Дзень героя

Бадай, галоўнае, найбольш шчырае і асабліва шчымлівае свята — 9 Мая. Дзякуючы  подзвігу абаронцаў-герояў, неба гэтага вялікага дня — яснае, пачуцці — светлыя, настрой — яскравы.

Чараду афіцыйных урачыстасцяў, прысвечаных 67-й гадавіне Вялікай Перамогі, у нашым раёне адкрываў мітынг «Пераможцу-салдату прысвячаецца», што 8 мая прайшоў у Ляхавічах. Канчатковым пунктам на маршруце святочнага шэсця калоны ў складзе ветэранаў Вялікай Айчыннай, кіраўніцтва нашага і суседняга Баранавіцкага раёнаў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый Ляхавіччыны стала плошча Перамогі. Да помніка загінуўшым вызваліцелям ляглі вянкі, жывыя кветкі — як паклон іх подзвігу, як даніна памяці. З віншавальнымі словамі да ветэранаў, ляхавічан, усіх жыхароў раёна звярнуліся старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрый Бурдук і  старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец.

Аб велічы падзей 67-гадовай даўнасці гаварыла і старшыня РА ГА «Белая Русь» Святлана Юрлевіч. Раённы ваенны камісар Ігар Гусак нагадаў, што гэтым часам вядзецца кампанія па прызыве юнакоў на тэрміновую вайсковую службу. На працягу месяца 39 нашых маладых землякоў папоўняць строй Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Непасрэдна на плошчы хлопцы атрымалі «пуцёўкі» ў новае жыццё: прызыўныя павесткі юнакам уручыў старшыня прызыўной камісіі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Гурскі.

Цэнтрам святкавання 9 Мая ў раёне быў, ёсць, будзе Курган Славы. Месца адвагі і баявой самаахвярнасці першых дзён Вялікай Айчыннай традыцыйна становіцца галоўнай пляцоўкай урачыстасцяў. Апошнія 45 гадоў дзейства праходзіць у строгім раўненні на строгі  абеліск. Роўна столькі часу мінула з такога ж святочнага 9 Мая 1967 года, калі адбылося адкрыццё помніка.

…Поўдзень. Фанфары духавога аркестра абвяшчаюць аб пачатку афіцыйных урачыстасцяў з нагоды 67-й гадавіны Вялікай Перамогі. Ля помніка — каравул воінаў, ганаровая піянерская варта. Як і заўсёды такім жа днём, тут мноства людзей. Немаладыя, юныя, дзеці з бацькамі і ўсе — з бязмернай удзячнасцю і высокай павагай да творцаў той Вя-лікай Перамогі. Канешне, ім, сівым ветэранам, — самыя ганаровыя месцы святочнай пляцоўкі. Ім, і ў іх асобе ўсім салдатам вогненных саракавых, наш нізкі паклон.

Жалобную мелодыю разрывае сухі трэск урачыстага салюту.

На схіл кургана ўскладаюцца вянкі: ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, калектываў прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны, воінаў Узброеных Сіл, прадстаўнікоў грамадскасці.

Слова — старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Бурдуку. Ён гаварыў пра велічнасць подзвігу, назва якога — Вялікая Перамога, пра гераізм і мужнасць народа, які абараніў, адваяваў свабоду і незалежнасць роднай зямлі. І пра тое, што нашчадкі герояў памятаюць і ніколі не забудуць тое, што зрабілі для іх цаной уласнага жыцця дзяды і прадзеды. «Мы ганарымся веліччу вашых подзвігаў, дарагія нашы ветэраны, мы рады, што сёння вы побач з намі, што разам сустракаем вялікі Дзень Перамогі…  Мы ніколі не забудзем салдат, што змагаліся на франтах, жанчын, што замянілі мужчын на заводах, дзяцей, якія прайшлі праз неверагодныя для іх узросту выпрабаван ні. Усе яны — героі», — падкрэсліў  Дзмітрый Бурдук.

Цёплыя віншаванні, словы любові і павагі да ветэранаў гучалі таксама ў выступленнях райваенкамісара Ігара Гусака, вучаніцы сярэдняй школы №2 г. Ляхавічы Аляксандры Новік.

Прайшло тэатралізавана-канцэртнае прадстаўленне. Прыгожым атрымалася дэфіле барабаншчыц, гарманічным ва ўсіх сэнсах — плац-канцэрт ваеннага духавога аркестра. Трымаючы раўненне, стройным крокам прайшлі «каробкі» воінаў Узброеных Сіл. У якасці суровага ”дэсерту” — паказальнае выступленне «блакітных берэтаў» з горада Брэста.

Святкаванне перамясцілася на канцэртную і спартыўныя пляцоўкі. Працавалі гандлёвыя рады, частавалі сапраўднай салдацкай кашай.

Мы памятаем!

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *