«Белтэхагляд» цяпер побач. На вуліцы Працоўнай у Ляхавічах спраўлялі наваселле

У першы працоўны дзень новага года на вуліцы Працоўнай у Ляхавічах спраўлялі наваселле. У райцэнтр з «загараднай рэзідэнцыі» ў Флер’янове (дабірацца да якой, не сакрэт, было не вельмі зручна) пераехала дыягнастычная станцыя УП «Белтэхагляд».
Начальнік станцыі Сцяпан Цітко не хавае задавальнення: узведзены за ўласныя сродкі прадпрыемства будынак аснашчаны, можна сказаць, па апошнім слове тэхнікі. Тут табе і сістэма відэаназірання, і зручныя памяшканні для прыёму кліентаў з вялікім маніторам, на якім можна бачыць увесь працэс праходжання тэхагляду, і сучасныя прыборы і прылады, і, канешне, належныя ўмовы для персаналу. Дарэчы, зручнасцяў для аўтааматараў і тутэйшых супрацоўнікаў прыбавіцца, калі з’явіцца інфакіёск: аплаціць паслугі «Белтэхагляду» можна будзе на месцы – з дапамогай плацежнай карткі.
Адным з першых з магчымасцямі дыягнастычнай станцыі азнаёміўся кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі: пасля ўрачыстага адкрыцця для яго правялі азнаямляльную «экскурсію».
Але далёка не ўсе прыйшлі сюды з мэтай толькі знаёмства: за першы дзень работы паслугамі дыягнастычнай станцыі № 241 скарысталіся каля 20 кліентаў.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.