Колькі Дзюймовачак у Свяціцы?

Не паверыце — ажно сем! Некаторыя жывуць тут пастаянна, а іншыя прыехалі да сваіх бабуль на летнія канікулы. Гэта Яна Шульц, Даша Буйкевіч, Віка Шпак, стрыечныя  сёстры Ліза  Арцішэўская і Ніка Маслабоева, Маша  Русакевіч і Паліна Рацэвіч. Усе яны сталі ўдзельніцамі вясёлага і яркага шоу —  «Міс Дзюймовачка-2012», якое нядаўна адбылося ў Свяціцы.

Свае здольнасці юным прэтэндэнткам на тытул трэба было паказаць у намінацыях «Раскажы пра сябе», «Пявуння», «Зрабі аплікацыю», «Гаспадынька»,»Адгадай загадку», «Чытальніца». Усе Дзюймовачкі вельмі стараліся.  Расказвалі пра сябе ў вершаванай форме, спявалі і дэкламавалі вершы. А якімі гаспадынькамі аказаліся: хуценька перабралі гарох і фасолю, зрабілі прыгожыя аплікацыі.

Незвычайную, прыўзнятую атмасферу ў зале Дома культуры стваралі вытанчаныя ўборы ўдзельніц, аздабленне сцэны, інтэр’ер, мноства кветак, вясёлая музыка. Абаяльныя вядучыя — бібліятэкар СДК Кацярына Буйкевіч і яе ўнучка Саша Вяроўка, — так артыстычна вялі праграму , што і гледачы  аказаліся ўдзельнікамі свята. У перапынках паміж конкурсамі пранікнёна спявалі Лена Параскевіч, Віка Соц і вядучая Аляксандра  Вяроўка. «Азмрочвалі » свята хіба што Баба Яга і Старая Шапакляк, якія невядома як прабраліся на конкурс. Пад выглядам прыбіральшчыц яны ўсяляк «перашкаджалі» прадстаўленню і нават выключалі святло, бо вельмі ж хацелі атрымаць падарункі! Нават з ліхтарыкам шукалі, дзе тыя ляжаць. Ды нічога  ў іх не  выйшла, а вядучыя ў рэшце рэшт дазволілі казачным героям застацца на свяце. Іх ролі  сыгралі  Ганна Буйкевіч і Яна  Русакевіч.

Нарэшце,  строгае журы падвяло вынікі цудоўнага конкурсу.

Яна Шульц стала «Міс Дзюймовачка-2012 Усмешка», Даша Буйкевіч — «Міс Дзюймовачка-2012 Зачараванне», Ліза  Арцішэўская  атрымала тытул «Міс Пяшчотнасць», Ніка Маслабоева — «Міс Жамчужынка», Віка Шпак — «Міс Іскрынка». А Паліна Рацэвіч, акрамя тытула «Міс Пявуння», атрымала  і прыз глядацкіх сімпатый.

А  галоўнай Дзюймовачкай стала самая маленькая ўдзельніца шоу Маша  Русакевіч. Яна ва ўсіх намінацыях была лепшай. Машанька з вядомай у Свяціцы шматдзетнай сям’і Ірыны і Вячаслава Русакевічаў, у якой выхоўваецца шасцёра дзяцей. Яе мамачка Ірына ўзнагароджана Ордэнам Маці.

Усе Дзюймовачкі атрымалі падарункі, а пераможца конкурсу  яшчэ і карціну з рук дырэктара СДК Мікалая Буйкевіча. Гледачы, вядома, узнагародзілі дзяўчынак дружнымі апладысментамі. Усім прысутным надоўга запомніцца гэтае незвычайнае святочнае прадстаўленне.

Спонсарам свята выступіў мясцовы прадпрымальнік Васіль Курловіч.

Вера Шыловіч, в. Свяціца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *