А пайшлі б вы ў лазню…

Лазня ў сельскай мясцовасці – стратэгічна важны сацыяльны аб’ект. Гэта факт, як і тое, што аб’ект гэты стратны. Калі амаль тры гады назад лазні засталіся без бюджэтных датацый, некаторыя з іх закрылі, а для многіх такі лёс быў бліжэйшай перспектывай. Пытанне, наколькі гэта зручна для насельніцтва, вывучалася, але часам заставалася адкрытым, як, дарэчы, і многія іншыя: якасць абслугоўвання, рэжым работы і г.д. З пачатку снежня лазневыя паслугі ўключаны ў пералік сацыяльна значных і ім вернута бюджэтнае фінансаванне.

Тое, што хвалюе

Тэма лазневага абслугоўвання – з тых, што не сыходзіць з парадку дня мясцовай улады. Надзвычай важна знайсці аптымальнае рашэнне, якое задаволіць і спажыўцоў лазневых паслуг і тых, хто іх павінен аказваць.
Сельвыканкамы сумесна з жылкамунгасам праводзілі маніторынгі эфектыўнасці работы лазняў і іх запатрабаванасці. Высновы адна-значныя: утрымліваць аб’ект, куды за месяц прыходзіць мыцца некалькі чалавек, не па-гаспадарску. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня нагадаў, што на сельскіх сходах вяскоўцы катэгарычна выказваюцца супраць закрыцця лазняў, аднак падкрэсліў, што многія з апытаных самі іх не наведваюць. Напрыклад, у аграгарадку Малое Гарадзішча лазняй карысталася менш за два працэнты насельніцтва, у Галаўнінцах –  16 працэнтаў. У Малым Гарадзішчы лазня часова не працуе, як і ў Востраве, Свяціцы. Перададзены ў арэнду фермерскай гаспадарцы «Даманскае» аб’ект у Канюхах. Летась прададзены будынкі куршынавіцкай і зубелевіцкай лазняў, сёлета – начаўскай: усе яны будуць выкарыстоўвацца па іншым прызначэнні.
Лазня ў Ганчарах працуе двойчы на месяц. За два дні тут у сярэднім бывае 25 наведвальнікаў, прычым не толькі з гэтай вёскі (усяго на тэрыторыі сельсавета пражывае 1650 чалавек). Хто прыходзіць-прыязджае сам, іншых забіраюць транспартам камунгаса па папярэдніх заяўках. Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч расказвае, што раней была лазня ў Куршынавічах, але яе даўно зачынілі. Ішла размова і пра закрыццё лазні ў Ганчарах, аднак да гэтага пакуль не дайшло. Напэўна, прынятае рашэнне аб вяртанні бюджэтнага фінансавання сельскім лазням толькі ўмацуе гэту пазіцыю.

Свая нечужая

На тэрыторыі раёна 13 грамадскіх лазняў, 10 з іх – камунгасаўскія, у трох іншыя ўласнікі: ААТ «Жарабковічы», «ТБЗ «Ляхавіцкі».
Сёлета за 10 месяцаў лазнева-камунгасаўскія страты «пацягнулі» на 89 тысяч рублёў. Дырэктар камунальнай службы Аляксандр Жук удакладняе, што найбольш неэфектыўна спрацавалі вясковыя лазні. Што тычыцца сабекошту адной памыўкі, то самы высокі ён у Ліпску – 56,8 рубля, самы нізкі ў Ганчарах – 22,6 рубля (для параўнання: у гарадской лазні – 14,9 рубля). Пры гэтым, для наведвальніка білет каштуе 4,1 рубля. Астатняе, што называецца, з «кармана» камунгаса. Аляксандр Жук тлумачыць, што закрыццё самых стратных лазняў дазволіць зэканоміць каля   9 тысяч рублёў за год.
Канешне, эканоміка – важная акалічнасць, аднак, не менш важны сацыяльны аспект. Спыніць работу лазні проста: павесіў замок – і ўсё. А дзе знайсці лёгкую пару вяскоўцам, у якіх няма ўласнай ванны, душа, тым больш, што не ва ўсіх вёсках ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне. Калі ўлічыць, што многія сельскія жыхары – людзі сталага ўзросту, то нацягаць вады з калодзежа, каб памыцца, для іх вялікая праблема. Ды і памыўка такая – не лазневая.
У аграгарадку Жарабковічы і вёсцы Сваятычы лазні на балансе мясцовага сельгаспрадпрыемства Яны запатрабаваныя і не толькі таму, што задавальняюць наведвальнікаў добрай парай. Яшчэ адзін сакрэт папулярнасці – бясплатны ўваход. Прычым, як расказаў дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты, датычыцца гэта не толькі працаўнікоў гаспадаркі, але і іншых аграгараджан і вяскоўцаў, а таксама гасцей, якія сюды прыязджаюць. Па пятніцах і суботах у жарабковіцкай бывае па паўсотні чалавек у дзень, у сваятыцкай – крыху менш. Усе страты сельгаспрадпрыемства бярэ на сябе.
Кіраўнік «Жарабковічаў» падкрэслівае: тут галоўнае не грошы, а стварэнне зручнасцяў для сельскіх жыхароў. А для людзей такі расклад – яскравае сведчанне клопату пра іх.
Дырэктар торфабрыкетнага завода Уладзімір Гунько не хавае, што мясцовая лазня стратная. Але пры гэтым таксама зазначае: землякам яна патрэбна. На два-тры тыдні, калі рамантуецца кацельня і адключаецца падача гарачай вады ў кватэры, лазня працуе штодзённа, у іншы час толькі па суботах. Кошт наведвання – 2,75 рубля, за дзень лазневымі паслугамі ў сярэднім карыстаецца 15-20 чалавек.
Хочацца спадзявацца, што бюд-жэтнае фінансаванне сельскіх лазняў дазволіць не толькі захаваць гэтыя аб’екты, але і палепшыць якасць сэрвісу.
Галіна КАНЬКО.