Жніўная стратэгія

Прэзідэнт з рабочай паездкай пабываў у Брэсцкай вобласці. У цэнтры ўвагі былі пытанні арганізацыі і правядзення жніва.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яшчэ ёсць вялікія рэзервы для павышэння эфектыўнасці і культуры земляробства ў краіне, нягледзячы на значныя вынікі, дасягнутыя ў сельскай гаспадарцы за апошнія гады. Такое меркаванне Кіраўнік дзяржавы выказаў 27 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.
Прэзідэнт наведаў СВК «АграНіва», дзе яму далажылі аб ходзе ўборачных работ у Брэсцкай вобласці і рэспубліцы ў цэлым. Прэзідэнт азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна і арганізацыяй работ па ўборцы збожжавых.
Як далажыў губернатар вобласці Канстанцін Сумар, перад рэгіёнам у бягучым годзе стаіць задача атрымаць мінімум 1,3 млн.т збожжа без уліку кукурузы. «Гэты год для Брэстчыны будзе рэкордным. За ўсю гісторыю рэгіёна не было такога ўраджаю», — адзначыў ён.
Галоўнай задачай у ходзе цяперашняй уборкі ўраджаю Прэзідэнт назваў якасць правядзення работ. «Такі хлеб губляць нельга. Гэта злачынства. Галоўнае пытанне цяперашняй уборкі — гэта якасць», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту далажылі, што ў цэлым сельгаспрадпрыемствы краіны забяспечаны гаруча-змазачнымі матэрыяламі і маюць дастатковую тэхнічную магчымасць для завяршэння ўборкі ўраджаю ў тэрмін.
Разам з тым пэўная доля крытыкі была выказана адносна будаўніцтва і мадэрнізацыі ў краіне зернесушыльных комплексаў у рамках адпаведнай рэспубліканскай праграмы да 2015 года. Ёсць адставанні па тэмпах рэалізацыі запланаванага.
Акрамя таго, было закранута пытанне максімальна эфектыўнага выкарыстання сельгастэхнікі ў час уборачнай кампаніі, у прыватнасці, камбайнаў. Як далажыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, пэўныя праблемы застаюцца. Месцамі па рэспубліцы адзначаецца дэфіцыт механізатараў, з-за чаго асобныя камбайны часам прастойваюць.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу адказных службовых асоб на тое, што неабходна ўважліва сачыць за якасцю выпускаемай сельгастэхнікі, каб у гэтым плане не ўзнікала ніякіх нараканняў з боку аграрыяў.
Пытанне якасці тым больш важнае, паколькі камбайны і іншая сельгастэхніка актыўна экспартуюцца Беларуссю, і рэспубліка зацікаўлена ў развіцці іх вытворчасці. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў жаданне Беларусі набыць расійскае прадпрыемства «Растсельмаш», якое спецыялізуецца на вытворчасці сельгасмашын.
Яшчэ адна тэма, якая абмяркоўвалася прымяняльна да сельскай гаспадаркі, — экспарт сельгаспрадукцыі, які ў 2012 годзе павінен скласці амаль $5 млрд. У гэтым годзе ў беларускіх аграрыяў вельмі добрыя разлікі на ўраджай па большасці сельгаскультур. Гэта дасць магчымасць у поўнай меры забяспечыць патрэбнасці краіны ў асноўных відах сельгаспрадукцыі, але таксама паставіць значныя яе аб’ёмы на экспарт.
Павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і рэнтабельнасці не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і іншых сферах павінна стаць залогам стабільнага росту даходаў насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка лічыць сярэднюю зарплату $500 да канца 2012 года рэальна дасягальнай.
Другой тэмай рабочага дня Прэзідэнта стала завяршэнне будаўніцтва аўтамабільнай дарогі ў абход тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» і развіццё ў гэтым рэгіёне турыстычнай інфраструктуры.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні дадзенага ім у 2009 годзе даручэння па будаўніцтву гэтай аўтадарогі. Яе працягласць складае 200 км. Абход пачынаецца ў вёсцы Пясчатка Брэсцкай вобласці і заканчваецца каля горада Свіслач Гродзенскай вобласці. Пры будаўніцтве трасы максімальна выкарыстоўвалася існуючая аўтадарожная сетка (116 км мясцовых і рэспубліканскіх дарог). На працягу 82 км дарога створана па новым напрамку. Улічваючы размяшчэнне гэтай аўтадарогі, пры яе будаўніцтве асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пабудаваны падземныя пераходы для дзікіх жывёл.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аб’язная дарога вакол Белавежскай пушчы ў перспектыве будзе вельмі запатрабавана. «Сёння галоўны дэфіцыт у свеце — пітная вада і паветра. З цягам часу, а гэта ўжо цяпер адчуваецца, разумныя людзі, якія хочуць даўжэй жыць, будуць прыязджаць сюды не толькі для таго, каб чыстай пітной вады папіць, але і каб падыхаць свежым паветрам. Вада і паветра — галоўныя складальнікі здароўя. Рана ці позна пушча будзе запатрабавана вельмі моцна, але мы да гэтага гатовы не будзем. Таму гэта дарога — гэта дарога жыцця, калі хочаце, гэта будучае», — сказаў Прэзідэнт.
Цяпер вядзецца работа па прыцягненні інвестараў да стварэння ўздоўж гэтай трасы аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, а таксама турыстычнай інфраструктуры. Як расказаў губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, у прылеглых да аб’язной дарогі населеных пунктах беларускімі грамадзянамі ўжо актыўна скупляюцца пустуючыя дамы. Паводле яго слоў, аўтадарога дала новае жыццё вёскам, якія знаходзяцца побач. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такім чынам можна захаваць неперспектыўныя вёскі, праклаўшы да іх дарогі ад гэтай аб’язной. Што датычыцца прыдарожнай інфраструктуры, то, на думку Прэзідэнта, большую ўвагу неабходна ўдзяліць развіццю сэрвісных аб’ектаў у райцэнтрах або аграгарадках. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі буйныя населеныя пункты раздзяляе невялікая адлегласць, а таму любы падарожнік можа, заехаўшы ў іх, атрымаць большы комплекс паслуг.
Аляксандр Лукашэнка наведаў базу адпачынку ТАА «Без Праблем», размешчаную ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці паблізу вёскі Пясчатка. Будаўніцтва аўтадарожнага абходу вакол Белавежскай пушчы актывізавала ўкладанне інвестыцый у развіццё інфраструктуры гэтай базы адпачынку. Прэзідэнт азнаёміўся з інфраструктурай базы адпачынку, агледзеў кафэ, гасцініцу і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *