Грэчка, проса, кукуруза

Пасля завяршэння ўборкі збожжавых культур прайшло дастаткова часу. Некаторыя з тых палеткаў адрадзіліся ўжо ў новым рэчышчы: прайшлі курс неабходнай папярэдняй падрыхтоўкі і прынялі ў сябе насенне новага ўраджаю. На пэўным кароткім адрэзку сезона ворыўныя работы, сяўба, працяг корманарыхтоўчай кампаніі «запаралельваюцца» з працягам зернеўборачных намаганняў.
Грэчка (а іменна для яе час спеласці і, адпаведна, уборкі наступае на схіле лета) хоць і не з сямейства злакавых, аднак, расліна зерневая. Яе ў раёне зусім не багата – усяго 117-гектарны палетак на траіх: толькі ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі» і ДП «Нача» з’яўляюцца ў гэтым го-дзе гаспадаркамі-грэчкаводамі. Два названыя першымі сельгаспрадпрыемствы з уборкай крупяной расліны закончылі. Падлічваюць здабыткі: з 40-гектарнага поля «Жарабковічы» паднялі 57 тон карысна-каштоўнага зерня. У «Ляхавіцкім» ураджайнасць аказалася некалькі больш сціплай – з кожнага з 47 пасеяных гектараў сабралі каля 10 цэнтнераў прадукту. «Нача», па стане на 3 верасня, да ўборкі пакуль не прыступала.
Эксклюзіўным вытворцам проса ў раёне з’яўляецца ДП «Востраў-Агра». На пачатак бягучага тыдня з намінальных 110 гектараў была ўбрана прыкладна дзясятая частка. Стартавыя намалоты паказалі важкасць гектара, роўную 15 цэнтнерам.
Раённы зернева-кукурузны клін складае больш за 1100 гектараў. Зерне кукурузы на даным этапе часу працягвае набіраць моц і цвёрдасць.
Але гэта не азначае, што на кукурузных палетках раёна штыль. «Жарабковічы», «Шлях новы», «Ляхавіцкі», «Ліпнянка», «Нача», «Востраў-Агра» ўжо значацца ў ліку нарыхтоўшчыкаў кукурузнага сіласу. Як на фоне вядомых сухіх абставін паказала сябе царыца палёў? Мяркуючы па СВК «Ляхавіцкі», зусім нядрэнна: з кожнага гектара там па першым часе нарыхтоўваюць больш за 480 цэнтнераў зялёнай масы. З адставаннем ад калег у сотню гектараў на другім месцы рэйтынгу ўраджайнасці размясціліся «Жарабковічы». Далей «Нача», «Ліпнянка» і іншыя. Сярэднераённы паказчык ураджайнасці кукурузы вагаецца вакол лічбы ў тры сотні цэнтнераў зялёнай масы.
Палявыя і не толькі сельскагаспадарчыя клопаты з надыходам восені відазмяняюцца, але працягваюцца. І, здаецца, з усё той жа высокай інтэнсіўнасцю.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *