Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання пачалося  15 ліпеня ў адпаведнасці з каляндарным планам падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў.

Права вылучаць сваіх прэтэндэнтаў на месцы ў парламенце маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Палітычныя партыі маюць права вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 выбарчых акруг — па адным у кожную акругу. Прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла вызначаюць вышэйшыя партыйныя органы.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў адбываецца на сходзе, дзе павінна прысутнічаць больш за палавіну работнікаў арганізацыі. Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой знаходзіцца арганізацыя. Пры гэтым агульная колькасць яе работнікаў павінна быць не менш як 300 чалавек.

Меншыя калектывы, каб вылучыць свайго кандыдата, могуць правесці для гэтага агульны сход. Але сумарная колькасць працуючых на гэтых прадпрыемствах павінна быць таксама не менш як 300. На сходзе павінна прысутнічаць больш за палавіну складу кожнага калектыву.

Яшчэ адзін спосаб вылучэння кандыдатаў у дэпутаты — збор подпісаў выбаршчыкаў. Каб скарыстацца ім, патэнцыяльны прэтэндэнт на месца ў парламенце абавязаны не  пазней за 19 ліпеня ўключна падаць у акруговую выбарчую камісію той акругі, па якой ён мае намер вылучацца, заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і спіс яе членаў — не менш за 10 чалавек. Акруговая камісія разглядае дакументы ў пяцідзённы тэрмін. Члены зарэгістраванай ініцыятыўнай групы атрымліваюць   адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты.

Зборшчыкам трэба атрымаць не менш як тысячу подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца мяркуемы кандыдат у дэпутаты. Паводле дзеючага выбарчага заканадаўства, ініцыятыўнай групе ўжо не патрэбна завяраць подпісы ў мясцовым выканкаме. Няма неабходнасці і ў тым, каб узгадняць месцы правядзення пікетаў па збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты з мясцовымі ўладамі.

Спіс месц, дзе забаронена праводзіць пікеты па збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны размясціць на сваіх афіцыйных сайтах.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прадоўжыцца па 13 жніўня ўключна. Рэгістрацыя прэтэндэнтаў на месца ў парламенце пройдзе з 14 па 23 жніўня ўключна. Затым у Беларусі стартуе агітацыйная кампанія. Асноўны дзень выбараў — 23 верасня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *