«Зачахліцца»? Вам у «Ібіру»!

 

Работа швачак пад кантролем брыгадзіра Анжалікі Рабцэвіч.

Майстар Ірына Юнік і галоўны бухгалтар Наталля Жабік.

Па вуліцы Працоўная прапісалася і гэта цікавая вытворчасць. Менавіта тут шыюцца чахлы для мэблі ад беларускай фабрыкі «Лагуна»

Разгар працоўнага дня. У цэху «Ібіры» стракочуць машынкі –  прывычнае гукавое суправаджэнне. Тканіна ператвараецца ў чахол, напрыклад, для будучых канапы або крэсла. Менавіта тут нараджаецца аксесуар ці, можна сказаць, «адзенне», што ў тым ліку робіць мэблю беларускай фабрыкі «Лагуна» стыльным і ўтульным элементам дамашняга інтэр’ера.

Дзесяцігоддзе назад, 21 кастрычніка 2008 года, у бізнес-прасторы нашага рэгіёна з’явілася невялікае таварыства з абмежаванай адказнасцю, але з перспектывай росту. Дырэктар Андрэй Крыцкі працуе тут з самага пачатку. Калектыў з чатырох чалавек ператварыўся ў стабільнае прадпрыемства, дзе сёння створана 70 працоўных месцаў. І, між іншым, працягвае расці: тут заўсёды чакаюць тых, хто гатовы сумленна працаваць на рэальны вынік, прымаюць на працу навічкоў, навучаюць швейнай справе, як гаворыцца, з нуля.
ТАА «Ібіра» адзін з дысцыплінаваных падаткаплацельшчыкаў, які папаўняе раённы бюджэт.
Працаваць у «Ібіры», неаднойчы чула ад яе супрацоўнікаў, – прэстыжна, камфортна, тут клапоцяцца пра сваіх і імкнуцца стварыць добрыя ўмовы на вытворчасці. Для тых, хто жыве ў горадзе, арганізаваны падвоз на работу і назад, а тым, хто дабіраецца ў райцэнтр на прыгарадным транспарце, кампенсуецца праезд. Заработная плата ў «Ібіры» дастойная – у сярэднім 630 рублёў у месяц. У выглядзе бонусаў – заўсёдныя прэміі за стараннасць і жаданне працаваць, матэрыяльная падтрымка да святаў.
З 8.00 да 16.30 таварыства практычна ў рэжыме нон-стоп, калі не лічыць абедзенны і два тэхнічныя перапынкі, шыюць чахлы для мяккай мэблі. Тут усё паслядоўна. Майстар-кладаўшчык Алена Папко прымае ад заказчыкаў тканіну, вядзе яе ўлік і адпраўляе на стол да раскройшчыц Кацярыны Коршун і Людмілы Адамовіч. Дакладнасць, уважлівасць, карпатлівасць –  патрабаванні да іх «ювелірнай» работы. Тут важны кожны міліметрык. Ад якасці крою залежыць так званы макет будучага чахла, які пасля складзецца ў аб’ёмны выраб.
Побач не менш адказны этап вытворчага працэсу – раскройка ўнутраных чахлоў. Калі патрабуецца, дэталь адпраўляецца на аверлок.
Наступны прыпынак, куды трапляюць дэталі выкрайкі, – швейны цэх. Раскроены матэрыял расфарміроўваецца паміж шасцю швейнымі брыгадамі. Менавіта тут, шавок за шаўком, – і кавалкі тканіны злучаюцца ў адно цэлае.
Настаўніцтва – адна з добрых традыцый у таварыстве: вопытныя калегі толькі «за», каб падзяліцца сакрэтамі швейнай справы з навічкамі. Таццяна Сяргей, Лілія Уласень, Сафія Ткачэнка, Ганна Татарыновіч – тутэйшыя старажылы, выдатныя майстры.
Калі вы лічыце, што на гэтым этапе вытворчы працэс завяршаецца, памыляецеся. У «Ібіры» высокія патрабаванні да якасці выпускаемай прадукцыі: усё павінна быць зроб-лена ідэальна. Экзамен на якасць прымаюць кантралёры АТК Аксана Варанко і Ганна Жук. Прызнаюцца, рэдка прыходзіцца адпраўляць чахол на дапрацоўку. Гатовая прадукцыя, якая адпавядае высокім патрабаванням заказчыкаў, зноў трапляе на склад, але ненадоўга – хутка адпраўляецца на мэблевую фабрыку. Дарэчы, за месяц у «Ібіры» шыецца больш за 3000 чахлоў на канапы, крэслы, ложкі і іншую мэблю.
А яшчэ тут усе ўмовы для кар’ернага росту. З першых дзён у таварыстве майстар Ірына Юнік. Яна ад «а» да «я» ведае ўсе нюансы тэхналогіі пашыву чахлоў. І не дзіўна – сама ж пабывала швачкай, пасля працавала раскройшчыцай, кантралявала якасць прадукцыі, а з 2012-га стала майстрам.
Фінансавы бок прадпрыемства замацаваны за Наталляй Жабік, яна таксама памятае «Ібіру», якая пачынала рабіць першыя крокі ў бізнес-прасторы.
…Калі ў чарговы раз вы наведаеце мэблевы магазін, а ваш пакупніцкі выбар, напрыклад, канапа ад «Лагуны», ведайце, што многія элементы аздаблення ствараюцца менавіта ў Ляхавічах, у «Ібіры».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Раскройшчыца Кацярына Коршун.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *