Ведай свой статус. 1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Снежань пачынаецца Сусветным днём барацьбы са СНІДам. За дзесяцігоддзі ў супрацьдзеянні гэтай хваробе дасягнуты значны прагрэс. Як адзначаюць медыкі, сёння галоўная задача – выявіць людзей, якія жывуць з ВІЧ і нават не падазраюць пра гэта, забяспечыць ім доступ да якаснай медыцынскай дапамогі і прафілактыкі. «Ведай свой статус» – дэвіз сёлетняга Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.
Якіх правілаў прытрымлівацца і пра што нельга забываць, каб не стаць ахвярай ВІЧ/СНІД, – тэма чарговай размовы з кампетэнтнымі субяседнікамі.

Віктар МАКАРЧУК, загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы:
– Людзі часцяком упэўнены, што пра ВІЧ ведаюць дастаткова. Аднак ці не палова не можа нават адказаць на пытанні: што гэта такое, якія шляхі заражэння існуюць і як яго пазбегнуць? На жаль, многія лічаць, што гэтая праблема ніколі іх не закране. Але ў групе рызыкі – кожны. Нават у такім невялікім раёне, як наш, сёння на ўліку 15 ВІЧ-інфіцыраваных (яшчэ адзін нядаўна памёр). Адзін, чалавек з гэтай статыстыкі заразіўся ў выніку ін’екцыйнага ўвядзення наркотыкаў, астатнія – праз палавыя кантакты.
Сёння ёсць пэўная група прэпаратаў для лячэння ВІЧ, але яны выкарыстоўваюцца для зніжэння актыўнасці гэтага віруса і не здольны канчаткова зняць дыягназ. Нагадаю: СНІД не сінонім ВІЧ, а яго заключная (тэрмінальная) стадыя.
Ацаніць свой імунны статус можна толькі здаўшы аналіз, у тым ліку і ў райбальніцы, на ВІЧ-інфекцыю. Дастаткова звярнуцца да любога ўрача, каб атрымаць накіраванне. Не трэба саромецца ці баяцца: гэта нармальнае жаданне чалавека адчуваць сябе ўпэўнена. Ёсць таксама экспрэс-тэст імуннай сістэмы чалавека: вынік даследавання можна атрымаць ужо ў дзень здачы. Акрамя таго, у аптэках можна купіць і самастойна зрабіць экспрэс-тэст па сліне.
Заражэнне можа адбывацца, калі кроў трапляе на пашкоджаныя слізістыя ці скуру. Таму ўсе медыцынскія інструменты і матэрыялы стэрыльныя. Пацыент, якому прызначана аперацыя, абавязкова сярод іншых аналізаў праходзіць абследаванне на гепатыты і ВІЧ.
Непашкоджаная скура (без трэшчын, ранак, сыпу) з’яўляецца эфектыўнай абаронай ад заражэння. Калі ВІЧ-інфіцыраваная кроў трапіла на яе, дастаткова змыць вадой з мылам. Такі кантакт не ўяўляе небяспекі перадачы ВІЧ. Немагчыма заразіцца праз пот, слёзы, сліну, пры ўмове, што біялагічны матэрыял не ўтрымлівае кроў.
Заўсёды і ўсім трэба памятаць пра прафілактыку.

Андрэй КУРАК,  загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі райбальніцы:
– Сапраўды, не трэба кідацца ў паніку і баяцца заражэння на кожным кроку. ВІЧ не перадаецца пры звычайных зносінах з інфіцырава-нымі: знаходжанні ў адным памяшканні, пры доглядзе за інфіцыраваным, пацісканні рук, абдымках, карыстанні грамадскім душам, туалетам і басейнам, укусах крывасмокаў, у транспарце. А вось выпадковыя палавыя сувязі, ужыванне наркотыкаў – вельмі рызыкоўныя з многіх пунктаў гледжання, у тым ліку – заражэння ВІЧ.
Адзін са шляхоў перадачы інфекцыі – праз заражаную кроў. Таму кожная данацыя крыві абавязкова правяраецца. Здаеш кроў некалькі разоў на год – столькі ж і праверак. Гэта якраз той выпадак, калі лепш перастрахавацца.
Да донараў прад’яўляюцца надзвычай сур’ёзныя патрабаванні. Бясспрэчным супрацьпаказаннем для донарства з’яўляюцца ў тым ліку дыягнаставаны ў чалавека ВІЧ/СНІД.
Ала ПРАНЕВІЧ, стаматолаг-хірург райбальніцы:
– У нашым раёне, на шчасце, не было выпадкаў ВІЧ-інфіцыравання ў медустановах. Аднак, уважлівасць і насцярожанасць павінны прысутнічаць заўжды. На прыём, у тым ліку і да стаматолагаў, могуць прыйсці пацыенты з дыягназам ВІЧ ці СНІД. І, на жаль, не ўсе пра сваю хваробу папярэджваюць медыкаў. У стаматалагічным аддзяленні райбальніцы строга прытрымліваемся санітарна-гігіенічных правілаў. Урачы ўсе маніпуляцыі праводзяць у масках, акулярах, усе інструменты стэрылізуюцца, пасля чаго загортваюцца ў крафт-паперу. Апрацоўваем спецыяльнымі сродкамі паверхню сталоў, паліц у кабінетах. Штогод здаваць аналіз на ВІЧ – прафесійная патрэба.
Святлана ФІРУСЬ,  майстар цырульні «Фантазія»:
– Некаторыя людзі баяцца атрымаць ВІЧ праз манікюр ці педыкюр, таму робяць іх выключна самастойна і дома. Але заражэнне магчыма пры незахаванні санітарных нормаў, якія неабходна выконваць касметолагам, цырульнікам. А яны не менш строгія, чым у медустановах. Любы вопытны майстар разумее, што парушаючы санітарныя правілы, ён рызыкуе не толькі здароўем кліента, але і ўласным. У цырульні «Фантазія» выконваюцца ўсе мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку ВІЧ.

Юлія КУШНЯРЭВІЧ,  майстар цырульні «Прэстыж»:
– Іншы раз падчас манікюру ці педыкюру кліент атрымлівае парэз. Такое можа адбыцца незалежна ад вопыту і майстэрства спецыяліста. Ёсць і такія кліенты, якія прыходзяць на сеанс з пашкоджаннямі на руцэ. Калі дапусціць, што чалавек ВІЧ-інфіцыраваны, то праз неапрацаваныя пасля работы з ім інструменты інфекцыя можа перадацца наступнаму наведвальніку. Пасля кожнага наведвальніка ўсе манікюрныя, педыкюрныя і іншыя прыналежнасці, што выкарыстоўваліся, стэрылізуем. А маніпуляцыі выконваем у аднаразовых пальчатках, рабочыя сталы накрываем плёнкай. Рызыка для кліента зводзіцца да нуля.

Жанна МЯДЗВЕЦКАЯ,  адміністратар гасцініцы «Эдэльвейс»:
– У гасцініцы на бачным месцы знаходзяцца інфармацыйныя матэрыялы па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу, прадастаўленыя раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, у якіх ёсць усё неабходнае: адрасы і расклад работы медустаноў, дзе можна абследавацца на ВІЧ, у тым ліку і ананімна. Ёсць таксама брашуры з рэкамендацыямі, як не стаць ахвярай гэтай хваробы. Заўжды пад рукой і аптэчка з усім неабходным для аказання першай медыцынскай дапамогі.

Датычыць кожнага

Сур’ёзныя маштабы і наступствы хваробы замацавалі за сіндромам набытага імунадэфіцыту назву «чума ХХІ стагоддзя». Яшчэ тры дзесяцігоддзі назад, каб стрымаць эпідэмію, медыкі заклікалі грамадскасць змагацца са СНІДам усім светам. З таго часу зроблена вельмі многае, але, на жаль, ВІЧ і СНІД па-ранейшаму застаюцца рэальнай пагрозай чалавецтву.
У Беларусі зарэгістравана больш за 25 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.
На Брэстчыне з такім дыягназам жыве 1556 чалавек, прычым у 150 з іх вірус імунадэфіцыту дыягнаставаны сёлета. Па ўзроўні яго распаўсюджанасці Брэсцкая вобласць – на чацвёртым месцы ў краіне (пасля Гомельшчыны, Мінска і Мінскай вобласці). Найбольшая колькасць выпадкаў ВІЧ зарэгістравана ў Пінску і Пінскім раёне (970), Брэсце і Брэсцкім раёне (325), Баранавічах і Баранавіцкім раёне (195). Наогул жа, такія факты адзначаны ва ўсіх раёнах, у тым ліку нашым.
Па даных райЦГіЭ, на Ляхавіччыне выяўлена 14 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, зараз на дыспансерным уліку ў райбальніцы знаходзіцца 15 чалавек (адзін прыбыў з іншага рэгіёна) ва ўзросце 25-49 гадоў.

ФАКТ

У нашай краіне створана сістэма аказання меддапамогі, якая забяспечвае максімальную даступнасць кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Антырэтравірусныя прэпараты закупляюцца за кошт бюджэтных сродкаў. Для ВІЧ-пазітыўных людзей лячэн-не бясплатнае.
На беларускіх фармпрадпрыемствах наладжана вытворчасць айчынных прэпаратаў для лячэння ВІЧ.
З’явілася інфармацыя, што да канца года ў Брэсцкай вобласці адкрыюцца два аддзяленні дзённага знаходжання для ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў: у Брэсцкай абласной бальніцы і Пінскай цэнтральнай паліклініцы.

Беларусь – адна з нямногіх краін на постсавецкай прасторы, што атрымала сертыфікат Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, які па-цвярджае элімінацыю (выключэнне) перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці. І гэта істотны крок у супрацьдзеянні распаў-сюджанню віруса іму-надэфіцыту чалавека.

Штогод напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам па ўсёй краіне праходзяць тэматычныя конкурсы плакатаў і малюнкаў, круглыя сталы, сустрэчы, спартыўныя мерапрыемствы. Іх мэта – яшчэ раз звярнуць увагу на сур’ёзнасць праблемы распаўсюджання ВІЧ, данесці да насельніцтва, асабліва моладзі, інфармацыю па прафілактыцы хваробы, нагадаць пра тое, што кожны з нас у адказе не толькі за дзень сённяшні, але і за будучыню.
Ведаць свой статус і прымаць меры, што дапамогуць захаваць уласнае здароўе і здароўе блізкіх людзей, – жыццёва важна. А жыццё, згадзіцеся, важкі матыў на карысць бяспечных і адказных паводзін.

Галіна КАНЬКО, Святлана СТЫКУТЬ.

Фота з сайта http://mir-animashki.com