Другі хлеб «Жарабковіч»

У выпадку з ААТ «Жарабковічы» агульнапрынятая назва «другі хлеб» у адрас бульбы можа і не спрацаваць. Бульба для гаспадаркі, канешне, хлеб, але, калі ацаніць сітуацыю з пазіцыі эканомікі, аб’ёмаў фарміравання бюджэту, у другога хлеба гаспадаркі салодкі смак. І нялёгкі працоўны прысмак, улічваючы колькі сіл, напружання, рэсурсаў забірае вырошчванне цукровых буракоў: сяўба, доўгая і складаная сістэма догляду, уборка, якая, з улікам іх плошчаў – 900 гектараў, таксама доўжыцца многія тыдні. Зараз яе час, які становіцца перыядам кругласутачнай работы для буракаўборачнага камбайна. Штурвал па чарзе «дзеляць» паміж сабой чатыры механізатары. Стартавалі напрыканцы першага тыдня восені і на бягучы момант пройдзена прыкладна трэцяя частка дыстанцыі. Ураджайнасць караняплода мяняецца ад поля да поля і нават ад аднаго палявога лапіка да другога. Але ў цэлым выражаецца «салодкай» лічбай – 530-540 і больш цэнтнераў з гектара.

Машыніст буракаўборачнага камбайна ААТ «Жарабковічы» Дзмітрый Лук’янчык.

У дзень, калі на жарабковіцкія землі наведаліся карэспандэнты «ЛВ», буракаўборшчыкі гаспадаркі мянялі дыспазіцыю: размешчаны ў палях паміж Канюхамі і Жарабковічамі магутны салодкі клін быў скамбайнаваны. Адбылася «пераадрасоўка» ў ваколіцы вёскі Трабавічы.
Лілія Праневіч трымае на рахунку накапаную і адгружаную ў накірунку спажыўца прадукцыю, афармляе неабходныя паперы. Даведваемся, што ўжо з новага поля на буракапрыёмны пункт у Баранавічы адпраўлена чатыры аўтамабілі-паўпрычэпы. Кожная з транспартных адзінак здольна «ўзяць» на сябе каля двух дзясяткаў тон караняплода. Рэйс за рэйсам, і ў іншыя суткі атрымліваецца вывезці з поля да тысячы тон буракоў. Працоўным месцам падлікоўцы з’яўляецца вагончык на колах. Мабільнасць вагончыка сінхранізавана з картай палявых пераездаў камбайна.
Юрый Славута – адзін з квартэта кіроўцаў буракаўборачнага камбайна. За штурвалам «Холмера» знаходзіцца з моманту з’яўлення гэтага экзэмпляра машыны ў гаспадарцы. Камбайн ведае да дробязяў і не без іскрынкі ў душы расказвае пра яго. Даведваемся, што ці не кожны лапік уборачнага поля вызначаецца сваёй унікальнасцю. І кожны патрабуе да сябе адмысловага падыходу – пад’езду, сказаць больш дакладна. У залежнасці ад велічыні буракоў, адметнасцяў і структуры іх пасадкі, наяўнасці пустазелля, стану глебы, іншых абставін і фактараў неабходна змяняць параметры рэгуліровак рабочых органаў агрэгата. Напрыклад, узровень зрэзвання бацвіння, велічыню заглыблення, скорасць руху, іншае. Рэдкія параметры работы пад кантролем трымае аўтаматыка, але галоўнае – чалавек за рулём. Ад яго прафесіяналізму, уважлівасці, умення «чытаць» палявую карту і ў адпаведнасці з гэтым уносіць карэктывы ў працэс залежыць якасць уборкі.
Фізічна не складана, – гаворыць Юрый. – Ніякіх рычагоў –  усё на кнопках і з дапамогай джойсціка. Тэхніка для работы і для чалавека.
Усё гэта і не толькі Юрый расказаў да таго, як заступіць на ўборачную вахту, змяніць за штурвалам свайго напарніка Дзмітрыя Лук’янчыка, чый працоўны дзень завяршаўся.
ульбаўборачнаму камбайну прасцей: падкопвай, з дапамогай сістэмы канвеераў вытрэсвай і складзіруй у бункер клубні. Калі меркаваць па важкасці гектара, у гэтым годзе яны ў «Жарабковічах» яшчэ і дастаткова залатыя – па выніках работы аднаго дня выйшла амаль 370 цэнтнераў. Прыгожыя, вялікія ці вялікія плюс, чыстыя, амаль без механічных пашкоджанняў. З некалішняй палітры сартоў сёлета тут займаюцца толькі «скарбам» і «брызам» (адпаведна, сярэдняпозняга і сярэдняранняга тэрміну паспявання). Жарабковіцкая бульбяная эпапея – бы мадэль канвеера. З-пад камбайна, транзітам праз кузаў аўтамабіля клубень трапляе на бульбасартавальны пункт, які, дарэчы, адпачывае нячаста. За дзень у стане справіцца з больш як дзвюма сотнямі тон прадукту: падзяліць па памерах, якасці і ў залежнасці ад гэтага прысвоіць кожнай з партый свой статус. Харчовая гэтым часам актыўна прадаецца. І па лініі кааперацыі з прыватным бізнесам, і шляхам   адгрузкі на склады адной з Мінскіх агароднінных баз. Менавіта туды якраз і накіроўваў свой КамАЗ з 14-цю тонамі ўраджаю Віктар Ярашук. Знаходзяцца пакупнікі і на бульбу-нестандарт, і нават на «шрот». За дробнай у якасці корму для жывёлы нярэдка звяртаецца насельніцтва. Аддаюць па дзве капейкі за кілаграм, расказвае намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч.
Пасада Дзмітрыя Дыдышкі звычайная – аграном. Адказвае ён за бульбу: ад пасадкі да копкі і ад копкі да пасадкі. Гэта азначае – і за яе вырошчванне, і за захоўванне. З мэтай апошняга ў «Жарабковічах» пабудавана адмысловае сховішча, разлічанае на 3 тысячы тон клубняў, – сплаў тэхналогій, скіраваных на максімальна здаровыя ўмовы доўгатэрміновага захоўвання клубняплодаў. Аказваецца, першыя два тыдні пасля копкі для бульбы ў сховішчы «арганізуецца» лячэбны перыяд і адбываецца працэс зажыўлення рознага роду пашкоджанняў. Пасля – перыяд захоўвання, які яшчэ называюць спячкай. Сховішча «нафаршыравана» мноствам датчыкаў, і чалавек, які кантралюе працэс, можа рабіць гэта не адыходзячы ад манітора камп’ютара. Як адзначыў Дзмітрый Дыдышка, у сховішчы «на лячэнні» ўжо знаходзіцца частка новага ўраджаю. І з кожным кругам уборачнага камбайна закладкі павялічваюцца. А занятыя пад бульбу плошчы змяншаюцца. Са стартавага 101 гектара застаецца ўсё менш.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *