Хто ў лесе гаспадар. У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу, у тым ліку – Ляхавіцкага лясгаса

Лес жыве па сваім, звыклым, раскладзе. Большасць з нас спяшаецца сюды на адпачынак, за яго шчодрымі дарамі. А вось для людзей у зялёнай – колеру лесу – форме гэта месца работы, яны – лесаводы. Асноўны вынік іх разнапланавай дзейнасці праяўляецца праз дзесяцігоддзі і працуе на будучыя пакаленні.

Штучная прафесія

І ўсё ж прафесія лесавода штучная.
– Мы маем справу не з хвіліннымі праблемамі, а са шматвяковымі клопатамі, якія для звычайнага чалавека не заўсёды заўважныя. Амаль кожнага хвалюе, якім будзе сёлетні хлебны ўраджай. Але наўрад ці многія задумваюцца, ці будуць гаманіць праз 200 гадоў лясы – гэта ж вельмі далёка. Для нас, занятых у лясной гаспадарцы, гэта клопат сённяшняга дня, – разважае дырэктар ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» патомны лесавод Міхаіл Свістун.
Беражліва-клапатлівыя адносіны да зялёнага сябра і яго багаццяў для ляхавіцкіх профі не проста выкананне сваіх прафесійных абавязкаў захоўваць і прымнажаць, а жыццёвы стыль. У Год малой радзімы такая пастаноўка пытання асабліва актуальная. Каля лясніцтваў раёна  ствараюцца цікавыя «супольнасці» мясцовых і экзатычных дрэў і кустоў, злучаных дарожкамі, аздобленых альтанкамі, альпійскімі горкамі і г. д. І гэта прыклад для землякоў, як стварыць прыгожы прыродны куточак ля ўласнага дома.
Рыхтуючы матэрыял пра лясгас, заўсёды адзначаю, наколькі цяжка дырэктару прадпрыемства называць прозвішчы лепшых. І не таму, што мала хто такога звання дастойны, а наадварот, кожны з 247 тутэйшых працаўнікоў –  майстар сваёй справы. Трады-цыйна сярод узнагароджаных да прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – ёсць і нашы землякі. Так, сёлета Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі ўручана майстру лесу Андрэю Круку, грамата Міністэрства – вадзіцелю Уладзіміру Кендышу, Падзякі міністра ўдастоены станочнік цэха дрэваапрацоўкі Віктар Мажэйка. Нагрудны знак «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» заззяе на форме леснікоў Івана Амельяновіча і Уладзіміра Лук’янчыка. Ганаровымі граматамі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання за паспяховую работу адзначаны інжынер па якасці Юлія Сауціна, вадзіцель Сяргей Махнач і вальшчык лесу Іван Татарыновіч, ляснік Аляксандр Кулікоў і майстар лесу Валерый Зелянеўскі. Сёлета ў красавіку вальшчыку лесу Востраўскага лясніцтва Мікалаю Зубіку ўручаны медаль «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў».
Дырэктар прадпрыемства сцвярджае: у сённяшнім поспеху калектыву значная заслуга і тых, хто раней працаваў у лясгасе, а цяпер на заслужаным адпачынку – шаноўных ветэранаў галіны. Пераемнасць пакаленняў – яшчэ адна важная адметнасць Ляхавіцкага лясгаса, дзе цэняць вопыт знаўцаў справы, з задавальненнем пераймаюць яго. Трэба адзначыць, што і змена расце дастойная. У лясгаса наладжаны цесныя стасункі са школамі раёна, асабліва плённыя з Тальмінавіцкай, Крывошынскай, Навасёлкаўскай, Малагарадзішчанскай, Востраўскай. Рабяты не толькі актыўна дапамагаюць у пасадцы лесу, добраўпарадкаванні тэрыторыі, але і паступаюць у профільныя ВНУ – будуць лесаводамі.

Дырэктар лясгаса  Міхаіл Свістун.

Мадэрнізацыя,  вытворчасць,  экспарт

Па словах Міхаіла Свістуна, калі ў Мядзведзіцкім, Куршы-навіцкім і Навасёлкаўскім лясніцтвах работа пойдзе ў такім жа вытворча-стваральным накірунку, як у Ляхавіцкім, Крывошынскім і Востраўскім падраздзяленнях, то вытворчасць будзе яшчэ больш важка плюсаваць, а дабрабыт тутэйшых працаўнікоў павысіцца ў разы. Каб мары сталі рэальнасцю, неабходна прыкласці нямала намаганняў і кіраўніцтву, і ўсяму калектыву. Асаблівая ўвага на мадэрнізацыю і тэхнічныя навінкі. І ў гэтым накірунку зроблена нямала. Першыя крокі на ляхавіцкіх лесанарыхтоўках робіць адзіны ў сваім родзе мнагапрофільны агрэгат «харвестар» (набыты па крэдыце Сусветнага банка развіцця). Ён замяняе работу 15-20 вальшчыкаў лесу. А кіруе цуда-тэхнікай Аляксандр Чалевіч.
Выдатна зарэкамендаваў сябе на вытворчасці і новы станок для перапрацоўкі драўніны, з яго дапамогай адходы ператвараюцца ў дранку – выгадны паліўны матэрыял, запатрабаваны не толькі ў нашай краіне, але і ў Літве.
Дарэчы, пра экспарт. Ляхавіцкія піламатэрыялы (менавіта для іх больш якаснай апрацоўкі набыты станок па перапрацоўцы балансавай драўніны) адпраўляюцца ў Польшчу і Германію, а фінскі дрэвакольны станок дазволіць пашырыць выпуск прадукцыі на экспарт.
На 2019 год у Ляхавіцкім лясгасе планы вялікія. У першую чаргу яны звязаны з устаноўкай новай лініі па выпуску піламатэрыялаў, што дасць магчымасць павялічыць колькасць выпускаемай прадукцыі, частка якой пойдзе на экспарт. А пашырэнне цяплічнай базы дазволіць поўнасцю забяспечыць уласныя патрэбы ў пасадачным матэрыяле.

Майстар лесу Антон Гардзей і памочнік  ляснічага Яўгеній Рацэвіч у цяпліцы.

Мовай лічбаў

Ляхавіцкі лясгас упэўнена трымае марку моцнага прыбытковага прадпрыемства. Як расказала начальнік эканамічнага сектара Валян-ціна Мельнічэнка, сёлета за восем месяцаў выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 118,2 працэнта да аналагічнага мінулагодняга паказчыка, а рэнтабельнасць 20 працэнтаў пры плане 7 працэнтаў. Тэмп росту прадукцыйнасці працы – 107,5 працэнта (план 102, 4 працэнта), што надзвычай істотна для лясной галіны. Агульны аб’ём экспарту па лясгасе 368 тысяч долараў ці 135,7 працэнта да запланаванага. І пра зара-ботную плату: сярэдняя па прадпрыемстве за жнівень – 921,5 рубля.

Сярод лесаводаў нямала сямейных    дынастый. Чаму? Можа таму, што дзеці, унукі хочуць убачыць вынік той справы, якой прысвячаюць жыццё іх бацькі і дзеды,    і прадоўжыць яе…

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Шаноўныя работнікі лясгаса,   паважаныя  ветэраны-лесаводы!

Шчыра віншуем вас з прафесійным святам!  Захаванне і аднаўленне лесу – складаная і ганаровая справа, якую вы выконваеце сумленна і адказна.

Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, радасці ад кожнага дня, поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Дырэкцыя і прафкам ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас».

Начальнік цэха  дрэваапрацоўкі Яўгеній Наркевіч   і станочнік Сяргей Філіповіч.

Інжынер Юрый Цюлянкоў і майстар  Руслан Міснік.

«Харвестарам» кіруе Аляксандр Чалевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *