Дзясятка з жартамі. У Ляхавічах КВЗ аб’яднаў школьнікаў з 10 устаноў адукацыі раёна

Кодавым словам гучыць абрэвіятура КВЗ, яна, здаецца, без абмежавання тэрміну прыгоднасці. Разумеюць і дарослыя, і дзеці. А ў мінулую суботу адкрыты фестываль вясёлых і знаходлівых аб’яднаў пад дахам ГДК 10 каманд устаноў адукацыі раёна. Гэта амаль сотня кэвэзэшнікаў – дзёрзкіх, смелых, яркіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Самае галоўнае, яны ўмеюць узняць настрой, зрабіць, каб дэцыбелы смеху ў зале зашкальвалі, уражанняў хапіла яшчэ надоўга. Штогадовы раённы фестываль КВЗ для ляхавіцкіх школьнікаў – падзея чаканая. Дарэчы, не толькі для ўдзельнікаў – у зале не было свабодных месцаў, ажыятаж быў і напярэдадні фэсту – білеты раскупілі хутка.

«Пламбір», «Локі», «Мандарын», «БМВ», «Чараўнікі», «Happy End», «Gym vegas», «Не тая кампанія», «Бізнес-людзі», «Марозкі» – многія з каманд засвяціліся яшчэ ў мінулым сезоне. Трымалі марку і стварылі добрую канкурэнцыю і навічкі.
Сёлетні фэст прайшоў пад назвай «Паверым у цуды!» з настроем выступленняў адпаведным – казачным. Як і належыць у КВЗ, каманды дадалі да яго сваёй крэатыўнасці, гратэскна-камічных нотак, крыху трэшавасці і бесшабашнасці, змяшалі з гумарам і проста бамбанулі падчас візітоўкі, тэма якой «Дарослыя, а ў казкі верым». Прастора для творчасці бязмежная. І хоць са сцэны гучалі знаёмыя назвы казак «Маша і тры мядзведзі», «Папялушка», «Беласнежка», праблемы ў іх вырашаліся зусім іншыя. Жартавалі наконт ЦТ і верылі, што хутка яго адменяць; Іван з катом Базіліа праходзілі медкамісію на прыгоднасць служыць у арміі; Папялушцы ў чарговы раз нагадалі, што не апоўначы, а ў 23.00 трэба вярнуцца дадому… У жарты здолелі ўвасобіць столькі штодзённых праблем! І гэта класна: бачыць недахопы, гумарыць, прапаноўваць сваё «смешнае» рашэнне. Але ў кожным жарце…
Не менш узрыўным быў кавэзэшны біятлон. Лепшы жарт у каманды  СШ № 2 «Happy End».
Каманда Падлескага дзіцячага сада-базавай школы «Локі» на фестывалі навічок, але іх зладжанаму і ўпэўненаму выступленню можна было толькі пазайздросціць. Дэбют у фестывалі гумару для Алесі Заяц стаў пераможным – яна «лепшая кавэзэшніца». Сакавітай у плане гумару была візітоўка ад каманды «Мандарын» Малагарадзішчанскай школы. А як па-іншаму, калі за зборную гуляў пераможца ў намінацыі «лепшы кавэзэшнік» Сяргей Лешык.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.