Магіле гэтай дарагой усім сэрцам пакланіся

Цішыня. Нават дрэвы, здаецца, застылі. У піянерскім салюце рукі хлопчыкаў і дзяўчынак. Побач з імі ў ганаровай варце – сённяшнія абаронцы Радзімы. Ім, маладым, выпала пачэсная місія несці вахту памяці ля помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл. На граніце і мармуры –  імёны, прозвішчы. І нават калі герой невядомы, яго подзвіг не забыты. Памяць пра іх, бясстрашных удзельнікаў Вялікай Айчыннай, захоўваюць не толькі велічныя манументы, але і простыя абеліскі з чырвонымі зоркамі.

Колькі прыпынкаў на маршруце памяці і смутку «Ад абеліска да абеліска» зрабілі чытачы «Ляхавіцкага весніка» ў межах ініцыяванага раёнкай праекта. «ЛВ» расказваў пра помнікі, абеліскі, брацкія магілы, мемарыяльныя дошкі – іх на тэрыторыі раёна больш за 50. У кожнага свая гісторыя.
Памятны знак на завінскай горцы на старой Брэст-Маскоўскай шашы сведчыць: тут у чэрвені 1941 года, у першыя дні вайны, праходзілі цяжкія баі. Нашы воіны стаялі насмерць, для многіх першы бой стаў апошнім.
Недалёка ад вёскі Мазуркі ўдзячныя нашчадкі на месцы былых баёў узвялі Курган Вечнай славы.
Беражліва, па крупінках не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак пад кіраўніцтвам сваіх нястомных настаўнікаў збірала экспанаты для музея Крывошынскай СШ. На тэрыторыі школы трапляеш у атмасферу гісторыі: у двары размешчаны мемарыял, які нагадвае крылы самалёта. На ім выгравіраваны назвы 16 вёсак раёна, у небе над якімі прынялі свой апошні бой савецкія лётчыкі (большасць збіты фашыстамі напачатку вайны).
У многіх вёсках раёна гітлераўцы з першых дзён акупацыі расстрэльвалі савецкіх актывістаў, дэпутатаў, камуністаў і камсамольцаў. Свой крывавы след акупанты пакінулі і ў вёсцы Туркі. У чэрвені 1941-га былі арыштаваны 20 вяскоўцаў. Людзей забіралі з хат, катавалі, потым знясіленых вывезлі за вёску і расстралялі. Іх прозвішчы выбіты на помніку, што ўстаноўлены каля Туркоў.
Навечна ў памяці нашчадкаў і жыхары Альхоўцаў, расстраляныя ў ліпені 1941 года. 6 ліпеня, за дзень да праваслаўнага свята – Ражства Іаана Прадцечы, карнікі расстралялі за вёскай мужчын. На месцы расстрэлу сёння помнік, які землякі называюць «Сем Іванаў» – сямёра з дзесяці загінуўшых насілі гэта імя.
Цішыню аднаго з летніх вечароў 1941 года ў Жарабковічах разарвалі аўтаматныя чэргі. На світанку 11 ліпеня расправіліся з 12-цю   савецкімі актывістамі, праз некалькі дзён яшчэ з двума. Пасля вызвалення вёскі летам 1944 года астанкі 14 патрыётаў былі перапахаваны ў брацкай магіле.
На світанні 15 жніўня 1941 года роў машын разбудзіў жыхароў вёскі Літва. Здраднік выдаў фашыстам вясковых актывістаў. Усю ноч іх катавалі ў склепе недалёка ад старой школы, а назаўтра забілі. У 1985 годзе на будынку Дараўскай СШ, якая знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад месца тых жудасных падзей, устаноўлена мемарыяльная дошка.
І такіх напамінаў у граніце пра першыя дні і месяцы вайны на Ляхавіччыне нямала. Зоркі на помніках і абелісках не згаснуць ніколі, бо іх запалілі цаною жыцця тыя, хто не толькі адстаяў свабоду і незалежнасць краіны, сваіх родных, але і вызваліў свет ад фашызму.
Галіна КАНЬКО.

Больш за тры мільёны жыццяў ці кожнага трэцяга жыхара Беларусі забрала Вялікая Айчынная вайна. За свабоду і незалежнасць сваёй краіны загінулі і пяць тысяч жыхароў Ляхавіцкага раёна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *