Востраўская планёрка. У цэнтры ўвагі – перспектывы развіцця рэгіёна

Свяціца, Ліпск, Малое Гарадзішча – населеныя пункты, дзе ў апошні час прайшлі сходы па вырашэнні праблем мясцовага значэння. Працоўны дзень 9 лютага кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі розных службаў і арганізацый прадоўжылі вячэрняй сустрэчай у Востраўскім сельскім Доме культуры з мясцовымі жыхарамі. Прычыну такой размовы акрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз:
– У цэнтры ўвагі – перспектывы развіцця рэгіёна. Неабходны меры для захавання сельгаспрадпрыемства «Ліпнянка», у якое ўваходзіць і Востраў. Задача нумар адзін – забяспечыць людзей працоўнымі месцамі. І меры прадпрымаюцца ўжо сёння. Маецца патэнцыяльны інвестар –  СФГ «Вопыт КАА», які арганізоўвае работу. І тыя, хто працуе на ферме, пэўна, ужо адчулі змяненні.

Сельсавет  у фактах і лічбах
У 11 вёсках Востраўскага сельсавета пражываюць 1587 чалавек, з якіх 818 – працаздольнае насельніцтва. Вытворча-сацыяльны партрэт гэтага рэгіёна выглядае даволі ўнушальна: торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі», КСУП «Ліпнянка», ЗТАА «БелДан», Востраўскае лясніцтва, участкі Ляхавіцкага РЭС і камунгаса, дзве сярэднія школы і школа мастацтваў, два дзіцячыя сады, два СДК, Тухавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, ФАП у Востраве, два аддзяленні сувязі. Плюс чатыры магазіны райпо і тры прыватныя. Працоўныя месцы для вяскоўцаў забяспечваюць і зарэгістраваныя дзесяць ІП, і восем юрыдычных асоб. Малюнак жыццесцвярджальны.
Але звернемся да вытворчых паказчыкаў КСУП «Ліпнянка», дзе на сённяшні дзень працуюць больш за восем дзясяткаў чалавек.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы летась у параўнанні з 2019 годам зменшылася на 836 галоў. Валавы надой знізіўся адпаведна з 2742 тон да 1911. Аб’ектыўнасці дзеля трэба дадаць, што маецца і плюс, хаця і невялікі. Напрыклад, на 25 грамаў павялічыліся сярэднясутачныя прывагі БРЖ. Валавы збор збожжа – 2390 тон, і гэта больш у параўнанні з 2019 годам на 263 тоны, уверх пайшла і ўраджайнасць – з 17 цэнтнераў пазалетась да 23,7 цэнтнера з гектара летась.
З паспяховых і стабільна працуючых прадпрыемстваў – «БелДан», лясніцтва, торфабрыкетны. Дзякуючы апошнім двум у мясцовага насельніцтва адсутнічаюць праблемы з забеспячэннем палівам. У тым ліку гэта і з-за праведзенай газіфікацыі Вострава.
Пра сацыяльна-эканамічнае развіццё сельсавета, праблемы і цяжкасці аграгараджан і вяскоўцаў расказаў старшыня сельвыканкама Уладзімір Тадра.

Перспектывы гаспадарскія
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч разумее хваляванне людзей – вастраўчан, ліпчан, свяцічан – наконт новага гаспадара. Прыходзілі фермеры, спрабавалі браць зямлю, і вось маем тое, што маем.
– Не буду забягаць наперад, але скажу, што на даны момант фермерская гаспадарка «Вопыт КАА» яшчэ не набыла прадпрыемства, а сюды прыехалі ўжо спецыялісты. У Свяціцы ўзарана зямля, набыта даільная зала ў Ліпск. Ферма там не занята, таму можна яе рэканструяваць і ставіць жывёлу. Востраў ніхто не забыў. Тут будзе і далей развівацца жывёлагадоўля. Інвестар прыйшоў, не чакаючы канчатковага разбурэння сельгаспрадпрыемства, і настроены на работу, – падкрэсліла Анастасія Рабцэвіч.
– Працаваць давядзецца разам і многа. У патэнцыяльнага інвестара маюцца адпаведныя абавязацельствы па разліку з даўгамі, захаванні працоўных месцаў, стварэнні належных умоў, фінансавым укладзе. Але паўтару яшчэ раз, што без вас, вашых працоўных рук ніяк не абысціся. У перспектыве – устанавіць да мая даільную залу, паставіць туды цялушак, нарыхтаваць кармы і іншае, – падкрэсліў Мікалай Мароз.
Пра перавагі і новыя планы з прыходам інвестара гаварыў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса.
– Узгадненне продажу КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу стаяла на парадку дня сесіі райсавета дэпутатаў. Рашэнне прынята, яно мае і сацыяльную ролю, у тым ліку стварэнне новых працоўных месцаў, – абазначыў Леанід Калбаса.
Перспектывамі і планамі сельгасперабудовы падзяліўся прадстаўнік фермерскай гаспадаркі.

Пытанні надзённыя і не толькі
На тэрыторыі Востраўскага сельсавета прапісаны Тухавіцкая ўрачэбная амбулаторыя і Востраўскі фельчарска-акушэрскі пункт. Апошні, дарэчы, адзін з лепшых не толькі ў раёне, але і вобласці. Загадчык ФАПа Таццяна Аніскевіч летась за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя. Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч адзнаку ёй дае высокую: спецыяліст кваліфікаваны і справу сваю ведае дасканала. Пацвярджэнне таму –  удзячныя водгукі землякоў.
З 10 лютага ў Тухавіцкай амбулаторыі да работы прыступіла ўрач агульнай практыкі, якая двойчы на тыдзень будзе весці прыём і ў Востраве.
Мясцовая жыхарка пацікавілася, калі пачне працаваць аптэка, закрытая з-за адсутнасці фармацэўта. Зараз усе медыкаменты рэалізуюць на ФАПе. Але калі медработнік на выкліку, зрабіць пакупку немагчыма. Ды і не зусім зручна, па словах аграгараджан, ісці за медыкаментамі праз чаргу хворых людзей. А яшчэ для зручнасці разлікаў патрабуецца тэрмінал.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч патлумачыла, што забеспячэнне кадрамі аптэк знаходзіцца ў падпарадкаванні РУП «Фармацыя». Раён пастаянна ініцыюе кадравае пытанне і робіць запыт. Трэба прызнаць, спецыялістаў не хапае. Да таго, уплывае чалавечы фактар: маладыя спецыялісты выходзяць замуж, ідуць у водпуск па доглядзе за дзіцем. Практыка паказала, што і выручка ў аптэцы невялікая, бо транспартныя зносіны дазваляюць насельніцтву закупляцца неабходным у суседніх райцэнтрах.
– Самае лагічнае выйсце – гадаваць кадры са школы. Каб моладзь вярталася пасля атрымання адукацыі дадому і тут працавала, – падкрэсліла Святлана Юрлевіч.
Сярод тэм, якія хвалююць мясцовае насельніцтва, – абмяльчэнне рэчкі: гэта ўплывае на ўзровень вады ў  калодзежах. Старшыня райвыканкама ўзяў пытанне на кантроль: праблему трэба вывучыць разам з адпаведнымі службамі.
Наконт збору малака ў насельніцтва. У студзені ў «Ліпнянцы» зламаўся транспарт, што забірае сырадой. Але праблемы не ўзнікла – дапамог «Шлях новы». Зараз ажыццяўляе збор малочны завод. Як толькі ў «Ліпнянцы» адрамантуюць малакавоз, ён адразу выйдзе на маршрут. Са зменай у гаспадаркі формы ўласнасці збор малака не спыніцца.
«Здаём малако, а не ведаем яго тлустасці», «як асемяніць карову гаспадарам прыватных падвор’яў», «дзе ў аграгарадку можна ўладкаваць дзіцячую пляцоўку, пакупацца і парыбачыць,
а яшчэ заняцца спортам» – на гэтыя і іншыя пытанні дадзены канкрэтныя адказы, а некаторыя ўзяты «на аловак» для вывучэння сітуацыі.
Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі трымаў адказ па пытанні якасці вады. Станцыя абязжалезвання пабудавана, але не заўсёды з крана льецца вада патрэбнай якасці. Тлумачыцца гэта станам водаправода, які неабходна мяняць. На гэтыя мэты сродкі плануюцца за кошт рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада».
Начальніку РЭС Віктару Станкевічу давялося тлумачыць, чаму на вуліцы Партызанскай, па меркаванні мясцовай жыхаркі, часта вядзецца рамонт электрасетак, асабліва восенню. Справа ў стане ліній, што праходзяць праз лясны масіў і забалочаную мясцовасць.
Гандлёвая тэма – таксама сярод актуальных. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч расказаў, што да паслуг насельніцтва чатыры магазіны райспажыўсаюза, а для вяскоўцаў з невялікіх кропак – аўталаўкі, што прыязджаюць тры разы на тыдзень. У магазінах, дарэчы, можна набыць тавар у крэдыт без працэнтаў да шасці месяцаў, зрабіць заяўку на нейкую рэч, і яна будзе дастаўлена. У востраўскім гандлёвым аб’екце, у якім нараканні пакупнікоў выклікае эстэтычны выгляд, вясной будзе зроблены рамонт.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран засяродзіў увагу на тым, што ў заезджых гандляроў насельніцтва набывае тавар сумніўнай якасці, не вытрымліваецца таварнае суседства, ды і не вядома, ці маюцца на тавар адпаведныя сертыфікаты.
Начальнік штаба РАУС Аляксандр Машэй ухіл у выступленні зрабіў на прафілактыку правапарушэнняў і злачыннасці, у тым ліку ў сферы высокіх тэхналогій, на безумоўнае выкананне правіл дарожнага руху. Асобна спыніўся на захаванні маёмасці ў дачных дамах, якая часта становіцца прыманкай для злодзеяў.
Пра бяспеку і значэнне пажарнага апавяшчальніка ў папярэджанні ўзгаранняў гаварыў інспектар РАНС Сяргей Рабцэвіч.
Надомным абслугоўваннем у сельсавеце ахоплена дзесяць населеных пунктаў. 14 сацработнікаў дапамагаюць 138 вяскоўцам, прычым 25 атрымліваюць паслугі на ўмовах частковай
аплаты, паведаміла прысутным інспектар ТЦСАН па Крывошынскім і Востраўскім сельсаветах Святлана Гарон.
Пра ўмовы выхавання і навучання ў мясцовай СШ, дасягненні і поспехі навучэнцаў і педагогаў гаварыла дырэктар школы Алена Дыдышка.
Музычным падарункам прысутным стала выступленне творчых калектываў Тухавіцкага СДК.

– Такая форма сувязі з насельніцтвам – адкрытая і канструктыўная – будзе працягвацца і далей. Калі мы разам будзем абмяркоўваць праблемы, вырашаць пытанні і старанна працаваць – вынік не прымусіць чакаць, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.