У Іванава з Надзеяй. Сталіца Дня беларускага пісьменства чацвёрты раз прапісалася на Брэстчыне

Іванаву пашанцавала стаць сталіцай юбілейнага ХХV Дня беларускага пісьменства. Не пабаюся слова «пашанцавала», таму што ўся Брэстчына славіцца сваёй гісторыяй, культурнай спадчынай, сённяшнімі здабыткамі, і гэты райцэнтр не выключэнне. А які выдатны стваральны імпульс атрымаў ён, рыхтуючыся да падзеі, тым больш у Год малой радзімы! У аб’ектыве высоказмястоўнага дзейства, падрыхтаваны да яго і вонкава, і, што не менш важна, мастацка-асветніцка-энцыклапедычна, горад Іванава прыцягвае ўвагу, мяркую, не толькі беларусаў.

Верасень 2004 г., Ляхавічы, экспедыцыя «Дарога да святынь».

Асабіста я ўжо сёння зайздрошчу як мінімум адной з тамтэйшых абновак: у жніўні тут з’явіўся «Верасень» – так назвалі іванаўцы сваю кнігарню. У Ляхавічах, на жаль, гандлёвая кніжная прапанова пакуль, лічы, адсутнічае. Ну ды гэта, як гаворыцца, зусім іншая гісторыя і спадзяюся, у ёй будзе шчаслівы працяг. Мы ж вернемся ў палескі раён, адметны многімі гістарычнымі, культурнымі, геаграфічнымі акалічнасцямі. Што цікавага ў тэму выдае наконт яго памяць? Хутчэй, не што, а каго: славуты, знакаміты, геніяльны мастак, не менш геніяльны музыкант, глыбокі філосаф жыцця Напалеон Орда; канешне, пачатак роду Дастаеўскіх (звязаны з вёскай Дастоева). А вы ў курсе, што першы ізраільскі прэзідэнт Хаім Вейцман – ураджэнец янаўскай зямлі? Дабавім фактаў, якія пераконваюць у янаўскай-іванаўскай самабытнасці: хто з модніц адмовіўся б ад мотальскага кажушка ў сваім гардэробе; хто не чуў пра кулінарны фэст «Мотальскія прысмакі»; хто не каштаваў мясцовай вытворчасці каўбасак; хто не ў курсе пра пункты Дугі Струве, што ўнесены ў спіс ЮНЕСКА?.. І гэта толькі самы хрэстаматыйны пералік славутасцяў і адметнасцяў янаўскага краю і яго жыхароў.
2 верасня ў сталіцы Дня беларускага пісьменства будзе вялікае свята, чакаецца шмат гасцей, цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Можна толькі ўявіць, якая канцэнтрацыя пісьменніцкіх талентаў, творчых прапаноў, праектаў і задум будзе ў гэты дзень на параўнальна невялікім кавалачку зямлі.
А напярэдадні плануецца міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінальнае дзейства рэспубліканскага конкурсу юных дэкламатараў «Жывая класіка».
Традыцыяй і неад’емнай часткай свята пісьменства, якая настройвае на светлыя думкі і ўчынкі, на асэнсаванне-пераасэнсаванне жыццёвых каштоўнасцей і заўсёднай важнасці духоўнасці, з’яўляецца рэспублікан-ская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Благадатным Агнём ад Труны Гасподняй». Яе маршрут пройдзе па некалькіх рэгіёнах Беларусі.
Памятаю, як у 2004 годзе на маршруце гэтай экспедыцыі, якая накіроўвалася ў старадаўні Тураў, быў і Ляхавіцкі раён. На радзіме святога Серафіма Жыровіцкага – у Падлессі – удзельнічалі ў службе ў Святадухаўскай царкве, а потым – у Ляхавіцкай Крыжаўзвіжанскай. Як жа светла было на душы ад стасункаў з удзельнікамі экспедыцыі, сярод якіх дзве вядомыя ў Беларусі Марыі – Карпенка, у мінулым рэдактар часопіса «Работніца і сялянка», і Захарэвіч, народная артыстка БССР.
А першай на Брэстчыне сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 1999 годзе была (прабачце за тафталогію) сталіца беларускага Палесся – Пінск. Потым фестываліў Камянец (у 2005 г.),
потым – Ганцавічы (2011 г.). «Веснікаўцы» бывалі і ўдзельнічалі.
Людзі, якія ў розны час пакінулі яркі след у культурна-асветніцкай спадчыне не толькі нашага раёна, – Ф. Еўлашоўскі, Я. Чачот, Я. Чабор, Л. Бохвіц, Н. Чарноцкі, С. Пясецкі, Г. Цітовіч – з ляхавіцкімі каранямі. Гэты важкі спіс можна працягваць далей, называючы прозвішчы К. Паустоўскага, В. Праскурава, М. Купрэева, М. Пташука… А як не ўзгадаць сучасных літаратараў А. Бадака, Л. Пранчака, В. Гардзея… Засталося і паэтычнае слова К. Турко.
Хачу расказаць пра яшчэ адну сваю зямлячку, сябра раёнкі, спагадлівага чалавека Надзею Патапчык з Бенькаўцаў. Большасць ляхавічан яе ведае не толькі як шматгадовага дырэктара летніка «Чайка», пад крылом якой утульна, весела і здорава адпачывалася хлопчыкам і дзяўчынкам, але як вельмі творчую і нераўнадушную. Калі справа датычыць актыўнай жыццёвай пазіцыі, новых уражанняў і адкрыццяў – яна заўсёды гатова! Надзея Пятроўна была ўдзельніцай не менш паловы дзён беларускага пісьменства. Ездзіла ў Заслаўе, Барысаў, Мсціслаў, Полацк, Смаргонь, Мір, Ганцавічы, Тураў, Камянец (у Камянец дабіралася з калектывам «ЛВ»). Педагогу па адукацыі, ёй усё гэта патрэбна, ёй усё гэта цікава. Вось і сёлета Надзея Патапчык на пытанне, ці паедзе яна 2 верасня ў Іванава, адказала: «Збіраюся!».
То паедзем на Янаўшчыну?!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з архіва «ЛВ».

Верасень 2005 г., Камянец. Сярод удзельнікаў свята беларускага пісьменства – двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля (у цэнтры), на той час кіраўнік прэс-цэнтра Дома прэсы Таццяна Бялова, наша зямлячка Надзея Патапчык.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *