Гаспадар лесу. Працуе ляснік у Ляхавіцкім раёне

У лесе Міхаіл Козел свой. Ведае, чым дыхае і жыве зялёны сябар, хоць кожны раз ён і розны, поўны загадак – то задуменны і ціхі, то пачынае гучна шапацець лісцем. Трэці дзясятак мінуў, як Міхаіл Сцяпанавіч у гэтай гаспадарцы, а ў лес заходзіць заўсёды з настроем.

Пачынаў механізатарам – тры гады траляваў лес, а затым пайшоў у леснікі. Работа на ўлонні прыроды – пра такое працоўнае месца мараць, пэўна, многія. Але тут адна важкая акалічнасць – спасылак на надвор’е ў леснікоў няма. І ў дождж, і ў спёку прафесійныя абавязкі патрабуюць павышанай адказнасці. «Бонусам» да лясных клопатаў яшчэ і надакучлівая машкара, пякучы мароз. Такая сапраўды мужчынская справа для Міхаіла Козела стала сямейнай: пераняў сяброўства з лесам ад дзеда і бацькі. Зараз для ўнука Кірыла няма большага шчасця, чым паехаць з дзядулем у Ляхавіцкае лясніцтва: ад Мыслабажы і амаль да Русінавічаў яго зона адказнасці (а па сумяшчальніцтве яшчэ і родныя мясціны). А гэта больш за паўтысячы гектараў.
Ведае Міхаіл Сцяпанавіч, дзе прабегла каза, дзе заяц праскочыў, а дзе хвастом замятала ліса. Унук з цікавасцю слухае расказы, глядзіць, як дзед агароджвае мурашнікі, вясной рабіў шпакоўні. Калі на веласіпедзе (ён усюды пройдзе), калі пешшу накручвае за дзень кіламетраў 20-25. У працоўным раскладзе – ачыстка, пасадка лесу, вываз смецця, выяўленне ўзгаранняў і многае іншае. Летась і пазалетась удзельнічаў у ліквідацыі ўсыханняў лясных насаджэнняў на Лунінеччыне, разам з калегамі змагаўся з наступствамі стыхіі ў Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах. Умовы жыцця ў такіх абставінах, можна сказаць, спартанскія. Але Міхаіл Сцяпанавіч да цяжкасцяў падыходзіць як да часовых дробязяў. Тым больш, адзначае, прыемна бачыць потым вынікі сваёй працы, радавацца кожнаму пасаджанаму дрэўцу. Работнік ён надзейны і старанны, у паслужным спісе мае ганаровую ўзнагароду – нагрудны знак Міністэрства лясной гаспадаркі «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове». Але хваліцца не любіць. Галоўнае, гаворыць, каб раслі дрэвы, не было пажараў. Яны – самае страшнае ў іх справе.
Наталля НЕСЦЯРОВІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *