Ляхавіцкія вогнеборцы

25 ліпеня 1853 года ў Мінску была створана першая прафесійная  пажарная каманда. З таго часу слаўны і доўгі шлях прайшла пажарная служба, многае ў ёй мянялася, але заставалася асноўная  задача — папярэджваць, ліквідаваць пажары, выратоўваць, ахоўваць.

Сёння пажарныя займаюцца не толькі ўтаймаваннем  вогненнай стыхіі. Іх умелыя, рашучыя дзеянні накіраваны на розныя выратавальныя аперацыі, гэта і ліквідацыя наступстваў аварый на дарогах, аказанне дапамогі на вадзе, ліквідацыя надзвычайных сітуацый. Вышэйпералічанае і не толькі ўваходзіць у абавязкі супрацоўнікаў Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у тым ліку і  тых, хто служыць на пажарным аварыйна-выратавальным пасту №11 у вёсцы Ліпск.

«Адзін за ўсіх, усе — за аднаго», — менавіта па такім мушкецёрскім прынцыпе арганізавана служба ліпскіх выратавальнікаў. Яны ў любую хвіліну, нягледзячы на тое, знаходзяцца на дзяжурстве ці адпачываюць дома, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. І ў вольны ад службы час займаюцца тушэннем пажараў у лясах і на тарфяніках», — расказвае пра сваіх работнікаў начальнік РАНС Валерый Равінскі.

Камандзіры аддзяленняў Васілій Рабцэвіч, Віктар Янушкевіч,  вадзіцелі Аляксандр Собаль, Валерый Дыдышка, Віктар Дыдышка і  начальнік паста Генадзій Чаранкевіч адказна, зладжана, сумленна выконваюць прафесійныя абавязкі  з 1995 года (у гэты час быў арганізаваны ПАВП №11). Удала ўлілося ў невялікі і дружны калектыў маладое папаўненне — Сяргей Прыхач і Віктар Гатоўчыц.

Яны не проста  пажарныя, а яшчэ і выратавальнікі, бо прыходзяць на дапамогу, як толькі атрымаюць сігнал SOS. Іх  смелыя, рашучыя, прафесійныя дзеянні выклікаюць не толькі захапленне, але і ўпэўненасць у тым,  што яны  справяцца з любой  стыхіяй. Зона адказнасці ў ліпскіх выратавальнікаў немалая. Пад іх пільным наглядам — пажарная бяспека на значнай  частцы тэрыторыі Свяціцкага, Крывошынскага і Востраўскага сельсаветаў, дзе, як вядома, шмат лясоў і тарфянікаў. Да таго ж у зону іх пільнай увагі трапляюць ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» і  абласная псіхіятрычная бальніца «Крывошын» (аб’ект са знаходжаннем вялікай колькасці людзей).

Выратавальнікамі ПАВП № 11 з пачатку года патушана  6 пажараў. Сёлета  яны 5 разоў выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў на тарфяніках. А начальнік паста Генадзій Чаранкевіч да таго ж з’яўляецца  малодшым дзяржаўным інспектарам па пажарным наглядзе — займаецца прафілактычнай работай па папярэджанні надзвычайных сітуацый: праводзіць гутаркі ў школах, на прадпрыемствах,  выступае на сельскіх сходах, знаёміць з правіламі тэхнікі бяспекі, вучыць, як сябе паводзіць пры ўзнікненні пажару і г.д.

ПАВП № 11, як і іншыя падраздзяленні РАНС, адметны  добраўпарадкаванасцю падведамаснай тэрыторыі. Тут  спартыўная пляцоўка, дзе пажарныя-выратавальнікі падтрымліваюць сваю фізічную форму, клапоцяцца аб умацаванні здароўя і прапагандуюць здаровы лад жыцця, бо спецыфіка работы патрабуе шмат сіл, энергіі і вытрымкі.  Заўсёды ў ідэальным стане і штучнае возера, дзе  можна купацца. Прывабліваюць позірк кветкі і газоны, якія ўдала ўпісаліся ў агульны пейзаж.

Супрацоўнікі паста  ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства, адпрацоўваюць методыку ліквідацыі надзвычайных сітуацый. І  ў сваё прафесійнае свята яны будуць, як заўжды, на пасту. Усім ляхавіцкім выратавальнікам-пажарным «ЛВ» зычыць здароўя, бадзёрасці, дабрабыту, аптымізму і «сухіх рукавоў».

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *