Ільняное вымярэнне

«Што перашкаджае поўнай загрузцы вытворчых магутнасцей нашых ільнозаводаў? Чаму яны працуюць неэфектыўна, а іх мадэрнізацыя звялася да банальнай замены зношаных вузлоў і агрэгатаў? У чым прычына адсутнасці якаснага льновалакна ў неабходным аб’ёме і невыканання дзяржзаказу?» – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзняў шэраг праблемных пытанняў у час наведвання напрыканцы лістапада Аршанскага льнокамбіната.
Гэтыя тэмы напрамую датычацца і мясцовага льноперапрацоўчага прадпрыемства – ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».


Сартавальніцай доўгага
 валакна працуе два гады 
Алена Літвінчук.    

Лён любіць паклон, сцвярджае народная мудрасць. Гэта далікатная, але наравістая культура, калі да яе знайсці належны падыход, можа шчодра аддзячыць якаснай, экалагічнай і практычнай прадукцыяй, якая запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Як завод спрацаваў сёлета, якія планы на год наступны, як тут вырашаюцца ўзнятыя праблемы, высвятляў «ЛВ».
Пяты год прадпрыемства функцыянуе пасля маштабнай мадэрнізацыі, праведзенай за бюджэтныя сродкі. Працуе па звычайным трохзменным графіку. Тэрыторыя добраўпарадкавана, нічога лішняга.
У новым цэху кіпіць работа. Пачатак усяму – сыравінны тамбур, куды паступаюць рулоны з ільнотрастой, далей пагрузчыкі да-
стаўляюць іх у цэх. Вытворчая перапра-цоўчая магутнасць – да 2500 кілаграмаў ільнотрасты ў гадзіну, праўда, загружана яна толькі напалову. Недахоп сыравіны – ужо шмат гадоў адна з асноўных і набалелых праблем прадпрыемства.
Сёлета пад стратэгічна важную культуру на палетках ільнозавода было адведзена 2000 гектараў.
– У красавіку пасеялі лён беларускіх сартоў «васілёк» і «грант», а таксама французскай селекцыі «алізэ» і «араміс». Напачатку мая да нас прыязджалі спецыялісты з Інстытута лёну, якія адзначылі высокую ўсходжасць і добрую вегетацыю. Але надвор’е падвяло. Нягледзячы на тое, што стараліся захаваць тэхналогію, атрымалі, што атрымалі: ураджайнасць склала толькі 26 цэнтнераў трасты з гектара (для параўнання, у мінулыя гады яна перавышала 30). Ды і якасць не тая, што чакалі. На канчатковым выніку сказаўся і недахоп ільноўборачнай тэхнікі, яна ў нас старая, не абнаўлялася з 2010 года, –
тлумачыць вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
Для перапрацоўкі льнозавадчане нарыхтавалі 6256 тон трасты. 4086 тон вырасцілі на сваіх палетках, астатняе закупілі ў Баранавіцкім райаграсэрвісе і Ляхавіцкай ільнонасенстанцыі. Як адзначыла галоўны інжынер Ірына Антановіч, назапашанай сыравіны хопіць заводу да мая наступнага года. Што далей? На прадпрыемстве пачнуць рамонт, працаўнікі пойдуць у водпуск. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае: задачы захаваць калектыў, не дапусціць скарачэння штатаў, забяспечыць рост заработнай платы будуць вырашаны.
Безумоўна, усе «неда» толькі на капрызы надвор’я не спішаш. Вялікая роля і чалавечага фактара: недасеялі, недаглядзелі, недапрацавалі, аказаліся недальнабачнымі, не набылі тэхнікі…
касная, адпавядаючая неабходным стандартам прадукцыя –
доўгае і кароткае льновалакно – запатрабавана не толькі на беларускім рынку, але і ў замежжы, у прыватнасці, Літве і Кітаі. За 10 месяцаў адпраўлена на экспарт 766 тон кароткага льновалакна. Здавалася б, выдатная магчымасць зарабіць.
Падчас нарады ў Оршы Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў краіне не нарыхтавалі трэцюю частку льновалакна. Не справіўся з дзяржзаказам і Ляхавіцкі льнозавод: з неабходных 390 тон доўгага за 10 месяцаў адправілі на Аршанскі льнокамбінат 196 тон, з 266 кароткага – 189 тон. Усяго за 10 месяцаў завадчане выпусцілі 219 тон доўгага льновалакна (55 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга паказчыка) і 1097 кароткага (92,7 працэнта).
І ўсё ж нягледзячы на пэўныя цяжкасці, стратэгічныя пралікі, калектыў працуе. Здымшчыцы валакна Наталля Катко і Валянціна Сліва звыклымі рухамі сартуюць прадукцыю.
– Уладкавалася на завод адразу пасля заканчэння школы, так і засталася тут. Умовы за апошнія гады значна палепшыліся. А абсталяванне якое! Працаваць на ім лягчэй, – расказвае Валянціна Сліва.
Яе калега Наталля Катко дадае:
– Сёлетні неўраджай, канешне, паўплываў і на нашу работу. Маглі б працаваць больш вынікова, але сыравіны не хапае.
На Ляхавіцкім ільнозаводзе не першы год з адходаў вытворчасці робяць кастрабрыкеты, і гэта дадатковы прыбытак. Асаблівы попыт на кастрабрыкеты ў час ацяпляльнага сезона. Пакупнікі льнянога паліва – і ў нашым раёне (напрыклад, пастаянныя спажыўцы –
раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, ільнонасенстанцыя), і ў іншых рэгіёнах Беларусі, нават за межамі нашай краіны.
– Кіраўнік дзяржавы паставіў перад ільнаводчай галіной канкрэтныя задачы. Стараемся палепшыць сітуацыю і на нашым прадпрыемстве. У наступным годзе пад лён адводзім 3000 гектараў з улікам сыравіннай зоны льнонасенстанцыі і Баранавіцкага аграсэрвіса. Назапасілі 230 тон насення ўласнай селекцыі, акрамя таго, дакупім яшчэ 40 тон насення новых сартоў. Унясём пэўныя карэктывы і ў тэхналогію догляду за пасевамі, што таксама павінна паспрыяць ураджайнасці. А гэта ў спалучэнні з дакладным захаваннем тэхналагічных працэсаў на ўсіх этапах дасць магчымасць дасягнуць ураджайнасці 35 цэнтнераў трасты з гектара, – акрэслівае задачы на 2019 год Ірына Антановіч.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран так пракаментаваў сітуацыю:
– Умовы надвор’я і незахаванне тэхнічных рэгламентаў вырошчвання сельгаскультуры – асноўныя прычыны невыканання прадпрыемствам даведзеных яму паказчыкаў (у льнонасенстанцыі, ураджайнасць ільнотрасты большая). Ляхавіцкі льнозавод не выканаў дзяржзаказ па нарыхтоўцы льновалакна. Фінансава-эканамічны стан прадпрыемства пагоршыўся, што не дазволіла, у тым ліку, набыць новую сельскагаспадарчую тэхніку для апрацоўкі глебы.
Сітуацыя на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» ўзята пад пільны кантроль раённай улады. Прымаюцца канкрэтныя меры па яе аздараўленні. У прыватнасці, вядзецца падбор пасяўных плошчаў, найбольш спрыяльных для вырошчвання льну, на кантролі і падрыхтоўка да веснавых палявых работ. Разлічваем, што прымаемыя меры будуць выніковымі.

ФАКТ

І ўсё ж у большасці вытворча-эканамічных праблем Ляхавіцкага льнозавода прычыны суб’ектыўнага характару. Выправіць сітуацыю могуць і павінны самі завадчане. Справа гонару для іх – наладзіць работу мадэрнізаванай за дзяржаўныя сродкі вытворчасці ў поўную сілу.


Здымшчыцы льновалакна Наталля Катко і Валянціна Сліва.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.