Ячэйка грамадства са шчасцем у множным ліку. 15 мая — Дзень сям’і

Шчаслівая сям’я – моцная сям’я. І чым больш у ёй любячых сэрцаў і клапатлівых рук, тым яна больш трывалая ў жыцці, больш на Дзень сям’ідзейная, пяшчотная і дарагая. У нашым раёне 377 сем’яў маюць статуснае вызначэнне «шматдзетныя». Але і ў шматдзетнасці існуе адноснасць. Як вам такая статыстыка: у чатырох сем’ях нашых землякоў па шасцёра непаўналетніх дзяцей, у сямнаццаці – па пяцёра, у пяцідзесяці васьмі растуць, выхоўваюцца, набіраюцца розуму,  спазнаюць, што такое «дрэнна» і што такое «добра» па чацвёра хлопчыкаў і дзяўчынак. Астатнія шматдзетныя бацькі багатыя на траіх дзетак.
Больш за ўсё ячэяк грамадства з  аптымістычнай дэмаграфіяй у Жарабковіцкім сельсавеце – 49. Па 33 шматдзетныя сям’і – у Крывошынскім і Навасёлкаўскім сельсаветах, а ў райцэнтры – аж 160. Як паведаміла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі ТЦСАН і старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, шматдзетныя сем’і землякоў знаходзяцца пад клапатлівым патранатам сацыяльнай службы, яны адчуваюць важкую дзяржаўную падтрымку.
Літаральна ў Дзень сям’і, 15 мая, у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрошаны шматдзетныя сем’і, якія гэты статус атрымалі сёлета.
Як паведаміла загадчыца аддзела загса райвыканкама Вольга Новік, сёлета тут зарэгістраваны 31 шлюб. Дзвюм самым маладым нявестам не споўнілася яшчэ і 18 гадоў. А самаму маладому жаніху – 19. Наогул жа, сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у мужчын – 34 гады, у жанчын – 31. Такая вось вясельная статыстыка.
А што датычыць сямейнага папаўнення, то сёлета ў загсе пасведчанні аб нараджэнні атрымалі бацькі 29 дачушак і 33 сынкоў.
Дарэчы, самымі моднымі жаночымі імёнамі, якія давалі нованароджаным дзяўчынкам, сталі Анастасія, Сафія, Аляксандра, Ганна і Дар’я. З’явіліся ў гэтым спісе Агата, Васіліса, Дана, Рэната, Стэфанія, Яраслава, Аміна і г.д. Канешне, засталіся прыхільніцы Варвар, Вер, Марый, Ксеній, Кацярын. А хлопчыкаў часцей за ўсё бацькі называлі Раманам, Арцёмам, Максімам, Мікалаем. У модзе імёны Дзмітрый, Макар, Міхаіл, Станіслаў, зрэдку ў пасведчаннях аб нараджэнні запісваюць імёны Андрэй, Уладзімір, Герман, Давід, Дзям’ян, Ягор, Кірыл, Павел, Мацвей, Сяргей. І гэта, натуральна, не ўвесь «трэндавы» спіс.
Самае галоўнае, каб маладыя сем’і бераглі прыгожае пачуццё, якое прывяло іх у загс. Яшчэ больш важным з’яўляецца тое, каб усе дзеці ва ўсіх сем’ях раслі ў шчасці, клопаце любячых бацькоў, у іх пяшчоце і любві.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *