Радасць, якая заўсёды з табой. Юныя выхаванцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў даволі гучна заявілі пра сябе арыгінальнымі, творчымі работамі на рэспубліканскай выстаўцы

Гэта пра творчасць і пра юных ляхавічан, якія сталі ўдзельнікамі выстаўкі творчых дасягненняў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі. Выстаўка атрымалася вельмі шчырай, светлай і цёплай. Для ўдзелу ў ёй паступіла каля тысячы заявак, 300 работ было выбрана для экспазіцыі. Як адзначыў куратар праекта дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапацько, да 5 чэрвеня наведвальнікі мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», дзе экспануюцца работы, змогуць убачыць першую палову твораў, потым другую частку экспазіцыі.
Дырэктар Ляхавіцкай ДШМ Уладзімір Крук не хавае сваіх эмоцый і з гонарам паведамляе, што юныя выхаванцы школы даволі гучна заявілі пра сябе арыгінальнымі, творчымі работамі. Сертыфікаты ўдзельнікаў выставы атрымалі Дзіяна Маляўка, Дар’я Сяргей, Лізавета Гізун, Максім Бурбуць (настаўніца Вольга Гатоўчыц), Вера Лапунова, Арцём Салагуб, Маргарыта Рамейка (настаўніца Кацярына Шулякоўская). А намеснік дырэктара Жанна Хмыз дадае, што работы навучэнцаў школы апублікаваны ў каталозе выставы.
Прыемны і красамоўны аргумент на карысць выдатнай работы калектыву ДШМ з вельмі здольнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі (а такімі з’яўляюцца практычна ўсе дзеці!) па развіцці іх талентаў, эстэтычным выхаванні.
І хаця, гэта выстава не заяўлялася як конкурс, дух спаборніцтва адчуваўся ўжо на этапе адбору работ, зазначылі арганізатары. Дарэчы, праект прафінансаваны з бюджэту Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і арганізаваны пры садзейнічанні Міністэрства культуры.
Што датычыць музычнага аддзялення мясцовай школы мастацтваў, то і яго выхаванцы ў конкурсах выканальніцкага майстэрства не навічкі. Сёлета Яўгеній Кунцэвіч (настаўнік Сяргей Крамянчук, канцэрт-майстар Ірына Тулейка) стаў дыпламантам абласнога дзіцячага конкурсу выканаўцаў на музычных інструментах імя Грыгарука. Такім жа дыпломам II ступені адзначаны дзіцячы духавы аркестр «Спадарожнік» – удзельнік міжрэгіянальнага свята-конкурсу інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп» у Пружанах, а таксама – народны інструментальны ансамбль «Джаз-Арт» (кіраўнік Барыс Шабановіч).
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *