Дзякуй за мір! Беларусь адсвяткавала 73-ці Дзень Перамогі. Ніхто не забыты, нішто не забыта /фота/

 

Ляхавічы. 8-9 мая 2018 года.

Калі б можна было змераць пачуцці беларусаў, што ў 73-ці Дзень Перамогі перапаўнялі сэрцы кожнага, іх хапіла б на новую зорку – удзячнасці, пашаны, памяці пра подзвіг  і пра герояў, пра тых, хто выстаяў  і перамог, здабыў самы дарагі падарунак для Радзімы, для суайчыннікаў, для ўсіх будучых пакаленняў – мір, а значыць – жыццё.
І калі гэтыя пачуцці ёсць у сэрцы,  можна не сумнявацца: працягваецца  ў часе і ў прасторы веліч Подзвігу, якому няма цаны.

Сталіца нашай радзімы горад-герой Мінск святкаваў Дзень Перамогі ўрачыста, узнёсла і прыгожа. Па традыцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая ўсклаў вянок да манумента Перамогі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Беларускі народ, перажыўшы многія войны, беражліва захоўвае такія простыя і зразумелыя кожнаму чалавеку каштоўнасці: шчасце сустракаць мірнае світанне, удыхаць водар гарачага хлеба, адчуваць цяпло любімых рук, чуць звонкі смех дзяцей і марыць пра іх будучыню.
Мы ведаем цану свабоды і незалежнасці. Таму з такім хваляваннем ставімся да гісторыі, так старанна адстойваем прынцыпы справядлівасці, сумленнасці і роўнасці».
Прэзідэнт падкрэсліў: «Кожны год, адзначаючы Дзень Перамогі, мы ўспамінаем не толькі страшны час ваеннага ліхалецця, але і тое, якіх намаганняў каштавала падняць з руін наш Мінск, усю Беларусь пасля разрухі. Бачым, якой моцнай і незалежнай яна стала сёння. Разумеем, якое гэта шчасце – жыць і гадаваць дзяцей пад мірным небам.
І дакладна ведаем, што кожны пражыты намі дзень – гэта бясцэнны дар усіх, хто набліжаў Вялікую Перамогу».
Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння афіцыйнай часткі цырымоніі на плошчы Перамогі з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі і іншымі жыхарамі і гасцямі сталіцы, якія прыйшлі на мерапрыемства, адказаў на пытанні журналістаў.
Уся Беларусь салютавала Перамозе і пераможцам.

Брэст.

Каля 30 тысяч чалавек прынялі ўдзел у святочным мітынгу ў Брэсцкай крэпасці, прысвечаным Дню Перамогі. Кіраўніцтва вобласці і Брэста, дэпутаты, ветэраны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь, а таксама госці абласнога цэнтра ў легендарнай цытадэлі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, ушанавалі памяць герояў мінутай маўчання. Па плошчы цырыманіялаў прайшлі ўрачыстым маршам воіны Брэсцкага гарнізона, пагранічнікі, супрацоўнікі МНС, навучэнцы кадэцкіх класаў, удзельнікі усебеларускай акцыі «Беларусь помніць» з партрэтамі сваіх продкаў – удзельнікаў вайны.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс падкрэсліў, што хаця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца менш, але ўсе салдаты Перамогі застаюцца ў памяці нашчадкаў, і яскравае пацвярджэнне гэтага – акцыя «Беларусь помніць». «У Брэсце яна сабрала каля 9 тысяч чалавек рознага ўзросту. Подзвіг ветэранаў бясцэнны. Гэта прыклад сапраўднай мужнасці і любві да радзімы», – сказаў кіраўнік вобласці. Губернатар дадаў, што сённяшнее пакаленне абавязана забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы для жыцця ветэранаў, быць уважлівымі да іх, таму што ветэраны маюць патрэбу ў штодзённым клопаце і дапамозе. І напомніў: усе мы ў неаплатным даўгу перад пакаленнем пераможцаў.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Ляхавічы.
Заліты сонечным святлом, упрыгожаны сцягамі, у арнаменце бэзава-чаромхавай квецені пад блакітна-мірным небам – такім наш горад сустрэў 73-ці Дзень Вялікай Перамогі.
Урачыстасці, прымеркаваныя да свята, у Ляхавіцкім раёне пачаліся напярэдадні. На Кургане Славы 8 мая адбыўся мітынг. Да помніка тут ускладзены гірлянды, вянкі, кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў.
Ушанавалі подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў кожным сельсавеце, каля помнікаў і абеліскаў праведзены мітынгі, марафоны памяці.
Па традыцыі напярэдадні стартавалі мотавелапрабегі ў гонар Дня Перамогі. А на плошчы Леніна райцэнтра моладзь арганізавала флэшмоб.
Задоўга да пачатку мітынгу 9 мая на плошчу Перамогі ішлі нашы землякі. Маладыя і сталыя, у цывільным адзенні і ў ваеннай форме і ўсе, як адзін, са шчырай радасцю ў душы, узрушаныя і ўрачыстыя. У цэнтры ўвагі, зразумела, дарагія ветэраны. Іх нямнога – тых, хто ваяваў, хто паспытаў жахі фашысцкіх канцлагераў, хто быў сведкам і ўдзельнікам самай страшнай з войнаў. Кветкі, віншаванні і бязмежная ўдзячнасць за мір – ім, шаноўным і паважаным.
Кранаюць душу шчымлівыя словы вядучых, светлая мелодыя напаўняе сэрца адначасова радасцю і смуткам. Мітынг «Мінулых гадоў святая памяць» у Ляхавічах пачаўся ўскладаннем да помніка на плошчы Перамогі вянкоў і кветак – ад раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, удзельнікаў духоўна-патрыятычнага велапрабегу, прысвечанага 73-й гадавіне Перамогі.

Са словамі віншаванняў да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, землякоў, гасцей горада звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ён падкрэсліў, што свята Вялікай Перамогі –
асаблівае, галоўнае ў кожнай сям’і, а подзвіг народа, які выратаваў свет ад фашызму, непадуладны часу. Нізкі паклон ветэранам за гераізм, жыццёвую мудрасць і за шчасце жыць пад мірным небам!
Землякоў шчыра павіншваў і старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць.
Пакуль мы помнім, яны жывыя, усе героі, якія ваявалі за мір. Рэспубліканская акцыя «Беларусь помніць» знайшла водгукі і ў сэрцах ляхавічан. Дарослыя і дзеці з партрэтамі сваіх родных і блізкіх – удзельнікаў Вялікай Айчыннай, якіх ужо няма ў жывых, сталі ў адну калону. Дзясяткі салдатаў той вайны, што змагаліся за Радзіму і чые сэрцы ўжо не б’юцца, вобразна кажучы, прынялі ўдзел у мірным шэсці ў гонар Перамогі.
У руках палкоўніка запасу Алега Пятровіча партрэт дзеда жонкі – старшага сяржанта Сцяпана Сёмы, які ваяваў з першага да апошняга дня вайны:
– Для мяне, маёй сям’і, як і для ўсіх баларусаў, Дзень Перамогі – свяшчэннае свята, даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ветэранам за мір, за свабоду, за незалежнасць. Для салдатаў і афіцэраў Узброеных Сіл суверэннай Беларусі ветэраны заўжды – прыклад мужнасці і гераізму.
– Прыйшоў з партрэтам свайго прадзеда Антона Шэйды. Ён памёр да майго нараджэння. Але ад бацькі і бабулі ведаю, што прадзядуля ваяваў на Карэльскім фронце, – расказвае 12-гадовы ляхавічанін Ягор Навагран.
А потым была хвіліна маўчання – хвіліна памяці. Тых, чые прозвішчы вядомыя, і герояў невядомых. Маладое пакаленне памятае і шануе подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Немагчыма глядзець без слёз, як хлопчык уручае цюльпаны сівому чалавеку з медалямі і няўрымсліва, па-дзіцячы шчыра дзякуе за Перамогу.

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч аб’явіў падзяку Руслану Казлову.

Час пацвярджае: у ветэранаў вырасла дастойная змена, а ў жыцці заўжды ёсць месца подзвігу. Наш зямляк з Альхоўцаў Руслан Казлоў, які працуе зваршчыкам у камунгасе, ні секунды не вагаўся – кінуўся ў ахоплены пажарам дом і, рызыкуючы сабой, вынес з агню пажылую аднавяскоўку.
– Прыбегла жонка і расказала, што гарыць дом бабы Наташы. Адразу памчаўся туды. Дзверы зачынены. Выбіў шкло, знайшоў непрытомную жанчыну і вынес яе. Ніякі гэта не подзвіг, думаю, так паступіў бы кожны мужчына, – упэўнены Руслан. А яго жонка і тры дачушкі лічаць: муж і бацька – герой. І гэта, дарэчы, меркаванне не толькі сям’і. У час мітынгу старшыня райвыканкама аб’явіў падзяку мужнаму Руслану Казлову і ўручыў падарунак.
А потым у раўненні на ветэранаў парадным строем па плошчы прайшлі вайскоўцы Узброеных Сіл.
Затым святкаванні перамясціліся на стадыён «Колас». На імправізаванай сцэне ў дэкоры ваенных гадоў пачалася тэатральна-музычная кампазіцыя «Вечны ваш подзвіг у сэрцах пакаленняў». Над горадам загучалі ў выкананні самадзейных артыстаў любімыя многімі пакаленнямі песні. Аматарам спорту і здаровага ладу жыцця даспадобы прыйшлася адкрытая да 9 Мая варкаўт-пляцоўка. Не меншую цікавасць выклікалі спартыўныя спаборніцтвы.
Пастаралася райпо – было што купіць, чым пачаставацца, дзе пасядзець. Многія з задавальненнем каштавалі традыцыйную салдацкую кашу і адзначалі яе неверагодны смак. Хапала забаў і для дзятвы.
Тым часам у кінатэатры «Кастрычнік» дэманстраваўся фільм «Снайпер», а ў ГДК удзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна» паказалі музычную тэатралізацыю «У вайны не жаночы твар».
Было безліч імгненняў, напоўненых любоўю і пашанай да пакалення пераможцаў, гонарам за подзвіг. І асабліва адчувалася наша адзінства, калі дружна-многагалосна загучала над начным горадам: «Этот День Победы порохом пропах, это праздник с сединою на висках …».

 

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА, Маргарыты КУХТА.

Больш фота тут і  тут 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *