Па маршруце чысціні. Ляхавічане далучыліся да акцыі «Чысты лес»

20 кастрычніка ў лясах Ляхавіччыны прайшло вялікае прыбіранне. Наш раён актыўна далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Чысты лес», да ўдзелу ў якой лясгас запрасіў усіх жадаючых. Надвор’е спрыяла заўзятай працы, і сярод работнікаў лясной службы, школьнікаў, бээрэсэмаўцаў панаваў добры настрой. Больш за 250 чалавек ачысцілі немалы ўчастак наваколля і назбіралі каля трох кубаметраў смецця, якое нядобрасумленныя грыбнікі-ягаднікі пакідаюць пасля сябе. Без увагі ўдзельнікаў акцыі не засталіся і ўчасткі лесу, што прылягаюць да аўтамабільных дарог. Там «улоў» склаў каля сямі кубаметраў.
Намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка адзначае: год ад году брудных слядоў чалавечага адпачынку становіцца менш. Ёсць з чым параўноўваць. З гімназістамі сёлета ішлі па маршруце ад раёна вёскі Набярэжная да так званай слуцкай трасы: летась «ураджай» смецця быў большым.
Падчас акцыі работнікі лясгаса таксама ачышчалі лесасекі ад рэшткаў высечак, добраўпарадкавалі падведамасныя тэрыторыі, рыхтавалі дэндрапаркі да зімы.
Чысціня заўсёды радуе. А ў Год малой радзімы клопат пра стан наваколля набывае асаблівае гучанне. Калі кожны ўнясе свой невялікі ўклад у вялікую справу, будзе агульная карысць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва  лясгаса, БРСМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *