Ляхавіцкі адрас шчаслівай краіны. 1 чэрвеня — Дзень абароны дзяцей

У гэтай краіны няма геаграфічных каардынат, яе не знойдзеш ні на адной карце свету. Несумненна, кожны з нас у свой час быў яе жыхаром. І абавязкова засталіся незабыўныя эмоцыі, яскравыя імгненні, радасць адкрыццяў і шмат іншых шчаслівых момантаў. Адзінае, што наводзіць сум, – у гэтую краіну нельга вярнуцца, нават калі вельмі-вельмі хочацца. Застаецца толькі па-добраму пазайздросціць тым, хто сёння жыве і вучыцца, пазнае свет, сябруе і радуецца ў краіне, назва якой Дзяцінства.

З сямі гадзін раніцы, нібы вялікі мурашнік, напаўняецца звонкімі гала-самі дзіцячы садок № 3 у Ляхавічах. Сюды ў суправаджэнні мам і татаў спяшаюцца маленькія гарэзы, каб спасцігаць незнаёмае, з інтарэсам і карысцю праводзіць час, гуляць, спяваць і танцаваць, а яшчэ вучыцца сябраваць, суперажываць і дапамагаць. Шаноўныя землякі, «ЛВ» запрашае ў падарожжа ў лепшую гарадскую дашкольную ўстанову Беларусі (такі статус дзіцячы сад № 3 атрымаў па выніках работы сістэмы адукацыі краіны за мінулы год). Дарэчы, летась гэта дашкольная ўстанова адзначыла сваё 40-годдзе.
– Бацькі давяраюць нам самае галоў-нае – сваіх дзяцей. Таму асноўны-мі задачамі калектыву дзіцячага сада з’яўляюцца ахова і ўмацаванне здароўя выхаванцаў, забеспячэнне рознабаковага развіцця дзяцей. Шмат увагі надаём выхаванню патрыятызму, фарміраванню эстэтычнай і экалагічнай культуры маленькіх землякоў, асноў здаровага ладу жыцця, – расказвае загадчык дзіцячага сада № 3 Людміла Мяжуева.


Што ні дзень, то яскравая гісторыя адбываецца ў кожнай з 12 садаўскіх груп: ад першай малодшай, дзе самыя-самыя маленькія выхаванцы, да старэйшых – выпускных (сёлета іх чатыры).
– Заняткі і разнастайныя паз-навальныя, забаўляльныя, спар-тыўныя мерапрыемствы право-дзяцца адпаведна ўзросту дзяцей. На сёння ў нас 207 выхаванцаў ва ўзросце ад двух да шасці гадоў. Важна з маленства выхоўваць у дзяцей пачуццё патрыятызму, гонару за сваю Радзіму. Да ўсіх дзяржаўных свят прымерка-вана падняцце Дзяржаўнага флага. З якім гонарам рабяты выконваюць Дзяржаўны гімн! З натхненнем рыхтуемся да Дня Перамогі, Дня абаронцаў Айчыны, Дня працы, Дня народнага адзінства, – адзначае намеснік загадчыка Алена Гардзейчык.
Праект «Спадчына маёй краіны» – адметная частка ў адукацыйна-выхаваў-чым раскладзе дашкольнай установы. Хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць азбуку беларускага арнаменту, становяцца ўдзельнікамі традыцыйных народных святаў, любяць малышы і заняткі па роднай мове. Таленавітыя выхавальнікі распрацавалі і парады бацькам, як разам з дзецьмі размаўляць па-беларуску! Колькі ўсяго цікавага адбываецца падчас фестывалю беларускага фальклору «Скарбонка талентаў». З натхненнем выхавальнікі падбіраюць дзіцячыя касцюмы ў народным стылі, кожная група прыдумвае ўласны нумар.
Інавацыя – частка адукацыйна-выха-ваўчага працэсу. Летась тутэйшыя педагогі далучыліся да рэалізацыі праграмы фарміравання ў дзяцей алга-рытмічнай граматнасці «Інфарматыка без разеткі», падчас якой развіваюц-ца ўменні дзейнічаць па алгарытме, маленькія чамучкі называюць прыкметы і падабенствы прыкметаў і з’яў.
Не засталіся ўбаку ад «Інфарматыкі без разеткі» і бацькі выхаванцаў: у вайберы стварылі групу, дзе змяшчаецца інфармацыя пра заняткі, цікавыя фота- і відэаматэрыялы, разнастайныя актуальныя аб’явы. І не толькі гэты праект можна аднесці да катэгорыі сямейных спраў.
– Даволі цесна супрацоўнічаем з бацькамі для больш паўнацэннага развіцця малышоў. Яны наша надзейная падтрымка і апора. Актыўныя ва ўсім: падрыхтоўцы мерапрыемст-ваў, распрацоўцы касцюмаў, шмат дапамагаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі і стварэнні камфорту ў групах. З гатоўнасцю адгукаюцца на любую цікавую прапанову. Нам шанцуе і з выхаванцамі, і з іх бацькамі, –
падкрэслівае Людміла Мяжуева.


Тройчы на дзень хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць карысныя, прыгатаваныя з любоўю стравы. І лепшае пацвярджэнне сказанага – некаторыя выказванні бацькоў выхаванцаў: «Сын просіць прыгатаваць такую кашу, як давалі на сняданак у дзіцячым садзе», «Навучыце, калі ласка, варыць ваш смачны суп».
Як і ў школах, у садку – тры месяцы канікулаў. Але заняткі ў дашкалят не адмяняюцца. Дзякуючы фантазіі педагогаў, прыдумваюцца новыя формы заняткаў.
Кожны, хто хоць аднойчы пабывае на тэрыторыі дзіцячага сада № 3, застанецца ў захапленні – усё прыгожа і гарманічна. І такая маляўнічая карціна ў любую пару года і пры любым надвор’і. Сапраўднымі пазнавальнымі астраўкамі, экскурсам у навакольнае асяроддзе і знаёмствам з прыродай з’яўляюцца дзіцячыя пляцоўкі, экалагічныя сцяжынкі. Усё гэта стварыў творчы калектыў дзіцячага сада.
…25 мая гаманлівая калона дзяцей, не звяртаючы ўвагі на прахожых, крочыць па вуліцы Леніна. Дзяўчынкі ў бальных сукенках, хлопчыкі ў «дарослых» касцюмах, крыху разгубленыя, але шчаслівыя мамы і таты, ветлівыя і добразычлівыя выхавальнікі… Так тутэйшыя дашкаляты развітваюцца са сваім любімым дзіцячым садам № 3. Задумаўшы свае жаданні, маленькія выпускнікі адпускаюць у свабодны палёт паветраныя шары. Няхай упэўнена крочыць па жыцці яшчэ адно пакаленне беларусаў – наш працяг, наша будучыня.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Ёсць такое меркаванне: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Вашай увазе выказванні выхаванцаў пра дзіцячы сад № 3.
Максім ДЫДЫШКА:
– Я люблю свой дзіцячы сад і сваю групу. У нас многа-многа цацак, самых розных. А яшчэ тут мае сябры Яраслаў і Сафія. Больш за ўсё я люблю ляпіць з пластыліну. Мне вельмі падабаецца, як кормяць у садку, самыя смачныя суп з буракоў і катлеты.
Вераніка КАВАЛЕНКА:
– А ў нашай групе былі суперскія, лепшыя выхавальнікі Наталля Уладзіміраўна і Надзея Мікалаеўна. Яны нас любяць, песцяць і гуляюць з намі. Хутка я пайду ў школу, але буду вельмі сумаваць па дзіцячым садзе.
Раман ТОЛКАЧ:
– У нас такія цікавыя заняткі, асабліва матэматыка. Увогуле мне цікава даведвацца пра нешта новае. Хачу пажадаць нашаму дзіцячаму саду паслухмяных хлопчыкаў і дзяўчынак, такіх, як у нашай групе.
Ілона БАГДАНОВІЧ:
– Ведаю, што многім ён не падабаўся, а мне дык вельмі падабаўся. Я гавару пра ціхі час. Такія прыемныя сны бачыла, калі спала ў любімым і ўтульным ложку. Буду заўжды любіць сваіх сяброў і выхавальнікаў.