Калі дрэвы былі вялікія

Дзіўная рэч памяць. Здавалася б, столькі гадоў прайшло, а сустрэліся з мінулым, і зноў усё ажыло, набылі свае каляровыя адценні і значнасць тыя далёкія падзеі, выпадкі, заканамернасці. Мы нібы ўчора развіталіся, бо, пераступіўшы парог школы і абняўшыся пасля доўгага расстання, раптам сталі ўсе тымі ж школьнікамі, што былі некалі — тады, калі дрэвы здаваліся нам вельмі вялікімі.

У спартыўнай зале, куды найперш рушыла наша былая баскетбольная каманда, кожнаму хацелася ўзяць у рукі мяч, не хапала толькі прысутнасці трэнера, любімага ўсімі Івана Іванавіча Корсака. У класах кожны беспамылкова знайшоў сваё месца за партай, і пачаліся ўспаміны…

Класны кіраўнік «Б» класа Валянціна Фёдараўна Казлова вельмі сціплая і прыгожая жанчына — з любоўю выкладала родную мову і сваёй шчырасцю захапляла і нас. Прайшло столькі часу, а нехта з адна-класнікаў і сёння прадэкламаваў радкі з верша Пімена Панчанкі:

О, белыя яблыні,

белыя яблыні!

Пялёсткаў шалёны,

хвалюючы пах.

Дзяўчаты пужлівыя,

хлопцы нязграбныя

І хмель веснавы

на гарачых губах…

Як мы любілі нашу Валянціну Фёдараўну! Бадай што гэтак, як і вучні з «А» класа сваю Таццяну Іванаўну Штундзер — строгую і смяшлівую, патрабавальную і ўсёдаруючую. Яе руская мова стала для многіх вучняў роднай.

Успаміналі настаўнікаў і звязаныя з канкрэтнымі асобамі прыгоды, гісторыі. Дарэчы, пра гісторыю. Яе выкладаў заўсёды заняты гаспадарчымі справамі дырэктар школы Аляксей Фёдаравіч Новік. Мы, галоўным чынам, пісалі рэфераты і самастойна працавалі над новымі тэмамі, аднак, усе жалезна засвоілі «каронную» фразу настаўніка:»Жыццё сялян у той перыяд было даволі трудным, даволі цяжкім было жыццё сялян у той перыяд. Яшчэ раз паўтараю…» Няхай даруе нам Аляксей Фёдаравіч (яго даўно ўжо няма ў жывых), але мы памятаем, як аднойчы ён узяў нас «у палон»: «рукі ўгору!» — гукаў ён на расшумеўшыся клас, і мы ўсе падпарадкаваліся яго патрабаванню…

Вельмі добрыя ўспаміны засталіся пра намесніка дырэктара школы Мікалая Аляксеевіча Казлова, настаўніцу біялогіі Вольгу Іванаўну Сіўковіч,  хіміі — Соф’ю Максімаўну Таранда, матэматыкі — Алену Яфімаўну Новік, настаўніка нямецкай мовы — Івана Сямёнавіча Кандратовіча і, зразумела ж, пра першую настаўніцу — Ганну Антонаўну Ждановіч, з дапамогай якой, па сутнасці, і пачалося станаўленне кожнага з нас як асобы. Усе яны, гэтыя цудоўныя людзі, ужо закончылі свой зямны шлях. З сумам і жалем мы прыгадалі ўсіх паімённа сваіх аднакласнікаў, якія заўчасна пайшлі з жыцця…

40 гадоў — сур’ёзны адрэзак часу, які даў кожнаму з нас шанц быць кавалём свайго лёсу. І сёння прыемна адзначыць, што многія аднакласнікі выкарысталі яго варта: атрымалі выдатныя прафесіі, стварылі сем’і, выгадавалі дзяцей, маюць унукаў. Пасля памятнага апошняга школьнага званка і традыцыйнай сустрэчы ранку новага дня на рамонкавым лузе непадалёку ад возера, з многімі так і не бачыліся, а сустрэліся — нібы і не было тых 40 гадоў расстання. Мы толькі крыху пасталелі — не пастарэлі. Саша Барташэвіч, які прыехаў на сустрэчу з Віцебскай вобласці, хіба што крыху «змяніў» сваю прычоску, а ўсё такі ж мажны, прыгожы мужчына — былы настаўнік геаграфіі, а цяпер прадпрымальнік. Волечка Зянюк — наша пташка пеўчая — прыляцела на сустрэчу з Эстоніі. Некалі ні адзін школьны вечар не  абыходзіўся без песень Вольгі — прыгажуні з русай касой. Яна ўсё такая ж, толькі яшчэ раскрыла ў сабе мноства талентаў: піша вершы пра родную старонку, малюе, займаецца спортам і па-ранейшаму спявае беларускія песні. Валя Леваш, эканаміст па адукацыі, добразычлівая, з гумарам. Яна пры-зналася, што, ідучы на сустрэчу, хвалявалася так, як перад уласным вяселлем. Сонечка Язэпчык жыве і працуе ў Клецку, выгадавала дзвюх дачок-прыгажунь і, хоць іншы раз жыццё падкідвала  сур’ёзныя выпрабаванні, яна не здаецца: вясёлая, заўзятая, як і 40 гадоў назад. Усё такі ж стройны і элегантны Алёша Парасевіч — наш матэматык, клапатлівы бацька дзвюх дачок і бязмежна любячы сваіх унукаў дзядуля. Амаль не змянілася знешне Ніна Праневіч, хіба што сівізна ў валасах, але ж гэта не галоўнае ў жыцці, як лічыць аднакласніца. Яна і праз дзесяцігоддзі пранесла добрыя сяброўскія пачуцці да сваіх адна-класнікаў і па-ранейшаму бязмежна любіць сваю родную вёску, вяскоўцаў, сваю краіну. Люба Карповіч, Валя Шода, Оля Дучынская, Іра Парасевіч, Вася Саматошанка — пра кожнага можна гаварыць бясконца і вельмі шчыра.

— А памятаеце нашы рамантычныя сустрэчы на мосце праз возера? — падкінуў нехта яшчэ адну тэму для ўспамінаў. Зразумела ж, памятаем, бо іменна там было месца сустрэчы закаханых. Сцёпа Праневіч з гітарай чакаў Таню Савош. Рамантыка тых дзён, першае нясмелае  каханне, якое перарасло ў сапраўдныя пачуцці, якія яны і сёння шчыра берагуць: у шчаслівай сям’і Сцяпана і Таццяны выраслі сын і дачка, гадуюцца ўнукі.

Усяго 14 з 53 аднакласнікаў прыйшлі на сустрэчу праз 40 гадоў. У лічбавым выражэнні — нямнога, у жыццёвым — усе тыя, каму была патрэбнай гэтая сустрэча, каб не парушылася  сувязь з былым, родным і блізкім, каб не счарсцвела душа.

Не поўным быў бы расповяд пра гэтую жаданую сустрэчу аднакласнікаў, каб не адзначыць яшчэ адну вельмі важную акалічнасць: радушша сённяшняга дырэктара Жарабковіцкай СШ Святланы Гаўрыленя, якая аддала школу ў наша распараджэнне на цэлы дзень. Гасцінна сустрэў маіх аднакласнікаў старшыня СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько.

…Мы не будзем чакаць больш юбілейных дат, мы штогод будзем прыходзіць па добра вядомым нам і дарагім адрасе: Жарабковіцкая СШ, адкуль сцяжынка вывела нас на прасцяг жыцця.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *