Гісторыі кахання знакамітых землякоў

Пра гісторыю кахання вядомых землякоў падчас чарговай сустрэчы з навучэнцамі ЛДАКа гаварылі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі Надзея Кіпель і Таццяна Арлоўская. Прапануем і нашым чытачам некалькі сюжэтаў, якія заварожана слухала зала… Бібліятэкары адшукалі іх у наступных выданнях: “Чорная дама Нясвіжскага замка”, “У часе прасветленыя твары”, “Дзе ж ты, храм праўды?”, “Міхаіл Пташук”, а таксама ў нашай раённай газеце (калі яна называлася “Будаўнік камунізму”). Дарэчы, ладзілася гэта сустрэча з моладдзю напярэдадні Дня закаханых.

Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст

У 16 стагоддзі ляхавіцкія земля перайшлі ў спадчыну да Барбары Радзівіл. Уявіце сабе: маладая, высакародная, заможная, яна да таго ж была вельмі прыгожай і вытанчанай. Барбара ўражвала не толькі землякоў, але і іншаземцаў. Пасол Венецыі адзначаў яе алебастравую скуру, далікатнай формы цудоўныя рукі, дзівосныя вочы колеру ”сапраўднага піва”. Прыгажосць спалучалася з абаяльнасцю і элегантнасцю. Захаваўся партрэт Барбары работы Лукаса Кранаха. Таму не дзіўна, што яна падабалася многім.
Закахаўся ў яе і будучы кароль Польшчы Жыгімонт Аўгуст. Але, як спяваецца: “Жениться по любви не может ни один, ни один король”. Не мог гэта зрабіць і Жыгімонт Аўгуст. Аднак каханне перамагло – кароль тайна абвянчаўся з Барбараю. Калі пра гэта даведалася маці Жыгімонта Бона Сфорца, была яна вельмі раззлавана і абурана. Рабіла захады, каб разлучыць закаханых, а калі гэта не дало вынікаў – атруціла нявестку. Прычым атрута была такой каварнай, што Барбара памірала некалькі месяцаў. Жыгімонт знаходзіўся пры Барбары да апошняга моманту. А пасля яе смерці вельмі сумаваў. Хтосьці расказаў Жыгімонту пра чараўнікоў, якія ўмеюць выклікаць душы мёртвых. Жыгімонт заплаціў ім, каб пабачыць прывід Барбары.
…У напаўцёмнай зале расставілі люстэркі. Караля папярэдзілі, каб ён не рухаўся і нічога не гаварыў. Калі з люстэрка са-праўды выйшла Барбара, Жыгімонт не стрымаўся, кінуўся абняць яе. Пасля гэтага белае аблічча прывіду стала цёмным. Пачуўся страшэнны крык, люстэрка пакалолася. Пасля гэтага прывід стаў з’яўляцца ў замку… Такая вось легенда.

Жаніцьба Рэйтана

Як вядома, Рэйтан так і не ажаніўся. На гэтым можна было б і не засяроджваць асаблівай увагі: не такі ўжо гэта надзвычайны сюжэт. Ды справа ў тым, што на адзіноцтва Рэйтана паўплывала вельмі істотная прычына, звязаная з яго поглядамі.
Калі Тадэвушу было каля дваццаці гадоў, ён паступіў на службу да князя Міхаіла Радзівіла Рыбанькі. Праз некаторы час пасля гэтага і спазнаў каханне, упадабаўшы прыгожую панну Еўлашэўскую. А паколькі прывык дзейнічаць рашуча, справу з жаніцьбай вырашыў не адкладваць. Узяў з сабой аднаго са шваграў – слонімскага харунжага Паўла Есьмана, і паехаў у сваты. Невядома, як бы разгортваліся па-дзеі далей – верагодна, Еўлашэўскія згадзіліся б выдаць дачку за Рэйтана, калі б Тадэвуш не ўбачыў у адным з іх пакояў на сцяне партрэт Пятра І. Гэтага было дастаткова, каб жаніх рэзка і, як выявілася, канчаткова змяніў сваё першапачатковае рашэнне. Абураны тым, што ў доме будучага цесця ўшаноўваюць “маскаля-заваёўніка”, ён адразу пакінуў гасцінных гаспадароў.
Есьман і па дарозе, і па прыездзе дамоў спрабаваў суцешыць Тадэвуша, гаварыў, што нявеста да партрэта не мае ніякага дачынення. Ды Рэйтан быў непахісным: ён не можа быць у сваяцтве з людзьмі, у якіх у пашане ”вораг Бацькаўшчыны”.

Паданне пра Ведзьму

Даўным-даўно на цяперашніх ляхавіцкіх землях жыў князь Рацібор, сын гордай Барыславы. Славілі ляхавіцкага князя па ўсім краі за тое, што ён разбіў у вялікай бітве злых ворагаў-качэўнікаў, якія рабавалі і палілі нашы землі. Падчас святкавання перамогі князь Рацібор даведаўся ад сваіх сяброў-воінаў пра Чараўніцу-Прыгажуню, якая жыве ў лесе ля ракі. Князь Рацібор задумаўся:
— Чаму я ніколі раней не чуў пра Чараўніцу-Прыгажуню? Хто яна, адкуль, і ці сапраўды пры-гажосць яе такая, што кожны страчвае розум?
Устаў ён з-за стала:
— Зараз жа еду да яе.
І захвалявалася старая Барыслава:
— Не трэба, сыне, навошта выпрабоўваць лёс дарэмна? А раптам гэта злая вядзьмарка і навядзе яна на цябе чары? Што будзем мы ўсе рабіць, пазбавіўшыся свайго князя?
Але непахісным было рашэнне Раціборава. Князь з коннікамі доўга блукалі па гушчары, пакуль ля ракі не знайшлі яны маленькую хатку – жытло Чараўніцы-Прыгажуні. Але самой яе нідзе не было. І князь вырашыў чакаць, ды незнарок заснуў. Калі ж адкрыў вочы, перад ім стаяла, схіліўшыся, краса неверагодная. І зразумеў князь, што гэта – лёс яго, што гэта – яго адзінае каханне.
З гэтага часу страціў галаву князь Рацібор. Глядзеў ён на вояў сваіх з суровымі тварамі, пасечанымі ў баях, а бачыў пяшчотнае Чарнавіна аблічча. Слухаў звон зброі ды конскае ржанне, а чуў ціхі ласкавы голас красуні. Усё часцей стаў знікаць Рацібор у лесе.
І страшна стала мудрай Барыславе, бо зразумела яна, што калі захоча, стане Чараўніца-Прыгажуня гаспадыняй над сынам яе, і скончыцца тады час улады Барыслававай. І рашыла Барыслава знішчыць Чараўніцу-Прыгажуню. Падгаварыла на гэта воінаў з дружыны князя.
Цёмнай ноччу тры маўклівыя коннікі пад’ехалі да хаты Чараўніцы-Прыгажуні. Яны ўвайшлі з пустымі рукамі, а выйшлі з цяжкай ношай у мяшку. Толькі хвалі ракі ды месяц былі сведкамі чорнай справы іх…
Сярод ночы ўскочыў з ложка князь Рацібор. У цішыні здалося яму, што паклікаў яго самотны голас каханай. І ўскочыў у сядло Рацібор у хваляванні вялікім і адчуванні надыходзячай бяды. Выбегла Барыслава, ды ўпала, забілася ля сына, заклікаючы яго спыніцца. Але сцебануў каня князь, той панёс яго да знаёмай лясной хаткі. Ён адразу ўсё зразумеў, калі ўбачыў на падлозе змятую хустку ды разарваныя рабінавыя пацеркі. Ногі самі прывялі яго да ракі. І схіліўся князь над хуткай плынню.
І тады здалося яму: зашаптала нешта голасам Чарнавы рачная вада. Ён зрабіў толькі адзін крок наперад. І не было нават усплеску. Быццам у абдымкі каханай прыняла яго рака.
…Нясе свае воды праз горад Ляхавічы невялікая рака. З даўніх часін называюць яе Ведзьмай. Кажуць, калі доўга стаяць ля вады, добра прыслухоўвацца, можна пачуць ціхі пяшчотны шэпт двух галасоў: жаночага і мужчынскага. Яшчэ кажуць: тых, хто пачуе гэты шэпт, куды б іх пасля ні занесла жыццё, заўсёды будзе цягнуць сюды, на радзіму. Гэта таксама, як усё жывое на зямлі цягнецца да сонца і цяпла.

Паўліна Мядзёлка і Янка Купала

Каханую дзяўчыну Янкі Купалы звалі Паўліна Мядзёлка. Лёс склаўся так, што ў 1918 годзе яна прыязджае працаваць настаўніцай у вёску Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна. Паўліна шчыравала ў школе, а пасля заняткаў ішла або ехала ў вёскі, сустракалася з сялянамі, вяла гутаркі, чытала творы, ставіла спектаклі. Яна ўнесла значны ўклад у развіццё Мядзведзіцкай школы, увогуле яна стаяла ля вытокаў беларускіх школ у нашай краіне.
З Янкам Купалам Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася яшчэ раней, у 1908 годзе, у Вільні. Зусім юная, яна прыйшла да знаёмых, а дзверы ёй адчыніў незнаёмец, які стаў жартаваць, пытаць, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Дзяўчына, даведаўшыся, што сустрэлася з паэтам Купалам, расчаравалася – “звычайны хлопец, які вядзе такую несур’ёзную гутарку”…
Зноў лёс зводзіць Паўліну Мядзёлку і Янку Купалу ў 1913 годзе, калі была пастаўлена неўміручая п’еса Купалы “Паўлінка”. Лічаць, што менавіта Паўліна Мядзёлка стала прататыпам галоўнай гераіні. Яна ж бліскуча сыграла галоўную ролю ў п’есе. Ёй жа, Паўліне Мядзёлцы, Купала прысвячае паэму “Бандароўна”.
Аднак пра тое, што звязвала Паўліну і славутага песняра – каханне ці проста сяброўства – гісторыкі спрачаюцца да гэтага часу. Сама Мядзёлка ўспамінала, што аднойчы Купала падышоў да яе з прапановай:
— Паўлінка, давай мы з табою пажэнімся.
На што дзяўчына ласкава адказала:
— Яначка, я цябе люблю як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай… Я кахаю іншага, які ніколі не будзе маім мужам.
Праўда, многія літаратуразнаўцы паставілі гэты дыялог пад сумненне, бо прыблізна ў гэты час быў апублікаваны верш класіка, прысвечаны будучай жонцы Ула-дзіславе Станкевіч. Даведаўшыся пра гэта, Паўліна моцна раззлавалася.
Хоць Паўліна Мядзёлка і Янка Купала і не звязалі свае лёсы, але іх асабістае жыццё было ў нечым падобным. Паэт прысвяціў жыццё толькі адной жанчыне – Ула-дзіславе, якая стала яго жонкай. Паўліна таксама замужам была адзін раз. У Мядзёлкі, як і ў Купалы, не было дзяцей.
А ці было паміж Янкам Купалам і Паўлінай Мядзёлкай сапраўднае каханне ці гэта проста прыгожая легенда, — дакладнага адказу няма.

Міхаіл і Лілія Пташукі

Наступная гісторыя магла б стаць сюжэтам рамантычнага фільма, накшталт сучасных тэлесерыялаў пра каханне. Гэта і не дзіўна, таму што галоўным героем гэтай гісторыі з’яўляецца чалавек, які сам ствараў кіно. Гэтага рэжысёра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Ён нарадзіўся на ляхавіцкай зямлі ў вёсцы Федзюкі.
Вы ўжо мабыць здагадаліся, што размова – пра Міхаіла Пташука.
У яго жыцці была толькі адна каханая, якая і стала яго жонкай. А пачыналася ўсё так. Будучы яшчэ трэццякурснікам Маскоўскага тэатральнага вучылішча, Міхаіл Пташук паехаў на практыку ў Астрахань. Аднойчы вечарам ён убачыў на вуліцы вельмі прыгожую дзяўчыну. Пазней ён прызнаўся, што ў той час адчуў нешта падобнае на ўдар маланкі і адразу зразумеў: гэта і ёсць яго каханне, яго лёс. Назаўтра Міхаіл зноў убачыў незнаёмку на вуліцы і на гэты раз ужо не адпусціў. Дзяўчыну звалі Лілія. Яна вучылася ў 10 класе. Міхаілу ж было 21. Мама Ліліі да рамана дачкі ставілася насцярожана, і Міхаіл імкнуўся заваяваць яе давер: часта прыходзіў да Ліліі дадому, вёў размовы з яе мамай на розныя тэмы. Напрыканцы практыкі, ад’язджаючы ў Маскву, Міхаіл афіцыйна папрасіў у Лілінай мамы рукі яе дачкі і… атрымаў адказ. “Спачатку трэба стаць на ногі!” – сказала Ліліна мама. Але рэжысёр не здаўся. Ён прыязджаў да Ліліі ў Астрахань, яна да яго ў Маскву. Праз год Міхаіл паўтарыў сваё сватанне. На гэты раз і Лілія, і мама здаліся. Так прыгожа пачалося каханне Міхаіла і Ліліі, якое яны пранеслі праз усё жыццё. Разам яны пражылі 35 гадоў, але заўчасная смерць абарвала жыццё знакамітага рэжысёра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *