Любімая юрыдычная справа

Тактоўнасць, карэктнасць і ўменне даступна растлумачыць тыя ці іншыя заканадаўчыя нюансы нават вельмі далёкаму ад юрыспрудэнцыі чалавеку – абавязковыя якасці для таго, хто выбраў прафесію натарыуса. Менавіта яна калісьці прывабіла Іну Шабацько і вось ужо 16 гадоў з’яўляецца для яе не толькі працай, але і любімай справай.
– Задача натарыуса – не проста аформіць дакумент. Трэба зразумець чалавека, аказаць яму граматную юрыдычную дапамогу. А сітуацыі бываюць розныя, і далёка не ва ўсіх усё проста, – адзначае Іна Пятроўна.
Гэта абаяльная жанчына акрамя таго, што класны спецыяліст, яшчэ і адказны кіраўнік – больш за дзесяцігоддзе ўзначальвае мясцовую наткантору. З пачатку года тут выканана каля 1600 натарыяльных дзеянняў. Прыкладна шостая частка – спадчынныя. Яшчэ – складанне і засведчанне розных дагавораў (у тым ліку, напрыклад, шлюбных), даверанасцяў, завяшчанняў, выканаўчых надпісаў і іншых важных і вельмі патрэбных камусьці дакументаў. З такім аб’ёмам работы спраўляецца зусім невялікі – два натарыусы і справавод – калектыў, які заўтра разам з калегамі адзначыць прафесійнае свята – Дзень юрыста.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Маргарыты КУХТА