Жалезная норма

Якасць пітной вады, яе адпаведнасць санітарна-гігіенічным нарматывам – тэма, якая не страчвае сваёй актуальнасці і пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі мясцовай улады. Абмяркоўвалася яна сярод іншых пытанняў і на чарговым пасяджэнні райвыканкама, дзе заслухоўваўся ход выканання плана мерапрыемстваў па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва раёна на 2016-2020 гады.

Сістэмамі цэнтралізаванага водазабеспячэння ў раёне ахоплена больш за 80 працэнтаў жылога сектара. У адказе за якасць вады – жылкамунгас, на чыім балансе і станцыі абязжалезвання. Для спажыўцоў, пэўна, гэта прыналежнасць не такая і важная. Галоўнае для іх, каб з крана цякла «бяспечная» і чыстая вада. І каб пасля на сантэхніцы не заставаўся ржавы след.
Павышаная колькасць жалеза і іншых кампанентаў прыроднага паходжання (марганцу, бору, фтору) – адна з асноўных праблем пітной вады ў краіне, не абышла яна і наш раён. У сярэднім утрыманне жалеза ў цэнтралізаванай водаправоднай сетцы на Ляхавіччыне складае 1,6 мг/дм3 – істотна больш нормы.
Спецыялісты райЦГіЭ і камунгаса праводзілі лабараторныя даследаванні, якія паказалі, што насельніцтву райцэнтра дастаўляецца вада належнай якасці як па санітарна-хімічных, так і па мікрабіялагічных паказчыках. Гэта заслуга гарадской станцыі абязжалезвання. Яшчэ чатыры маюцца ў вёс-ках. Аднак вясковыя станцыі не заўсёды спраўляюцца са сваёй задачай: пробы паказваюць, што на выхадзе ў вадзе жалеза бывае… больш, чым на ўваходзе. У шэрагу вясковых водаправодаў вада па санітарна-хімічных паказчыках не адпавядае патрабаванням.
Як палепшыць сітуацыю? Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня адзначае, што праблема вядомая і над ёй працуюць. Асноўная прычына няякаснай пітной вады – зношанасць сістэмы водазабеспячэння. Патрабуецца замена водаправодных сетак і водаадводаў, што і робіцца паэтапна. Право-дзяцца абслугоўванне і тэх-агляд вадаводаў, водаразборных калонак, артэзіянскіх свідравін, каналізацыйных сетак і калектараў.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Чыстая вада» ў наступным годзе ў аграгарадку Падлессе запланавана будаўніцтва станцыі абязжалезвання. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя і на ўзвядзенне такога ж аб’екта ў аграгарадку Конькі. Сродкі на будаўніцтва будуць выдзелены з абласнога бюджэту. Капітальны рамонт участка водаправоднай сеткі чакаецца па вуліцах Леніна і Маскоўскай у Літве, у Каранеўшчыне, а таксама па вуліцах 60 гадоў Савецкай улады і Савецкай у аграгарадку Нача. Будзе выканана рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах.
Санслужба перыядычна маніторыць выкананне патрабаванняў заканадаўства санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Парушэнні сёлета выяўлены на 80 працэнтах абследаваных водаправодных аб’ектах. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў недастатковы кант-роль за станам рэзервовых водазабораў. Пра гэта сведчаць шматлікія недахопы ва ўтрыманні тэрыторый рэзервовых свідравін у Ляхавічах. Парушэнні таксама маюцца ва ўтрыманні абсталявання і тэрыторый вясковых ачышчальных збудаванняў. Так, у Коньках і Жарабковічах яны зараслі травой і кустоўем, патрабуецца рамонт абсталявання ачышчальных у Дараве, Канюхах, Жарабковічах, Ліпску і Задвор’і: прыёмнікі-размеркавальнікі і адстойнікі сцёкавых водаў разбіты і разбураны.
З пачатку года, як расказаў галоўны санітарны ўрач раёна, выдадзена сем рэкамендацый для ўхілення парушэнняў утрымання водаправодных збудаванняў.
Рашэннем райвыканкама жылкамунгасу даручана да канца снежня забяспечыць бесперабойную работу станцый абязжалезвання ў Дараве, Жарабковічах, Ліпску і Начы, добраўпарадкаваць вясковыя водазаборныя ўстановы і зоны санітарнай ачысткі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.