Экспрэсам па музыцы

Яны сапраўдны «Экспрэс». Вікіпедыя выдае, што гэта транспартны сродак для паездак на далёкія адлегласці з павышанай хуткасцю. Выступленні народнай эстраднай студыі «Экспрэс» – упрыгажэнне любога канцэрта, святочнай праграмы або гарадской дыскатэкі. Калі яна на сцэне – пачынаецца музычнае падарожжа. З яе ўдзельнікамі з лёгкасцю і задавальненнем адправішся ў 80-я, заглянеш у 90-я, сучасныя навінкі таксама ў іх рэпертуары. Асаблівая ўвага – беларускай народнай песні.
Творчыя, крэатыўныя, яркія і, безумоўна, улюбёныя ў музыку ўдзельнікі «Экспрэса» здзіўляюць і радуюць ляхавічан 15 гадоў, вядомыя яны і за межамі раёна.

Ідэя стварыць музычны калектыў у заснавальніка студыі Юрыя Грыня спрацавала двойчы. Некалі ён стварыў эстрадную групу «Пачатак» (яна і сёння дорыць настрой землякам), пасля на творчым прыпынку Дома культуры райаграсэрвіса пачаліся сустрэчы «Экспрэса». Дарэчы, да назвы мае самае непасрэднае дачыненне «ЛВ»: яе падарыла калектыву адна з сённяшніх супрацоўніц раёнкі. Літаральна з першых дзён у студыі спяваюць Ларыса Бобер, Таццяна Лук’янчык, Аляксандр Гуліцкі, Васілій Шпак. Да пачынальнікаў у хуткім часе далучылася Ірына Прыхач, пасля Алена Праневіч, Святлана Сталярчук, Уладзімір Туцін, Вольга Цімашок. Галасіста-рамантычны, сямейны дуэт Надзеі і Андрэя Цямчыкаў таксама цяпер частка «экспрэсаўскай» сям’і.
Вакальныя эксперыменты, перамогі ў шматлікіх конкурсах, аглядах, фэстах – і ў 2003 заслужанае званне «народны», якое калектыў годна пацвярджае.
У звычайным жыцці – педагогі, аграномы, работнікі культуры, а на сцэне – народная эстрадная студыя. За столькі рэпетыцый і канцэртаў, якіх ужо не злічыць, спеліся, здружыліся, сталі роднымі. Такі дынамічна-музычны рытм якраз для пасажыраў «Экспрэса».
Сёння ў гарадскім Доме культуры «Экспрэс» зноў збірае сяброў: адзначыць юбілей з тымі, дзеля каго выходзіць на сцэну. Пяты год запар ён запрашае на дабрачынны канцэрт у рамках акцыі «Нашы дзеці». Выручаныя за білеты грошы пералічваюцца на рахунак цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Маргарыта КУХТА.