Вылучэнне кандыдатаў пачалося 14 лютага

Вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў будзе праходзіць у Беларусі з 14 лютага па 15 сакавіка. Аб гэтым паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Права вылучаць кандыдатуры на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Асобы, якія маюць намер вылучацца ў дэпутаты шляхам збору подпісаў, павінны не пазней за 18 лютага прадаставіць у тэрытарыяльную або акруговую выбарчую камісію спіс членаў ініцыятыўнай групы і заяву аб яе рэгістрацыі.
У сваю чаргу выбаркамы абавязаны на працягу пяці дзён з падачы такой заявы зарэгістраваць ініцыятыўную групу і выдаць яе членам адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты. З гэтага моманту з’явяцца першыя зборшчыкі подпісаў. Яны будуць мець права арганізоўваць пікеты. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса іх можна праводзіць усюды, дзе не забаранілі мясцовыя органы ўлады. У цэлым працэс збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Беларусі істотна спрошчаны.
Значна аблегчана таксама працэдура вылучэння партыямі кандыдатаў. Цяпер не патрабуецца, каб у акрузе, дзе вылучаецца кандыдат у дэпутаты, абавязкова была ніжэйшая партыйная структура.
У ЦВК нагадалі, што вылучацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў могуць як грамадзяне Беларусі (яны прадастаўляюць у выбаркам пашпарт), так і грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі (прадастаўляюць від на жыхарства).
Наступны этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Яна прадоўжыцца з 16 па 25 сакавіка.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *