Вопыт – велічыня абменная

Рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў (50 прадстаўнікоў з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна), добрымі тэарэтычнымі ведамі, пацверджанымі на практыцы, вызначыўся сёлетні конкурс-семінар спецыялістаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы і ўнутрыгаспадарчых звёнаў па аднаўленні статка, які праходзіў на базе СВК «Ляхавіцкі». Перш, чым трапіць у раённы фінал, удзельнікі прайшлі выпрабаванні на права звацца лепшым па прафесіі ў сваіх гаспадарках, у «палявых» умовах прадэманстравалі свае практычныя навыкі.

Без аднаўлення статка не бывае высокапрадукцыйнай жывёлагадоўлі. Канчатковы вынік справы ў многім залежыць ад работы спецыялістаў вельмі далікатнага профілю – тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы. Працаваць яны павінны ў цесным узаемадзеянні з ветэрынарнай і заатэхнічнай службамі гаспадаркі і раёна.
– Гэта не толькі конкурс, але і агляд майстэрства спецыялістаў, школа па абмене вопытам, якая садзейнічае павышэнню прафесіяналізму. Усе ўдзельнікі праходзілі спецтэсціраванне і здавалі практычны, у некалькі этапаў, экзамен перад кампетэнтным журы, – расказала дырэктар племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне Таццяна Пунько.
Дарэчы, журы (у складзе супрацоўнікаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, спецыялістаў райсельгасхарчу) адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу, у тым ліку, моладзі. Як і ва ўсе папярэднія гады, высокае майстэрства прадэманстравалі спецыялісты СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор».

Таццяна Пунько адзначыла, што канчатковы вынік работы залежыць не толькі ад прафесіяналізму тэхнікаў па штучным асемяненні, заатэхнікаў-селекцыяне- раў, ветурачоў-гінеколагаў, але і ад кармавой базы і належных умоў утрымання жывёлы, а таксама працы работнікаў.
Галоўная ўвага да пераможцаў у асобных намінацыях. Прозвішча Івана Патаповіча ўжо даўно асацыюецца з выдатнымі паказчыкамі ў рабоце. І ў конкурсе-2018 аператару па штучным асемяненні БРЖ з «Ляхавіцкага» не было роўных: першае месца ў гэтай намінацыі зноў за ім. Сярод яго калег са стажам работы больш за пяць гадоў першынство ў Аляксандра Грэся з ААТ «Жарабковічы». Дарэчы, яго жонка Ірына заняла другое месца ў спаборніцтве заатэхнікаў-селекцыянераў. Яшчэ адзін прадстаўнік «Жарабковічаў» Сяргей Кобель прызнаны лепшым ветурачом-гінеколагам. Трывала ўтрымлівае права звацца лепшай у прафесіі і заатэхнік-селекцыянер СВК «Ляхавіцкі» Галіна Ксёнжык. Яшчэ адзін пераможца з адрасам «Ляхавіцкага» Сяргей Белавус – аператар па штучным асемяненні БРЖ са стажам да пяці гадоў. Нядаўна ў прафесіі яго калега з КСУП «Востраў-Агра» Алег Міклашэвіч, які стаў лепшым сярод маладых спецыялістаў.
Усе прызёры атрымалі прэміі і падарункі ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, спонсараў конкурсу, сярод якіх малочны завод, Ляхавіцкі філіял Брэсцкага аграпрамысловага саюза, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Без сувеніра дамоў ніхто не вярнуўся: кубачкі з выявай рагуль сталі напамінам пра ўдзел у раённым конкурсе, а бонусам – канцэртная праграма ад самадзейных артыстаў вёскі Спорава Бярозаўскага раёна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *