Прызнанне ў любві

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць»…   Кожны раз, калі чуеш гэтыя шчымлівыя песенныя словы, захлынаюць бязмежныя пачуцці любві, гонару і пашаны да сваёй Радзімы — свабодалюбівай незалежнай Беларусі, краіны, дзе жывуць гасцінныя, шчырыя і працавітыя людзі — прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Сваё галоўнае, святое свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — мы адзначалі ўсе разам прыгожа і ўрачыста.

Раніца, 3 ліпеня. Над расквечаным сцягамі, лозунгамі,  кветкамі, сонечным  надвор’ем і шчырымі ўсмешкамі горадам гучыць музыка.  Гараджане і госці Ляхавіч паасобку, сем’ямі, цэлымі калектывамі спяшаюцца на плошчу Леніна. Яшчэ да пачатку ўрачыстасцяў у небе над горадам можна было назіраць вышэйшы пілатаж авіятараў 61-й  авіяцыйнай базы Баранавіч  (вядучы групы —  каман-дзір авіябазы палкоўнік Аляксандр  Пацехін) на самалётах СУ-27 і МІГ-29.

Апоўдні святочная калона на чале са старшынямі райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком і райсавета Яўгеніем Юрлевічам у суправаджэнні духавога ар- кестра ўрачыста прайшла ад вуліцы Леніна да плошчы Перамогі, дзе  адбыўся мітынг-рэквіем «Па слядах вялікай мужнасці». Сімвалічна, што мітынг у гэты дзень традыцыйна праводзіцца каля помніка воінам-вызваліцелям, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Рэспублікі — гэта і чарговая гадавіна з дня вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі. Мы жывём пад мірным небам, радуемся кожнаму дню і шчыра ўдзячны тым пакаленням, што адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй дзяржавы. У знак удзячнасці і пашаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прысутнічалі на мітынгу, былі ўручаны кветкі. А потым — хвіліна маўчання, імгненні смутку — мы едныя ў нашай святой памяці. І ляглі  да помніка вянкі, кветкі, гірлянды ад  удзячных нашчадкаў, якія помняць, шануюць…

Подзвіг не мае тэрмінаў даўнасці, подзвіг — назаўсёды. А тое, што здолелі ўдзельнікі  Вялікай Айчыннай, і з’яўляецца ўзорам мужнасці, гераізму, патрыятызму.

Адкрыў мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці і 68-й гадавіне вы-звалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які, успамінаючы бессмяротны подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне, выказаў словы асаблівай удзячнасці і пашаны дарагім ве-тэранам, пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту, міру і душэўнага спакою. Са словамі віншавання і падзякі выступіў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандр Русін. Па традыцыі, сімвалізуючы моц і надзейнасць сённяшняй беларускай арміі, па плошчы Перамогі ўрачыстым маршам прайшлі абаронцы Айчыны — салдаты і афіцэры Узброеных Сіл краіны.

Пасля мітынгу ўдзельнікаў святочных урачыстасцей гасцінна  сустракала плошча Леніна, дзе свята мела цікавы канцэртна-выставачны працяг. Прыгожа і натхнёна ў выкананні народнай эстраднай студыі «Экспрэс» прагучала песня «Прызнанне роднаму краю» ў суправаджэнні харэаграфічнай групы Ляхавіцкай школы мастацтваў.

Цёпла віншаваў з Днём Рэспублікі ўсіх сваіх землякоў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук, які падзякаваў ветэранам за мірнае сёння і выказаў удзячнасць усім, хто ўносіць свой уклад у працвітанне і развіццё Ляхавіччыны і Беларусі. Дзеючай асобай аднаго з яркіх момантаў святкавання, які яшчэ раз паказвае клопат дзяржавы пра маладыя кадры, стала сям’я ўрачоў. Пад апладысменты прысутных неўролагу і хірургу Ляхавіцкай райбальніцы Дзіяне і Яну Марчыкам, якія прыехалі працаваць на Ляхавіччыну па размеркаванні, Дзмітрый Бурдук  уручыў ключы ад новай службовай кватэры.

Наша суверэнная Беларусь з павагай адносіцца да ўсіх краін, падтрымлівае добрасуседскія і сяброўскія адносіны з многімі дзяржавамі, сярод якіх і Латвія. І ў Ляхавіччыны наладжаны партнёрска-сяброўскія адносіны з адным з рэгіёнаў гэтай краіны. 5 мая мінулага года было заключана пагадненне паміж гарадамі Ляхавічы і латвійскім Алуксне. Дэлегацыя нашага раёна ўжо наведвала гэты прыбалтыйскі горад. А 3 ліпеня на Ляхавіччыне гасцявала дэлегацыя з Алуксне. З Днём Рэспублікі ляхавічан шчыра віншаваў старшыня краёвай думы Алуксненскага краю Айварас Фомінас.

Лепшыя з лепшых самадзейныя артысты, творчыя калектывы падрыхтавалі цудоўную канцэртную праграму «Зямля пад белымі крыламі».   Сапраўдны фурор выклікала і выступленне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля бальнага танца «Фіеста» з Баранавіч. Многія засталіся ў захапленні і ад самабытных вырабаў, прадстаўленых на выставе работ майстроў народных промыслаў і рамёстваў.

Як заўсёды на масавых святах, папулярнасцю, асабліва сярод дзяцей, карысталіся шматлікія атракцыёны. Ну і, канешне, усе жадаючыя змаглі пачаставацца разнастайнымі кулінарнымі вырабамі: працавалі гандлёвыя рады.

Вечарам святкаванне прадоўжылася. У 20 гадзін пачалася танцавальна-забаўляльная праграма. Пад любімыя мелодыі ў  выкананні народнай эстраднай студыі  «Экспрэс» танцавалі дарослыя, моладзь, людзі сталага ўзросту, весяліліся, спявалі, адпачывалі.

Як заўсёды ўрачыста і ўзнёсла прайшла акцыя «Спяём гімн разам»: у адным памкненні, аб’яднаныя любоўю і гонарам за сваю Радзіму, ляхавічане спявалі гімн сваёй краіны разам з усёй Беларуссю. Потым мірнае неба цёплай ліпеньскай ночы расквеціў рознакаляровымі фарбамі святочны салют — сімвал памяці, радасці, шчасця, веры ў лепшае і ўпэўненасці ў  заўтрашнім  дні.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *