Жніўнае дзяжурства

Участковы інспектар міліцыі Яўгеній Жылінскі гэтым часам звыклы госць і на зернетаку ў Коньках.

У любой вялікай справе многае залежыць ад, здавалася б, дробязяў. Жніво – не выключэнне. Так, першая скрыпка ў гэтай адказнай кампаніі, безумоўна, аграрная: яе «іграюць» камбайнеры, вадзіцелі, аператары сушыльных комплексаў. Але хапае жніўных клопатаў і ў іншых службаў. Свой уклад у адла-джаны рытм, бяспеку і парадак на жніве ўносяць райаддзел па надзвычайных сітуацыях, райпо і, канешне, міліцыя.
Галоўнай задачай райаддзела ўнутраных спраў, акрамя аховы грамадскага парадку, на гэты час становіцца забеспячэнне захаванасці ўраджаю і бяспекі на жніве. Участковыя інспектары міліцыі, супрацоўнікі ДАІ, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і прадстаўнікі іншых падраздзяленняў РАУС удзельнічаюць у рэйдах, штодзённа кантралююць стан спраў на падведамаснай тэрыторыі, манітораць мехдвары, зернесушыльныя комплексы, склады ГЗМ і іншыя стратэгічныя ўчасткі ўборачнай. Як і дзе захоўваецца тэхніка, ці аснашчана яна ўсім неабходным, ці выконваюць механізатары працоўную дысцыпліну, наколькі адказна нясуць сваю службу вартаўнікі, ці рацыянальна і па прызначэнні выкарыстоўваецца паліва – пад пастаяннай увагай міліцыі знаходзяцца гэтыя і многія іншыя пытанні. Пад пільным кантролем – умовы перавозкі і захоўвання сабранага ўраджаю.
Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі адзначае, што, з пункту гледжання праваахоўнікаў, жніво ў нашым раёне праходзіць даволі спакойна. Тым не менш, выкрываюцца і не самыя «прыемныя» факты. Напрыклад, сёлета падчас сяўбы і ўборачнай выяўлена шэсць выпадкаў захоўвання, перавозкі і выкарыстання афарбаванага паліва (такое прызначана для сельгастэхнікі, а не для выкарыстання ў асабістых аўтамабілях), вінаватыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У двух выпадках вартаўнікі адсутнічалі на працоўным месцы, было і такое, што рэйдавая група застала адказнага за захаванасць маёмасці нецвярозым – а гэта вельмі спрыяльныя перадумовы для ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў. Па кожным факце праведзена праверка і адпаведная прафілактычная работа.
Дарэчы, не застаюцца па-за ўвагай жывёлагадоўчыя аб’екты, склады грубых кармоў і г.д.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *