Блізка да зямлі

Сёлета ў раёне Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай пра-мысловасці АПК праходзіць пад акампанемент і ў фарбах раённых «Дажынак». Напярэдадні падзеі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні   Іван Шматко расказаў пра вынікі аграгаліны раёна

Пра раслінаводства

Спрыяльныя па надвор’і сезоны ў хлебаробаў здараюцца вельмі рэдка, лёгкіх не бывае ўвогуле. Вось і сёлетні выпрабаваў аграрыяў на прафесіяналізм, арганізаванасць, тэхнічную аснашчанасць.
Палявы сезон завершаны: ураджай сабраны, азімыя пасеяны. А той факт, што і вал, і ўраджайнасць збожжавых у гэтым годзе атрымаліся больш нізкімі, чым у папярэднім, гаворыць пра наяўнасць рэзерваў. Абсалютна кожнай з гаспадарак ёсць у чым і дзе дабавіць, каб падняць як прадукцыйнасць хлебнага гектара, так і агульны зерневы збор. Нядрэнныя вынікі на жніве паказалі ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі». Хоць і там не ўсё цудоўна і ёсць нявыкарыстаныя рэзервы, якія добра вядомы кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў.
Прынятае сёлета рашэнне аб павелічэнні пасяўных плошчаў азімых збожжавых культур дазволіла гаспадаркам павялічыць іх на 1500 гектараў і давесці пасяўны клін да 10000 гектараў. Як паказала практыка, менавіта азімыя даюць большую частку ўраджаю.
Пацвярджэнне, што мясцовыя аграрыі ўмеюць працаваць, ляжыць у тым ліку і на «салодкіх» палетках раёна. Сярэдняя прадукцыйнасць цукровабурачнага гектара адна з самых высокіх у вобласці, як, дарэчы, і паказчык цукрыстасці. У значнай ступені дзякуючы «Жарабковічам» мы выйшлі на такі расклад, але ўлічваем, канешне, райаграсэрвіс і «Шлях новы». У сувязі з чым трэба падзякаваць аблвыканкаму, кіраўніцтву і аграрыям Баранавіцкага, Пружанскага, Пінскага, Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў за дапамогу ва ўборцы буракоў у «Шляху новым».
Нядрэнна ўрадзіла бульба.
Сітуацыю з недаборам ураджаю каласавых збожжавых некалькі выраўняла кукуруза.

Пра жывёлагадоўлю

У першую чаргу кукуруза з’яўляецца асноўнай кармавой культурай. Нарыхтоўка кармоў для сельгаспрадпрыемства – першасная задача. Раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю, а жывёлагадоўля больш як на 70 працэнтаў фарміруе эканоміку гаспадаркі. Малочная галіна служыць крыніцай штодзённых грашовых паступленняў. Выхад на аднатыпнае кармленне статка і ёсць адна з кропак росту АПК раёна. На кожнай ферме неабходны паўтарагадовы запас кармоў – не менш за 36 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву ў год. Асобныя гаспадаркі выйшлі на гэту лічбу і сёлета, хоць у сярэднім па раёне яна складае 26.
Добра правялі корманарыхтоўчую кампанію СВК «Ляхавіцкі» і ДП «Нача», нядрэнна спрацавалі нашы валаўтваральныя прадпрыемствы – ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы». Значна лепш, чым летась, запасліся кармамі ў КСУП «Востраў-Агра».
Відавочны трэнд – рост аб’ёмаў кармавых запасаў. А вось над якасцю травяністых кармоў неабходна працаваць. У гэтым таксама рэзерв павелічэння вытворча-эканамічнай эфектыўнасці нашых аграрыяў. Так, плёначная тэхналогія нарыхтоўкі сенажу з’яўляецца сучаснай, гарантуе якасць. Аднак трэба ўлічваць, што найбольш прымальная яна пры рабоце з бабовымі культурамі. Класічная тэхналогія закладкі сенажу і сіласу з’яўляецца самадастатковай у плане забеспячэння якасці канчатковага прадукту. Важны момант – дасканаласць падрыхтоўкі бетонных траншэй, ашчаднасць выканання тэхналогіі нарыхтоўкі, закладкі, захоўвання кармоў.
У гэтай сувязі яшчэ раз пра рэзервы ці кропкі росту эканомікі сельгаспрадпрыемстваў і, адпаведна, дабрабыту аграрыяў. Сярод істотных –  паляпшэнне якасці малака, павышэнне яго гатункавай каштоўнасці. На адной толькі розніцы ў аплаце малака гатункаў экстра і вышэйшага губляецца значны грашовы патэнцыял. Іменна губляецца, паколькі, як вядома, карова не дае малако недаякасным – такім яго робіць чалавек. «Экстрапрыкладам» можа служыць СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», некаторыя з жарабковіцкіх малочнатаварных фермаў.
Асобна – пра ЗАТ «Белпрампрыбор». У апошнія гады ён фарміруе сваю эканоміку за кошт граматнага вядзення малочнай жывёлагадоўлі. Так, у таварыстве далёка не самыя сучасныя ўмовы ўтрымання жывёлы і тэхналогія вытворчасці. На гатунак «экстра» працуюць прафесіяналы, сярод якіх у традыцыйна жаночым асяроддзі, таксама адметны факт, мужчыны-аператары машыннага даення. Удойнасць белпрампрыбораўскіх кароў адна з лепшых у раёне, а якасць малака – амаль стопрацэнтна экстра. Расце пагалоўе статка, адкрываюцца магчымасці для далейшага развіцця прадпрыемства, у тым ліку і тэхнічнага. Тут усур’ёз задумваюцца пра будаўніцтва сучаснай высокатэхналагічнай МТФ. Вопыт «Белпрампрыбора» варты ўвагі і пераймання, як і работа традыцыйна моцных «Ляхавіцкага», «Начы», «Жарабковіч».
Зараз у кожнай гаспадарцы раёна ёсць праграма мадэрнізацыі і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, канкрэтныя планы абнаўлення сельскагаспадарчага тэхнічнага парка. І гэта выніковы перспектыўны напрамак.

Пра перапрацоўку

Перапрацоўчая прамысловасць АПК у раёне прадстаўлена тройкай прадпрыемстваў. Прадукцыю і малочнага, і кансервавага, і льнозавода ведаюць у краіне і за яе межамі. Гэта азначае, што працуюць не толькі на свой і бюджэтны кашалёк – яшчэ і на імідж раёна. Кожны з нашых перапрацоўшчыкаў мае што прапанаваць рынку, але мае і патэнцыял, магчымасці для росту.

Пра свята

Пра вяскоўцаў, іх справы заўсёды гавару з пачуццём вялікай павагі.
Шаноўныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу, калегі! Ад усёй душы віншую вас з прафесійным святам. Не толькі як кіраўнік, аграрый, але і спажывец пладоў вашай працы жадаю ўсім здароўя, поспехаў у справах, дабрабыту. Дзякуй за майстэрства, адданасць нялёгкаму хлебаробскаму служэнню.
Не называю прозвішчаў лепшых – іх многа, людзей самаадданых, улюбёных у сваю прафесію. На свяце лепшыя з лепшых будуць узнагароджаны. Упэўнены, калі мы, кіраўнікі, спецыялісты, працаўнікі, шчырай і адданай працай пры паразуменні і ўзаемападтрымцы будзем сумленна рабіць справу, нам не будзе сорамна за яе вынік перад ветэранамі і сваімі дзецьмі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *