Грубыя, але любыя. Якія яны, сёлетнія травы ў Ляхавіцкім раёне , у плане ўраджайнасці

Для галоўнага агранома ДП «Нача» Леаніда Ксёнжыка, брыгадзіра паляводчай брыгады Таццяны Кудравец, як і для ўсіх аграрыяў, касавіца –
асабліва гарачая пара.

І грубыя, і любыя – гэта пра кармы для буйной рагатай жывёлы. Пра сена і сянаж, у прыватнасці, якія класіфікуюцца як грубыя. Без іх не ўяўляецца магчымым вядзенне жывёлагадоўлі. Зараз іменна іх сезон, а тэхналогія нарыхтоўкі не церпіць грубасці. Канешне, калі мэтай з’яўляецца закладка корму неабходнай колькасці і патрэбнай якасці.
Уборку траў гаспадаркі раёна пачалі нават не ўчора – першыя пракосы зроблены ў сярэдзіне месяца. На тое май, вядомы яшчэ і пад куды больш красамоўнай назвай травень.
Якія яны, сёлетнія травы, у плане ўраджайнасці? Маглі б быць і лепшымі, адзначылі ў райсельгасхарчы. Напрыклад, адсутнасць дажджоў у дакасавічны перыяд не магла не сказацца на травастоі. І траў злакавай групы, якія першымі трапілі пад касу, і бабовых, фаза ўборачнай спеласці якіх прыйшла некалькі пазней. У райсельгасхарчы звярнулі ўвагу на выключную важнасць тэмпаў уборкі. Чым хутчэй будзе завершана з першым укосам, тым раней вырасце атава і пачнецца яе ўборка. З такім разлікам, каб другая касавіца не ўступіла ў спрэчку з уборкай збожжавых. Іншымі словамі, зялёнае жніво павінна быць завершана да моманту старту жніва. Да таго ж, прамарудзіць з касавіцай азначае дапусціць перарост траў і, як працяг, страту ў якасці закладзенай на захоўванне зялёнай масы.
А фундамент усяму – якасць. Гаворка вядзецца пра закладку сянажнай масы ў так званыя курганы. Толькі спосабам «у траншэі», пры ўмове іх ашчаднай папярэдняй падрыхтоўкі і выканання ўсіх нюансаў тэхналогіі закладкі. Адным з патрабаванняў і адной з умоў атрымання якаснага прадукту з’яўляецца выкарыстанне кансерванта падчас закладкі сянажнай масы. Для павелічэння спецыялізаваных складскіх магутнасцяў у раёне запланавана пабудаваць больш за дзясятак новых кармавых траншэй на 2-2,5 тысячы тон кожная. Няпростая задача, да выканання якой прыступілі ўжо, у прыватнасці, СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Сянаж, спрасаваная ў рулоны і ўпакаваная ў палімерны матэрыял сянажная маса ўяўляюць сабой больш дарагі, але і асабліва якасны канчатковы прадукт. Выкарыстаць такую тэхналогію ў раёне могуць не ўсе гаспадаркі. Патрэбным абсталяваннем узброены «Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Белпрампрыбор», «Жарабковічы», каледж і райаграсэрвіс. Апошнія, дарэчы, дапамаглі ДП «Нача». На ўзаемавыгадных, трэба думаць, умовах прэс-абмотчык адкрытага акцыянернага таварыства адпрацаваў некаторы час на касавічным палетку дзяржпрадпрыемства. Паспеў пашчыраваць прыкладна на 26 зялёных гектарах. Вынікам сталі 156 тон сенажу, нарыхтаванага па   «плёначнай» тэхналогіі. Што ў адплату за аказаную паслугу? Начаўскія аграрыі дапамаглі райаграсэрвісу ў правядзенні ворыўных работ. У самым літаральным сэнсе – адаралі. «Нача», увогуле, сярод тых корманарыхтоўшчыкаў раёна, у чый адрас з райсельгасхарчу гучаць толькі добрыя словы і выстаўляюцца высокія ацэнкі. Апроч рулонаў, прадпрыемства завяршыла закладку адной – больш за 2 тысячы тон – сянажнай траншэі, адкрыла работы на другой.
– Заслуга ўсяго калектыву, – адзначыў у гэтай сувязі галоўны аграном прадпрыемства Леанід Ксёнжык.
Пра планы раённых корманарых-тоўшчыкаў можна меркаваць па лічбах: з першага ўкосу пажадана «ўзяць» 2,2 тысячы тон сена і ў межах 50 тысяч тон сенажу. На пытанне, наколькі гэта магчыма, у райсельгасхарчы адказалі: магчыма, але трэба вельмі пастарацца. Што ж, без старання ў сельскай гаспадарцы не атрымаецца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *