“Быт” супраць злачынства
Праблема бытавога насілля, на жаль, існуе. Часам для таго, каб вырашыць складанае пытанне, знайсці выйсце з існуючай сітуацыі, дастаткова мужу ці жонцы пайсці на кампраміс. Але так адбываецца не заўсёды.
З 11 па 22 ліпеня 2012 года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праводзіцца комплекс спецыяльных мерапрыемстваў «Быт». У гэты час асаблівая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце з асобамі, што стаяць на ўліку ў РАУС, выяўленню і спыненню злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін.
З пачатку года аператыўна-дзяжурная служба прыняла 310 паведамленняў пра сямейныя скандалы. Па выніках разгляду гэтых зваротаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 267 грамадзян. Усе матэрыялы накіраваны ў суд для разгляду і прыняцця мер.
Сёлета ўзбуджаны 4 крымінальныя справы па фактах злачынстваў, учыненых на бытавой глебе. Гісторыя кожнага — трагедыя не аднаго чалавека.
Жыхар вёскі Ганчары пастаянна пагражаў забойствам сваёй жонцы — сістэматычна наносіў цялесныя пашкоджанні нажом…
Жыхара Каранеўшчыны, наогул, спіртныя напіткі пазбавілі ўсяго чалавечага — узняў руку на маці.
Тухавічанін, інвалід 3 групы, нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні сваёй сястры, вучаніцы 9 класа.
Хранічных алкаголікаў, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак, ізалююць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Так, сёлета, 9 хранічных алкаголікаў асуджаны ў ЛПП. З іх 4 «абавязаныя асобы», 4 жанчыны, 2 раней судзімыя. У наркалагічнае аддзяленне псіханеўралагічнай бальніцы «Крывошын» накіравана 65 грамадзян.
Алкагалізацыя насельніцтва, як правіла, уплывае не толькі на крымінагенную сітуацыю, але і на дэмаграфічную, прававыя ўзаемаадносіны ў сям’і і грамадстве. У сувязі з гэтым раённым выканаўчым камітэтам дадзена даручэнне старшыні райпо аб абмежаванні рэалізацыі пладова-ягадных вінаў у краме «Меркурый» райцэнтра з 23.00 да 07.00 гадзін.
З пачатку года выяўлена 35 фактаў самагонаварэння, 4 факты продажу спіртаўтрымліваючай вадкасці, канфіскавана 530 літраў брагі і самагонкі. На прафілактычным уліку ў РАУС сёння стаіць 250 чалавек.
Для таго, каб у вашай сям’і не адбылося злачынства, не бойцеся звяртацца ў міліцыю па фактах насілля ў дачыненні да вас і вашых блізкіх.
Аляксандр Бурбіцкі,
першы намеснік
начальніка РАУС