Апетытны перапынак. Навасёлкаўскую школьную абноўку ўжо ацанілі і вучні, і работнікі сталоўкі

Дырэктар Навасёлкаўскай СШ Святлана Шпак  такому абнаўленню рада.

Ён «пасяліўся» ў сценах Навасёлкаўскай сярэдняй школы ў гэтым навучальным годзе. 17 верасня стала першым рабочым днём для капітальна адрамантаванага і мадэрнізаванага харчовага блока. Работы насілі татальны характар і далі на выхадзе такое ж суцэльнае абнаўленне аб’екта. Да кухні, якая раней складалася з аднаго пакоя, дабавіліся сумежныя памяшканні. Адпаведна, дабавілася карыснай плошчы, дзе і размясціліся неабходныя цэхі: мяса-рыбны, для работы з агароднінай. Старыя варачныя пліты, якія, па словах дырэктара школы Святланы Шпак, патрабавалі частага рамонту, заменены на больш прадукцыйныя і пры гэтым менш энергазатратныя. З’явілася дадатковае кухарскае і іншае спецыялізаванае абсталяванне.

Харчаблок набыў стандартную ў сваёй катэгорыі аўтаномную функцыянальнасць. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына на просьбу пракаменціраваць факт і вынік трансфармацыі школьнай фабрыкі харчавання адзначыў, што створаны ўмовы, неабходныя для захавання тэхналогіі прыгатавання страў. Значна палепшыліся санітарна-бытавыя ўмовы. У гэтым плане работнікі харчаблока атрымалі ўсё згодна з нарматыўнымі патрабаваннямі.
Свежа, светла і апетытна выглядае абедзенная зала. Спакойна-бадзёры колер сцен, у тон ім – падлога. Не драўляная, як раней, а керамічная. Увогуле, сталоўка выглядае гарманічна. Нават мэбля, хоць і з’яўляецца адным з нямногага, што засталося ад старога харчаблока, гэтай гармоніі ніколькі не супярэчыць, упісваецца ў агульны інтэр’ер і цалкам функцыянальная. За кожным з 11 сталоў могуць з камфортам размясціцца 6 чалавек.
У Навасёлкаўскай СШ сёння атрымліваюць веды 99 вучняў. Канешне, усе яны наведваюць школьную сталовую. Большасць прыходзіць сюды толькі за абедам. А 37 школьнікаў з груп падоўжанага дня харчуюцца тройчы: сняданак, абед і полудзень. У Навасёлках дзве такія групы. Многія з гэтых груп не аграгараджане – жыхары іншых вёсак, якіх у школу і пасля дамоў дастаўляе аўтобус. Трэцякласнік Васілій з іх ліку. Жыве ў Сваятычах, наведвае адну з груп падоўжанага дня. Змены, якія адбыліся ў харчаванні пасля рэканструкцыі харчаблока, адзначыў па-дзіцячы непасрэдна: катлеты тут цяпер гатуюць не горш за маміны.
Алег – дзесяцікласнік, і ў маладога чалавека свой, «дарослы» каментарый адносна сітуацыі:
– Класна! Атмасфера абедзеннай залы паляпшае апетыт. З задавальненнем хаджу ў сталоўку. Усё смачна, повары ў нас добрыя.
Гэта меркаванні галоўных «ацэншчыкаў» новага харчаблока, тых, для каго пераўтва-рэнні і ажыццяўляліся. Дзеля іх здароўя і высокай паспяхо-васці. Пра гэта, дарэчы, нагадвае выведзены ў адмысловым месцы надпіс: «Здаровае харчаванне – умова добрай паспяховасці».
Яго – здаровае харчаванне –  выхаванцам Навасёлкаўскай школы непасрэдна забяспечваюць тры работнікі. Галоўная на кухні повар Марыя Еўхач дзеліцца ўражаннямі:
– Вельмі прыгожа, усё новае, з’явілася дадатковае абсталяванне. Хоць работы стала больш: адна справа працаваць з паўфабрыкатамі і зусім іншая –
гатаваць самім. Але стравы, лічу, сталі больш «здаровымі». Дзецям падабаецца!
На капітальны рамонт школьнага харчаблока з раённага бюджэту выдаткавана 224 тысячы рублёў. Работы выконвала ПМК-13.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская ўдакладніла, што на падрыхтоўку харчаблокаў да навучальнага года зрасходавана каля 250 тысяч бюджэтных рублёў. Акрамя Навасёлкаўскай, дзе выкананы капрамонт, у харчаблоках школ і дзіцячых садоў раёна праведзены касметычныя рамонты, дакуплялася тэхналагічнае абсталяванне, кухонны інвентар, мэбля.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Шэф харчаблока Марыя Еўхач і яе каманда – кухонная рабочая Алеся Кардаш і повар Святлана Краснянкова (злева направа).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *