З азіміны паша – і малако наша

У СВК «Шлях новы», як нідзе ў іншых гаспадарках, строга па вясновым раскладзе вырасла густая азіміна. Іменна тыя ўсходы, якія прызначаны на выпас грамадскага статка, радуюць вока, ды і травы тут набіраюць сілу. Карацей кажучы, усё складваецца, як у добрага гаспадара.

Старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Вашчук, разам са спецыялістамі пралічыў, што пакуль статак будзе пасвіцца на азіміне, падаспеюць травы. Згодна тэхналогіі, якая не дапускае перапынку ва ўжыванні жывёлай зялёнага корму, статак будзе паспяхова пераведзены на пашавае ўтрыманне. Як расказаў загадчык Навасёлкаўскага жывёлагадоўчага комплексу Сяргей Шыбкоўскі, гэта справа не вельмі простая.

Напрыклад, на зялёнай пашы павінна абавязкова прысутнічаць і сена, каб разам з сакавітай травой жывёла спажывала дастатковую колькасць клятчаткі. Страўліваць азіміну пачалі высокапрадукцыйным каровам, якія, дарэчы, за 2 дні павялічылі надой на 200 літраў. Сёння ўжо пасвіцца ўвесь малочны статак, у тым ліку і той, што ўтрымліваецца на вялікалотаўскай ферме.

Аднак, пераход на пашавае ўтрыманне ўключае ў сябе і шмат іншых мерапрыемстваў, у вартасці якіх таксама можна пераканацца на прыкладзе СВК «Шлях новы». Напрыклад, размяшчэнне пашы, у тым ліку і шматкампанентнай, непадалёку ад памяшканняў фермаў. Відавочны і эфект ад выкарыстання даільных установак УДС, якія даюць магчымасць кругласутачна ўтрымліваць статак на пашы, а ў гэты час рыхтаваць фермы да зімоўкі і, што асабліва актуальна сёння, — спакойна весці запланаваную рэканструкцыю памяшканняў.

У гаспадарцы адказныя  жывёлаводы, створаны найлепшыя ўмовы работы для пастухоў: усе забяспечаны спецадзеннем, зроблены арыгінальныя домікі, дзе можна адпачыць ці схавацца ад дажджу. Аплата працы пастаўлена ў залежнасць ад колькасці і якасці атрыманай прадукцыі.

У «Шляху новым» пашавы перыяд для грамадскага статка пачаўся. А як у іншых сельгаспрадпрыемствах раёна? Сітуацыю пракаменціраваў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў:

— Пакуль што гэта адзіная гаспадарка ў раёне, якая паспяхова, з захаваннем усіх патрабаванняў і, ужо можна сказаць, эфектыўна перайшла на пашавае ўтрыманне жывёлы. Я не ўлічваю СВК «Ліпнянка» (Свяціцкая МТФ), дзе таксама выгналі  кароў на яшчэ слабы травастой з-за таго, што тут не хапіла кармоў. Наогул жа, асноўная прычына знаходжання жывёлы пад дахам заключаецца ў тым, што амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах запланаваныя і пасеяныя для вясновага страўлівання статка гектары азіміны  «эканомяцца».

Гэты памылковы падыход многіх кіраўнікоў і спецыялістаў можа адбіцца недаборам малака, асабліва сёлетняй вясной, калі з-за халадоў няма актыўнага росту травастою. А ёсць і такія сельгаскааператывы, дзе і спадзявацца нельга на хуткую пашу, бо не працавалі з залужэннем і перазалужэннем шматкампанентных траў. На жаль, такое становішча ў СВК «Жарабковічы»: шмат гадоў тут не ўдзяляецца ўвага арганізацыі высокапрадукцыйнай пашы. У гэтай гаспадарцы па традыцыі летам будуць карміць жывёлу сіласам, якога тут назапашваюць шмат.

Не займаліся падрыхтоўкай пашы ў ЗАТ «Белпрампрыбор», больш дэталёва трэба падыходзіць да вырашэння праблемы ў СВК «Тальмінавічы», хоць у гэтай гаспадарцы абстаноўка паляпшаецца. Спадзявацца на добры травастой можна жывёлаводам ДП «Нача» і, зразумела, СВК «Ляхавіцкі», дзе штогод маюць шматкампанентную дагледжаную пашу і пастаянна клапоцяцца пра новы травастой.

Літаральна днямі на базе СВК «Шлях новы» адбыўся семінар-вучоба кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў раёна, на якім ішла размова пра падрыхтоўку і пачатак пашавага ўтрымання жывёлы. На канкрэтных прыкладах  прадэманстравана эфектыўнасць гаспадарання, калі прадуманы ўсе нюансы арганізацыі  найбольш прадукцыйнага пашавага ўтрымання жывёлы — ад пафарбаванай у белы колер бочкі для дастаўкі вады (каб не надта награвалася на сонцы) да мер маральнага і матэрыяльнага стымулявання працы жывёлаводаў. Напэўна, некаторыя пастараюцца пераняць тыя         ці іншыя моманты. Але для многіх адна праблема так і застанецца: на пустой пашы шматкампанентныя травы самі па сабе не вырастуць.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *