Агульны інтарэс

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбылося 14 мая ў Сочы. На саміт прыехалі прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і прэм’ер-міністр Арменіі. У якасці госця быў запрошаны Прэзідэнт Малдовы, і невыпадкова – на Вышэйшым савеце было прынята рашэнне аб наданні гэтай краіне статусу дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС. У цэлым падчас перагавораў у вузкім і пашыраным складах было разгледжана 14 пытанняў, у тым ліку праект пагаднення аб міжнародных дагаворах з іншымі краінамі ці аб’яднаннямі, рэалізацыя лічбавай павесткі ЕАЭС і асноўныя кірункі міжнароднай дзейнасці. На пасяджэнні таксама былі абмеркаваны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў на 2018-2019 гады, лібералізацыя асобных сектараў паслуг на прасторы саюза.
Выступаючы на пасяджэнні, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «За мінулыя тры з паловай гады з дня ўступлення ў сілу дагавора (аб Еўразійскім эканамічным саюзе. – Заўвага БЕЛТА) праведзена вялікая работа па пытаннях міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Аднак эфектыўнасць праводзімых мерапрыемстваў усё яшчэ жадае быць лепшай».
Паводле слоў Прэзідэнта, многія дамоўленасці застаюцца па-ранейшаму нерэалізаванымі. «Першапачаткова саюз ствараўся як структура для выключна эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжвалася выбудаваць сістэму раўнапраўных рыначных адносін. Але ў гандаль рэгулярна ўмешваецца палітыка. Інтарэсы асобных таваравытворцаў перыядычна ставяцца вышэй за прынятыя намі рашэнні. Гэта ідзе ўразрэз з нашымі дамоўленасцямі», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
«Адзіны станоўчы момант – гэта тое, што мы, нарэшце, разам задумаліся над стварэннем перспектыўных механізмаў не толькі ўрэгулявання спрэчак, але і іх прадухілення», – сказаў беларускі лідар.
У ЕАЭС важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, а таксама паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў.
«Трэба ў гэтай няпростай сітуацыі, калі робіцца націск звонку на саюз, нарэшце арганізавацца, з’яднацца і, зрабіўшы пэўныя вывады, атрымаць інтарэс для нашых краін», – падкрэсліў беларускі лідар.
У Сочы Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з лідарамі краін ЕАЭС і прэзідэнтам Малдовы.
Потым Прэзідэнт Беларусі прыбыў з афіцыйным візітам у Таджыкістан.
Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона праходзіла ў Душанбэ 15 мая. Цырымонія афіцыйнай сустрэчы адбылася на плошчы перад цэнтральным уваходам у Палац Нацыі.  Затым прайшлі перагаворы лідараў дзвюх краін у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *