ДП «Нача». Медальны залік

Дырэктар гаспадаркі Мікалай Тарлюк.

Што з’яўляецца тыповым для «Начы», дык гэта паслядоўнасць і мэтанакіраванасць. Сельскагаспадарчае прадпрыемства па-добраму ўражвае стабільнай дынамікай развіцця. Няма гіганцкіх крокаў, але ёсць бесперапынны рух уперад. Усё гэта і многае іншае непарыўна звязана са зладжаным калектывам, узначальвае які выдатны гаспадар і гаспадарнік Мікалай Тарлюк. Настолькі выдатны, што сёлета, дакладней, у верасні, Мікалай Сямёнавіч быў адзначаны медалём «За працоўныя заслугі».

У гэтага чалавека, мусіць, няма нядобразычліўцаў, настолькі ён дружалюбны і справядлівы, а яшчэ аб’ектыўны і патрабавальны. Сямёнавіч сказаў Сямёнавіч зрабіў, і гэты прыклад вызначальны для калектыву.
У дзяржаўным прадпрыемстве «Нача» падыход да справы канкрэтны і выніковы, іншымі словамі, тут працуюць на вынік. Што атрымліваецца? Мяркуйце самі: за 10 месяцаў сёлета надой на карову склаў 5739 кілаграмаў малака, сутачныя прывагі БРЖ – 642 грамы. Дзяўчаты з фермы «Цэнтр» паказваюць клас! Каб гэтыя паказчыкі раслі, вельмі сур’ёзна папрацавалі і корманарыхтоўшчыкі: назапашана 27,9 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў у разліку на адну жывёліну. Ад душы пашчыравалі на нарыхтоўцы кармоў механізатары Сяргей Васько, Дзмітрый Русак, Віктар Кунцэвіч, Эдуард Чалядка, іншыя іх калегі. Відавочна, што статак «на дыеце» зімаваць не будзе, і гэта абнадзейвае наконт стабільнасці ў развіцці мяса-малочнай вытворчасці, што ў сваю чаргу гарантуе фінансавую выгаду. У цэлым для сельскагаспадарчага прадпрыемства і ў прыватнасці для кожнага працаўніка. Ну, а жывёлаводы пастараюцца не спыняцца на дасягнутым. Галоўны заатэхнік Георгій Сяргейчык расказвае пра планы, па палічках раскладвае задачы, шляхі іх вырашэння, патэнцыял і многае іншае. Настрой – на працу.
Асобнай старонкай аграрнага начаўскага сюжэта, як і належыць, было жніво. Так, выпрабоўвала хлебаробаў на вартасць і надвор’ем, і нейкімі суб’ектыўнымі момантамі. Ураджайнасць зерневай нівы – 31,4 цэнтнера з гектара, канешне, не той паказчык, на які спадзяваліся і які праграмавалі тутэйшыя хлебаробы. Аднак, параўнальна невялікі мінус супраць леташняга дасягнення не стаў крытычным для гаспадаркі. Да хлеба тут – з усёй душой і павагай. Спытайце хаця б у сямейнага ўборачнага экіпажа ў складзе братоў Васюкевічаў, з якім настроем яны ўдзельнічаюць у жніве, і пачуеце ўсю праўду: з радасцю, хваляваннем, адчуваннем асабістай адказнасці за лёс ураджаю. І пад гэтым падпішуцца літаральна ўсе хлебаробы «Начы».
…А дырэктар Тарлюк штодня здае свой галоўны экзамен менавіта перад гэтымі людзьмі, сваімі землякамі, якія вераць у яго, давяраюць яму і шчыра радуюцца, што іх Сямёнавіч заслужана стаў медалістам.
Вольга БАРАДЗІНА.

Аператар машыннага даення Марына Вайцешык.

Браты Васюкевічы: Сяргей і Віталій – калегі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *