Ва ўсю Іванаўскую! Святкавала ўся Беларусь. Брава, Брэстчына! Дзякуй, Іванава! Нататкі, замалёўкі, фота з юбілейнага XXV Дня нашага пісьменства.

Гэта было незабыўна. Гэта было прыгожа і па змесце, і па форме. Гэта стала працягам цудоўнай традыцыі, прычынай гонару, натхненнем. Палітра пачуццяў, феерверк эмоцый, датыкненне да гісторыі, культурнай спадчыны, незабыўныя сустрэчы, адказнасць за маршрут «мінуўшчына-сучаснасць-будучыня». Усё гэта і многае іншае – Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве.

Якія ж мы багатыя – на прыгажосць роднага краю, на таленавітых людзей, на культурна-гістарычную спадчыну. Нядзеля ў сталіцы Дня беларускага пісьменства – на Брэстчыне, у Іванаве – парадавала, узрушыла, зачапіла і зместам, і формай гэтага дарагога сэрцу свята, якое можна лічыць працягам Дня незалежнасці краіны і якое сёлета адухоўлена тэматыкай Года малой радзімы. І калі б 2 верасня ўдалося зрабіць агульную кардыяграму гэтаму палескаму райцэнтру, адназначна зашкальвала б захапленне і радаснае здзіўленне (столькі адкрыццяў, столькі сустрэч, столькі ўражанняў!).
Горад-выстава, горад-сад, горад-музейна-канцэртная пляцоўка, горад-усмешка стаў адрасам велічнага, шматсюжэтнага дзейства са словам, з кнігай, з друкаваным радком у галоўнай ролі.
На афіцыйнай цырымоніі адкрыцця свята, якая адбылася на галоўнай сцэне ў гарадскім парку райцэнтра, віншаванне Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям юбілейнага ХХV Дня беларускага пісьменства зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. «Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб – родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа», – гаворыцца ў віншаванні Кіраўніка дзяржавы.
Гонару чацвёрты раз прымаць Дзень беларускага пісьменства Брэстчына ўдастоена невыпадкова. Сёлета – Іванава.
«Тут, на Палессі, жывуць вельмі таленавітыя працалюбівыя людзі. На гэтай зямлі нарадзіліся і стваралі многія вядомыя дзея-чы культуры, мастацтва – у нас вельмі добрая гістарычная спадчына», – падкрэсліў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс. Ён падзякаваў жыхарам Іванава, якія адгукнуліся і актыўна рыхтаваліся да свята.
Насычанае на падзеі і дзеі, аблашчанае неверагодна яркім, не па-вераснёўску шчодрым сонцам, яно ўмясціла мноства незабыўных фрагментаў сюжэта і… прамільгнула, бы імгненне. Так заўсёды здаецца, калі адбываецца нешта надзвычай цікавае і захапляльнае.
Сярод галоўных падзей – адкрыццё памятнага знака «Янава слова», які сімвалізуе сілу роднай мовы, што аб’ядноўвае беларусаў. Скульп-турная кампазіцыя ў цэнтры горада ў выглядзе сонечнага гадзінніка з замацаваным у мармуровай чашы пяром. Тут жа выгравіравана назва сталіцы ХХV Дня беларускага пісьменства.
«Традыцыі пісьменства ў нашай краіне маюць глыбокія карані. Мы заўсёды жылі ў міралюбнасці і згодзе з рознымі народамі. Хацелася б, каб слова, само пісьменства і далей садзейнічалі гэтым памкненням», – сказаў Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
А старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падкрэсліў, як пахарашэў, абнавіўся горад да свята, і выказаў спадзяванне, што «Янава слова» будзе несці не толькі дэкаратыўную, але і адукацыйную функцыю (на памятным знаку змешчаны назвы ўсіх сталіц дзён пісьменства).
Але вернемся ў іванаўскі парк, для чаго давядзецца прайсціся ад фестывальных экспазіцый і павільёнаў кнігі і прэсы (з «друкарскім дваром ХVІ стагоддзя», выставамі абласных і раённых СМІ Брэстчыны, лепшых выданняў мастацкай і вучэбнай кнігі, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычнай літаратуры, альбомаў беларускіх выдаўцоў, паўдзельнічаць у прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіях і г. д.), уздоўж шыкоўнага імправізаванага горада майстроў, які раскінуўся, лічы, на ўсіх цэнтральных вуліцах; палюбавацца на ўсю рукастваральную прыгажосць, якую падрыхтавалі да свята.
Мастацка-тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся!» прайшла на адным дыханні. Дарэчы, над яе сцэнарыем працаваў наш зямляк Алесь Бадак. Сказаць, што гэта было непаўторна, што дзея на сцэне прайшла праз сэрцы ўсіх, хто быў яе гледачом, значыць не ў поўнай меры ацаніць убачанае-пачутае. Таму што не гледачы знаходзіліся ў імправізаванай зале пад адкрытым небам, а саўдзельнікі прыгожага, глыбоказмястоўнага дзейства. Шыкоўная праграма, любімыя выканаўцы (артысты купалаўскага тэатра, Ірына Дарафеева, «Беларускія песняры», «Бяседа», з якімі побач не менш ярка ўспрымаліся баранавіцкі ансамбль «Фіеста», Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» з Іванава – сапраўдны цуд!).
Адным словам – чыстая нота, высокае майстэрства. І пранізлівая, такая шчырая любоў да адраса, які туліцца ў кожным сэрцы і які на канверце не напішаш, але памятаеш, шануеш, даражыш ім усё жыццё – да тваёй малой радзімы, была прычынай таго, што ўсе ўдзельнікі і госці свята ўсталі, калі гучаў заключны нумар канцэрта – песня пра Беларусь.
У гэты дзень у Іванаве адбылося столькі незабыўных і знакавых падзей, што іх хопіць для напісання многіх старонак хронікі беларускага пісьменства. Раніца пачалася Божай Літургіяй у Храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы і перадачай Благадатнага Агню ад Труны Гасподняй на лампадкі і свечкі прыхаджан. Удзельнікі традыцыйнай рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», што праводзіцца па блаславенні Беларускай праваслаўнай царквы, якія прыбылі ў райцэнтр 1 верасня, непасрэдна ў святочны дзень пасадзілі Сад Малітвы на тэрыторыі беларускамоўнай СШ № 4.
Да юбілейнага Дня пісь-менства Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла мастацкі канверт з салідным тыражом 20 тысяч экзэмпляраў, упрыгожаны эмблемай свята і гербам Іванава. Дарэчы, на канверце выява плошчы горада з Пакроўскай царквою, Крыжаўзвіжанскім касцёлам і будынкам райвыканкама – такая цікавая адметнасць гэтага райцэнтра.
Цырымонію гашэння гэтага маркіраванага канверта правялі намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс і старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун.
Па словах генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Уладзіміра Матусевіча, спе-цыяльныя паштовыя праекты і памятнае гашэнне становяцца традыцыяй Дня пісьменства. Канверты будуць адпраўлены практычна ва ўсе краіны свету – краіны Сусветнага паштовага саюза, у які ўваходзяць 192 дзяржавы. І ўсюды праз выяву на канверце адрасаты даведаюцца пра цудоўны палескі горад Іванава.
А ён, гэты шчасліўчык, што стаў сталіцай Дня нашага пісьменства, не стамляўся ўражваць культурнымі прапановамі, фестывалем кнігі і прэсы, прэзентацыяй турыс-тычнага патэнцыялу Брэсцкага рэгіёна, рэспубліканскай акцыяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!», спакуслівымі прапановамі гасціннага фэсту нацыянальнай кухні і прадукцыі нашых прадпрыемстваў, спартыўнымі спаборніцтвамі, шматлікімі міні-канцэртнымі пляцоўкамі, дзе спявалі і танчылі.
«Пакуль застаецца памяць, будуць палешукі», – ліліся словы песні, і каментарый суседа побач: «Вось з чым трэба ехаць на Еўрабачанне! Поспех, мяркую, наканаваны» мне чамусьці не хацелася аспрэчваць.
Ляхавічы ў свяце прымалі ўдзел, і дэлегацыя на чале з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Іванам Шматко крочыла ў калоне святочнага шэсця, прысутнічала на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Дня, на мастацка-тэатралізаванай дзеі «Малой радзіме пакланюся!». З сяброўскай дружалюбнасцю ўразіліся не толькі святам, але і самабытным дагледжаным горадам, які патанае ў кветках і зеляніне, дзе ўздоўж вуліц безліч каштанаў, бяроз, ліпаў, вербаў, цэлыя рабінавыя алеі. Як жа гэта міла воку, як жа правіль- на – прыгожа і мэтазгодна.
А потым адбылося тое, што і павінна было адбыцца напрыканцы праграмы: урачыстая перадача эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Слоніму, які ў наступным годзе будзе ў статусе сталіцы гэтага свята. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч гаварыў пра мноства эмацыянальных цёплых момантаў, якія прынёс іванаўскі Дзень беларускага пісьменства, пра ўдзячнасць усім жыхарам гэтага краю, пра тое, што свята было арганізавана на высокім узроўні: «Спадзяюся, што не менш хвалюючым яно будзе ў 26-ы раз у старажытным Слоніме, які мае багатую гісторыю, традыцыі кнігадрукавання і асветы».
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Зорны час

На галоўнай сцэне свята адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» за творы, напісаныя ў 2017 годзе. У намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» пераможцам названы Казімір Камейша за зборнік вершаў «Высокі бераг»; у намінацыі «Лепшы твор прозы» – Васілій Шырко за кнігу «Я нязваны госць»; у намінацыі «Лепшы твор драматургіі» за зборнік п’ес – Георгій Марчук; аўтарам лепшага твора публіцыстыкі стала Зінаіда Дудзюк за кнігу «Пара высокага сонца»; у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» названа кніга Івана Штэйнера «Смехъ зъ больстию смешанъ будеть: смехавыя традыции Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя»; у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» перамагла Вольга Нікольская з яе кнігай «Похищение шедевра, или Новые приключения агентов «Колбафиржик»; у намінацыі «Лепшы дэбют» – Юлія Алейчанка за кнігу «Пад чароўным шкельцам».

ХАЧУ СКАЗАЦЬ!

Шчаслівы дзень

… Да іванаўскага парку крочаць дэлегацыі раёнаў. Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Жабінкаўскі. А вось і наша Ляхавіцкая дэлегацыя. Не быць шчаслівым у гэты дзень, здаецца, было немагчыма. Сваімі ўражаннямі ад святкавання Дня пісьменства дзеляцца ляхавічане, якія пабывалі ў цэнтры падзеі.

Алег Траццяк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Для кожнага беларуса гэта асаблівае свята, важная і важкая падзея. Быць у першую нядзелю верасня менавіта ў цэнтры падзеі лічу за шчасце. Уразіў маштаб урачыстасцяў, якія натхнялі, абуджалі ў душы жаданне расказаць пра наш раён і яго культурную спадчыну. Па-добраму пазайздросціў іванаўцам і мару пра тое, каб аднойчы сталіцай Дня беларускага пісьменства сталі Ляхавічы. Тым больш, нам ёсць што расказаць і паказаць. І нам ёсць куды расці, творча ўдасканальвацца.

Наталля Петухова, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Востраўскай СШ:
– Сказаць, што мне спадабалася – гэта нічога не сказаць. Такі культурны «шок», ад знахо-джання ў пастаянным захапленні ад таго, што адбываецца вакол. Падумала, што атрымліваць веды можна не толькі па падручніках і энцыклапедыях, а, напрыклад, тут, у сталіцы Дня беларускага пісьменства. Не прачы- таць – паглядзець, як працуе друкарскі станок XVI стагоддзя ў XXI-ым. Гэта штосьці неверагоднае – як з-пад лёгкай рукі майстра атрымліваюцца збанкі, плятуцца кашы, выразаюцца драўляныя вырабы. Эксклюзіўныя экспанаты, сустрэчы з цікавымі і таленавітымі людзьмі, узвышаны настрой, безліч уражанняў і інфармацыі – гэта ўсё свята з іванаўскім адрасам, якое не забудзеш.

Іна Зубік, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Першая нядзеля верасня, незалежна ад надвор’я, заўсёды сонечная, цёплая, і эмоцыі перапаўняюць. Гэта ўсё Дзень пісьменства! У Іванаве не важна было, з якой ты вобласці, горада ці вёскі прыехаў. Мы адчувалі еднасць і гонар за нашу краіну. Калі ўзгадвала, што з Ляхавіч, многія суразмоўцы прызналіся, што з нашай малой радзімай у іх звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Напрыклад, літаратар і кампазітар Дзмітрый Пятровіч быў шчыра рады сустрэчы з ляхавічанамі, гаварыў, што яго мама родам з Галаўнінцаў. Паабяцаў прыехаць на наш літаратурны фэст. Будзем чакаць!

Вольга Пляшэвіч, дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
– Цудоўнае свята кнігі і прэсы, свята нашай роднай мовы. Гістарычны шлях развіцця пісьменства і друку зафіксаваны ў кожным сюжэце выставы – ад старажытнасці да сучаснасці: друкарскі дворык, эксклюзіўныя беларускія выданні, бібліятэка пад адкрытым небам, сучасная перыёдыка – да ўсяго можна дакрануцца ў прамым і ў пераносным сэнсе, адчуць веліч беларускага слова. Упершыню Дзень пісьменства сустракала ў яго сталіцы. Уражанняў не перадаць! Як бібліятэчны работнік завітала ў мясцовую бібліятэку, якая ператварылася ў творчую пляцоўку.
Некалькі ідэй прывезла з Іванава, менавіта наконт кніжных выстаў.
Дзень пісьменства – яшчэ і ўнікальная магчымасць пазнаёміцца асабіста з беларускімі пісьменнікамі, набыць кнігу і атрымаць аўтограф. Дарэчы, пісьменнік Георгій Марчук, які сярод пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, паабяцаў у кастрычніку завітаць у ляхавіцкую купалаўку на творчую сустрэчу.
Запісала Маргарыта КУХТА.

3 thoughts on “Ва ўсю Іванаўскую! Святкавала ўся Беларусь. Брава, Брэстчына! Дзякуй, Іванава! Нататкі, замалёўкі, фота з юбілейнага XXV Дня нашага пісьменства.

  • 04/09/2018 в 22:11
    Permalink

    По-доброму завидую всем, кто побывал в прошлые выходные в Иваново! Увиденное в трансляциях с праздника, прочитанное в республиканских газетах очень впечатлило! Ройонка своим репортажем ещё больше усилила и без того суперские эмоции!На самом деле, вот бы в Ляховичском районе провести такой масштабный праздник. Тем более поводов для этого немало— у нас такое богатое культурное и историческое наследие.

  • 05/09/2018 в 08:52
    Permalink

    По тв нашу делегацию не увидела, вечером на сайте нашем уже были фотки, класс!

  • 05/09/2018 в 10:51
    Permalink

    По ОНТ в новостях в тот же день наша делегация крупным планом «засветилась».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *