Спакусліва-небяспечная прапанова

Спакусліва чырванеюць першыя клубніцы ў вёдрах, скрынках прадаўцоў, якія прапануюць свой тавар у тым ліку не толькі на рынках і ў месцах, прызначаных для гандлю. Потым пойдуць суніцы, чарніцы, агуркі, бульба, памідоры. Іх «разбаўляюць» слоікі з кансервамі дамашняй вытворчасці. Гандаль ідзе. Але…
Галоўнае патрабаванне, якое прад’яўляецца да прадуктаў харчавання – бяспека і якасць. А за якасць прадуктаў, набытых у неўстаноўленых месцах, ніхто адказнасці не нясе. Падумайце, ці варта плаціць за ўяўную выгаду сваім здароўем і здароўем родных і блізкіх? Заражэнне прадукцыі небяспечнымі мікраарганізмамі можа адбывацца як у працэсе вытворчасці, транспарціроўкі, захоўвання і апрацоўкі, так і ў месцах рэалізацыі, якая вядзецца з выкарыстаннем падручных сродкаў – скрыняў, складных сталоў, часта гандлююць і ўвогуле з зямлі. Такую прадукцыю ўжываць небяспечна.
Рызыка прычынення шкоды здароўю пры пакупцы харчовай прадукцыі «з рук» абумоўлена шэрагам прычын:
✓ адсутнасцю неабходнай інфармацыі пра паходжанне тавару, дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару;
✓ немагчымасцю забеспячэння тэмпературнага рэжыму захоўвання прадукцыі (напрыклад, адсутнасць халадзільнага абсталявання для хуткапсавальнай прадукцыі);
✓ адсутнасцю ўмоў для выканання правілаў асабістай гігіены прадаўцом, што можа стаць прычынай узнікнення кішачных інфекцый;
✓ адсунасцю медыцынскіх даведак пра стан здароўя прадаўца, якія пацвярджаюць адсутнасць у яго інфекцыйных захворванняў, здольных перадацца пакупніку праз харчовую прадукцыю.
Патэнцыяльную небяспеку для здароўя ўяўляе любая прадукцыя, прыгатаваная ў дамашніх умовах. Так, рызыка захварэць батулізмам з’яўляецца пры ўжыванні кансерваў ці закатак. Умовы вырабу, захоўвання, а таксама тэрміны прыгоднасці такой прадукцыі невядомыя. Да таго ж прысутнасць батулатаксіну ў харчовых прадуктах не мяняе іх смакавых уласцівасцяў. Захворванне праяўляе сябе толькі ў арганізме чалавека і можа прывесці да лятальнага зыходу.
Часта з рук набываюць агародніну і фрукты. Якім чынам даная прадукцыя вырошчвалася? Якія ўгнаенні выкарыстоўваліся? Невядома. А нітраты і ядахімікаты ўяўляюць вялікую небяспеку. Трап-ляючы ў арганізм разам з агароднінай і фруктамі, як правіла, у малых дозах, яны паступова накопліваюцца і пагаршаюць здароўе, выклікаючы з часам розныя захворванні. На дрэнна вымытай агародніне могуць знаходзіцца такія мікробы як іерсініі. Яны выклікаюць вельмі цяжкае кішачнае захворванне – іерсініёз, пераносчыкамі якога з’яўляюцца грызуны.
Напрыклад, дары лесу без лабараторных даследаванняў могуць з’явіцца крыніцай паступлення ў арганізм значнай колькасці радыенуклідаў і непажаданым чынам адбіцца на здароўі.
Ні ў якім разе не трэба набываць тавары для дзяцей і цацкі ў месцах неўстаноўленага гандлю. Набыццё ў такіх месцах тавараў для дзяцей (напрыклад, цацак) без наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, пагражае не толькі здароўю, але і жыццю дзіцяці.
Не варта, больш таго– небяспечна купляць прадукты ў месцах несанкцыянаванага гандлю, на стыхійных рынках, таму што няма ніякіх гарантый іх бяспекі для здароўя людзей. А непрыманне грамадствам такога гандлю будзе лепшым вынікам барацьбы з ім.

Паліна ЛЯЎКЕВІЧ,
урач-гігіеніст райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *