У «Ляхавіцкім» пройдзены ўжо экватар

"Сямейны экіпаж" Вітко: кіраўнік СВК"Ляхавіцкі " Аляксандр Іванавіч з унукамі - Максімам і камбайнёрам Аляксандрам

Гарачыня гэтых дзён вельмі заметна павышае градус абавязковай уборачнай напружанасці, на свой лад карэктуе працэс жніва. Спякотнасць надвор’я дастаткова прадоўжыла ўборачны час хлебаробаў. На жніве ж кожная дадатковая «жніўная» гадзіна, варта, як мінімум, дня звычайнага будзённага жыцця. Разважанні прыкладна такога характару гучалі і на палетках СВК «Ляхавіцкі», дзе на тыдні пабывала «ўборачная» брыгада «Ляхавіцкага весніка».
«Сухое надвор’е дазваляе расцягнуць працоўны дзень камбайнаў. Можна раней выйсці, пазней завяршыць працоўны дзень. І ніякіх страт у якасці. Гэта мела значэнне заўсёды, аднак, сёлета — як ніколі апошнім часам. Справа вось у чым: сёлета мы назіраем вельмі дружнае паспяванне хлябоў. Да ўборкі гатовы практычна ўсе культуры, нават лубін. Вельмі важна не даць перастаяць хлебу, убраць яго максімальна хутка. А ўраджай добры, многія гектары «сыплюць» за 70 цэнтнераў. Ды паглядзіце на паказчык сярэдняй ураджайнасці — 72,7 цэнтнера з гектара! Што характэрна, і яравыя пасевы, і азімыя ўдаліся ў нас прыкладна аднолькава. На фоне іншых культур некалькі горшай атрымалася пшаніца — каля 50 цэнтнераў на круг было. Але гэта аб’ектыўна, паддаецца тлумачэнню: пшаніца любіць іншую, чым наша, глебу», — прывёў падрабязнасці старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко.
«Ляхавіцкі» справіўся з уборкай ужо больш як напалавіну. Кожны новы ўборачны дзень дае прыбаўку роўную 7-8 працэнтным пунктам. Гэта да таго, што, калі і надалей усё пойдзе па такой схеме, праз ты-дзень ці, з папраўкай на магчымыя змены надвор’я, дзён 10 уборка можа выйсці на фінішную прамую.
Важны складальнік — тэмпы работ, але выключна ў кампаніі з якасцю, чысцінёй уборкі. Характэрны момант, калі па патрабаванні брыгадзіра аднаму з камбайнаў давялося вярнуцца ў раней зжатую загонку, каб убраць невялічкі — з паўметра квадратнага плошчай — чуб палегліцы. «Інакш я пастаўлю вам «якасць»! Куды памочнікі глядзяць…» — маючы на ўвазе камбайнераў абураўся той.

Пяцёрка па пяцібальнай! Экіпаж у складзе Генадзія і Марты Граблюкоў.

Уборачны караван «Ляхавіцкага» — гэта 8 камбайнаў пад камандай умелых і стараных экіпажаў. Некаторыя з іх знаходзяцца на верхніх радках рэйтынгу раённага спаборніцтва.Напрыклад, экіпаж Джон Дзіра ў складзе Генадзія Іванавіча і Марты Генадзьеўны Граблюкоў лідзіруе па намалоце ў намінацыі «сямейны экіпаж», значыцца сярод лепшых па паказчыку агульнага намалоту. Вядучы экіпажа — вопытны механізатар, камбайнерам у яго дачка — «па жыцці» студэнтка-юрыст. На пытанне, ці не цяжка, Марта адказвае: «Не, не цяжка!». Магчыма, так, аднак, і нялёгка. Хоць бы таму, што лёгкага хлеба не бывае.
Іван   КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *