіцкія торфаздабытчыкі Леанід Грыцкевіч, Аляксандр Гаўрыльчык, Сяргей Гутырчык, Генадзій Гутырчык сярод лепшых.