Салютуе Надзея. 19 мая – Дзень піянерскай дружбы

Для многіх пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак 19 мая – асаблівая дата. 96 гадоў назад у вялікай краіне нарадзіўся піянерскі рух, які стаў неад’емнай і незабыўнай часткай іх жыцця – вясёлага і змястоўнага, напоўненага цікавымі і карыснымі справамі.
І сённяшнія беларускія школьнікі з гонарам носяць чырвона-зялёныя гальштукі, клапоцяцца пра тых, каму патрэбна дапамога, трымаюць сваё слова і адказна ставяцца да даручаных спраў.
Дзень піянерскай дружбы разам з тысячамі піянераў адзначае сёння і дружына Малагара-дзішчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і педагог-арганізатар Надзея Лапіч (на здымку).

У «піянерскай» Малагарадзішчанскай школы заўсёды гаманліва і весела, нават калі празвінеў званок з апошняга ўрока. Тут вучняў чакае піянерважатая Надзея Лапіч. Для яе гэты навучальны год першы ў якасці педагога-арганізатара, але ён такі багаты на ўражанні, эмоцыі, шчаслівыя падзеі, неверагодных людзей, з якімі пазнаёмілася, і, канешне…

– На дзетак – шчырых, таленавітых, адказных, якіх даўно называю сваімі і не ўяўляю без іх жыццё. Гэтыя непаседы вучаць многаму і педагога: шчырая дзіцячая душа, з ёй немагчыма быць раўнадушным, – расказвае Надзея.
Яна на адной хвалі са сваімі падапечнымі. У іх столькі агульных спраў, задум, мар, планаў. Можна толькі пазайздросціць. Літаральна ў красавіку іх агітбрыгада стала пераможцам у абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад «Запалі касцёр дабра» ў намінацыі «Бітва за Беларусь».
Шасцікласніка Ягора  Пляшэвіча пры ўспамінах пра конкурс проста захлынаюць эмоцыі:
– Мы так рыхтаваліся, так стараліся паказаць усё, на што здольна наша агітбрыгада, нават пра спаборніцтва забыліся. Можа таму і перамаглі: хацелі проста перадаць тое, што адчуваем. Тэмай нашага выступлення была Вялікая Айчынная вайна. Проста не маглі паверыць, што сталі лепшымі ў вобласці.
Надзея Лапіч у піянерскім руху навічок, але складанасцей са сваёй камандай не адчувае.
– Дай ім імпульс – яны ў імгненне закідаюць цябе ідэямі. З дзецьмі трэба працаваць, абавязкова давяраць ім і, канешне, любіць, – пераканана Надзея.
Іх піянерская дружына носіць імя Мікалая Іванавіча Цацына. Малагарадзішчанскія піянеры з гонарам расказваюць пра героя Вялікай Айчыннай, які адвёў палаючы самалёт далёка ад Альхоўцаў і выратаваў жыццё многім вяскоўцам.
Піянеры часта наведваюць былога непаўналетняга вязня фашызму Яўгенію Кудзіну. Гасцям у чырвона-зялёных гальштуках яна заўсёды рада, тым больш, што яны і парадак на двары навядуць, і дровы ўпарадкуюць, і на агародзе пашчыруюць.
Іх піянерская сям’я – гэта 34 непаседлівыя, нераўнадушныя чамучкі, якім, у добрым сэнсе, да ўсяго ёсць справа. Гэта і 26 акцябрат – маленькіх, але такіх актыўных, зацікаўленых у справах дружыны.
– Піянер – першы, лепшы, ён прыклад. Для акцябрат, для сваіх сяброў, нават дарослых. Прыклад адносін да блізкага, сваёй зямлі, сваёй справы, – упэўнена старшыня піянерскай дружыны Дар’я Наскавец.
У лютым яна прадстаўляла піянерскую дружыну ў раённым конкурсе «Лідар года-2018» і атрымала дыплом ІІ ступені. Асаблівай увагі заслугоўвае праект па стварэнні інавацыйна-адукацыйнай экскурсіі з выкарыстаннем кадзіравання інфармацыі праз QR-код. Гэта значыць кожнай гістарычнай каштоўнасці будзепрысвоены код, праз які можна трапіць на інтэрнэт-старонку з інфармацыяй пра яе. Пагадзіцеся, зручна. Наш век нельга ўявіць без інфармацыйных тэхналогій, чаму б не стварыць адукацыйныя падарожжы, выкарыстоўваючы ўсе інавацыі, падумалі малагарадзішчанскія піянеры. І плануюць у наступным годзе  рэалізаваць сваю ідэю і паклікаць з сабой на «кодавую» экскурсію.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

One thought on “Салютуе Надзея. 19 мая – Дзень піянерскай дружбы

  • 22/05/2018 в 09:28
    Permalink

    Дети любят молодых педагогов, особенно, когда они общаются с ними на равных. Тогда идет легче диалог между учителем и учеником. Дети чувствуют, когда к ним относишься искренне и с добротой. Вижу, что Надежда целиком и полностью отдаётся работе и детям, поэтому и высокие результаты, поэтому и признанна детьми. Школе надо гордиться, что имеет такого педагога. Удачи Надежде во всех начинаниях, ну и побольше заработной плате=)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *