Мір нам у спадчыну. Яны былі на вайне, таму як ніхто іншы ведаюць цану міру

Беларусь рыхтуецца да свята – вялікага, важкага, самага значнага ў календары суверэннай дзяржавы. 3 ліпеня краіна адзначыць Дзень Незалежнасці. Роўна 74 гады назад наша сталіца Мінск быў вызвалены ад фашысцкіх акупантаў. Гэта стала пачаткам новай, пасляваеннай, гісторыі – гісторыі будаўніцтва моцнай, квітнеючай і мірнай Беларусі.

Сціплая шыльда «Тут жыве ветэран» ці чырвоная зорачка на фасадзе дома – прыгожая традыцыя. Гэта значыць – адрас героя не забыты. І нагода для кожнага, нават незнаёмца, з удзячнасцю прыпыніць крок.
Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна ветэранскія рады былі больш шчыльнымі: у парадным адзенні, з узнагародамі і кветкамі нашы шаноўныя землякі плячо да пляча з гонарам ішлі ў святочных калонах. Час, на жаль, няўмольны. За дзесяцігоддзі на сотні прозвішчаў збяднеў спіс жывых герояў. Сёння на Ляхавіччыне засталося ўсяго 8 удзельнікаў і 10 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Малодшаму з іх – за 90 гадоў. І, на жаль, ужо не кожнаму здароўе дазваляе апрануць пінжак з ордэнамі і медалямі, прыйсці на ўрачыстасці. Тым не менш, кожны з ветэранаў – каштоўны сведка нашай слаўнай гісторыі, прыклад мужнасці для нашчадкаў.
На світанку летуценнага юнацтва ў іх лёс уварвалася вайна, большасць перажылі акупацыю, а пасля вызвалення іх гарадоў і вёсак далучыліся да Чырвонай Арміі. Замест таго, каб вучыцца, дапамагаць бацькам, радавацца жыццю, хадзіць на танцы і спатканні, ствараць сем’і, ім наканавана было ўзяць у рукі зброю, каб абараняць свой дом, ачышчаць вёскі, гарады і краіны ад фашысцкай навалы.
18-гадовымі пайшлі на вайну Іван Вялічка, Павел Здановіч, Рыгор Логвін, Уладзімір Штундзер, Уладзімір Тамашук… Ды і іншыя сённяшнія ветэраны тады былі такімі ж ці не на шмат старэйшымі. Многае давялося перажыць: пад кулямі ішлі ў бой, гублялі на вайне сяброў, лячыліся ад ран у шпіталях. Аляксандр Гунько і Фёдар Леваш служылі ў франтавой разведцы, Адам Галавач і Уладзімір Пракапенка былі кулямётчыкамі, Уладзімір Маслоўскі – сапёрам, Дзмітрый Буйкевіч прайшоў вайну ў пяхоце. Як і Уладзімір Дзядзечка, які ў маі 1945-га сустрэў шчаслівую вестку пра Перамогу ў Берліне. Фёдар Лойка і Іван Буцько не дайшлі датуль лічаныя кіламетры. Гераічныя старонкі ёсць у біяграфіі нашых землякоў Уладзіміра Рабцэвіча, Івана Віхноўскага, Канстанціна Дубіны, Міхаіла Макавецкага.
Многім з іх давялося зняць салдацкі шынель праз некалькі гадоў пасля Вялікай Перамогі: трэба было размініраваць палі, знішчаць банды, ахоўваць межы краіны, у тым ліку далёкія ўсходнія.
І пасля вайны былыя франтавікі прыйшлі на самыя адказныя ўчасткі: сталі выдатнымі настаўнікамі, аграрыямі, эканамістамі, міліцыя-нерамі і пажарнымі, працавалі ў лясной гаспадарцы і іншых сферах.
У ліку ветэранаў вайны – Мікалай Брэчка і Мікалай Даўгіловіч, якія ў Вялікую Айчынную працавалі на прыфрантавых участках чыгункі і аўтамабільных дарог, Аляксей Шарапа, які мае ўзнагароды за самаадданую працу ў тыле.
Сярод асабліва шаноўных землякоў – і былыя вязні фашызму, іх на Ляхавіччыне засталося 20.
Гэтымі днямі ў кожны дом, у кожную кватэру, дзе жыве ветэран, завітаюць госці са святочнымі віншаваннямі. Па рашэнні райвыканкама ветэранам Вялікай Айчыннай і іншым катэгорыям грамадзян, пацярпелым ад наступстваў вайны, будзе аказана матэрыяльная дапамога. І гэта толькі маленькая часцінка той увагі, якой удзячныя нашчадкі ахіляюць сваіх герояў, – людзей, якія пакінулі ў спадчыну наступным пакаленням мір.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *