Разглядаецца малочная справа

Рэпарцёр тут часты госць, і нагода для візітаў сюды заўжды прыемная. Вытворчыя паказчыкі лепшыя ці адны з лепшых у раёне і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. Элітнае насенне, строгае выкананне агратэхнічных патрабаванняў трывалы запас якасных кармоў, узорны машынны двор, дружны зладжаны калектыў – усё гэта СВК «Ляхавіцкі».

Плюсавы вектар

І вось чарговая, першая ў новым годзе, паездка ў гэту гас-
падарку. У першай дзясятцы лепшых аператараў машыннага даення па выніках 2018 года – дзевяць менавіта з сельгаспрадпрыемства. «Ляхавіцкі» працуе з зайздроснымі жывёлагадоўчымі плюсамі і па надоях, і па якасці прадукцыі. У сярэднім ад кожнай каровы за мінулы год тут надаілі 8751 кілаграмаў малака – плюс 457 да ўзроўню 2017 года, і гэта лепшы вынік у раёне. Другі радок у раённым рэйтынгу –
у ЗАТ «Белпрампрыбор» (адпаведна 7692 і плюс 91 да пазалеташняга ўзроўню).
Дарэчы, на справаздачным сходзе напачатку мінулага года жывёлаводы «Ляхавіцкага» агучылі, што плануюць атрымаць ад кожнай рагулі 8400 кілаграмаў малака. Як бачна, факт аказаўся вышэй прагнозаў. Аналагічная карціна і ў цэлым па гаспадарцы: валавы надой летась склаў 8401 тону замест планавых 8190. Прычым, усё малако СВК прадае на перапрацоўку, выключна гатункам экстра, а таварнасць за мінулы год склала 93 працэнты. Жывёлагадоўля і ўвогуле па многіх пазіцыях парадавала.
Які сакрэт паспяховасці – не арыгінальнае пытанне да старшыні гаспадаркі Івана Вітко.
– Складнікаў шмат. І толькі ў спалучэнні яны даюць жаданы вынік. Кожны работнік стараецца на сваім месцы, добрасумленна працуе – і на карысць гаспадаркі, і для ўласнага дабрабыту. Да зімовага стойлавага перыяду статка падрыхтавана добрая кармавая база: сіласу і сенажу маем паўтарагадовы запас. Хоць збожжа намалацілі і менш, але гэта ніяк не сказалася на збалансаванасці кармоў – дакупляем якасны камбікорм. Актыўна вядзецца работа па ўзнаўленні статка: летась абнавілі прыкладна трэцюю яго частку, – зазначае кіраўнік сельгаспрадпрыемства і дадае: – Усё ж галоўнае – людзі, яны «Ляхавіцкі» справай славяць.

Зоя Сецька і Вольга Грыкель

Ідзём  на масавы рэкорд

«Дуэт рэкардсменак» – гэта пра аператараў машыннага даення малочнатаварнага комплексу Зою Сецька і Вольгу Грыкель. Каторы год іх прозвішчы на слыху  ўсёй вобласці. У сярэднім ад кожнай з 364 рагуль жанчыны летась атрымалі па 9484 кілаграмы малака (плюс 1087 кілаграмаў да пазалеташняга ўзроўню!).
Вольга Грыкель у малочнай прафесіі дзесяцігоддзе, яе больш вопытная калега – у тры з паловай разы больш. Зоя Сецька ўспамінае, як дзяўчынкай бегала на ферму, дапамагала маме даіць кароў. Дарэчы, тут жа на комплексе слесарам робіць яе брат Міхаіл Хмарук.
– Пры такіх умовах, як на нашым комплексе, мы вельмі пастараемся дагнаць па надоях калегу з «Жарабковічаў» Людмілу Кудзін, –
дзеліцца Вольга Грыкель.
А тым часам завяршаецца ранішняя дойка на МТФ «Русінавічы». У многім дзякуючы слесару Сяргею Асланяну яна праходзіць без збояў: абсталяванне заўжды ў спраўнасці. Загадчык фермы Эдуард Шэпет цёпла адзываецца пра кожнага працаўніка, асабліва пра аператараў машыннага даення Людмілу Траяноўскую, Галіну Ракашэвіч, Ірыну Болтуць, Галіну Красоўскую:
– Малайцы, дзяўчаты! Добра спрацавалі, на іх рахунку больш чым па 8600 кілаграмаў малака ад кожнай каровы за 2018 год. Крыху сціплейшы паказчык у Святланы Санько, але ёй цяжэй – яна на раздоі. Не буду ўтойваць, упершыню ўступілі лідарства па надоях комплексу: у нас 8676 кілаграмаў малака ад каровы, у іх – 8751. Паспрабуем узяць рэванш.
І такая здаровая канкурэнцыя ў сельгаспрадпрыемстве не можа не радаваць.
За апошні час МТФ «Рачканы» папрыгажэла, тэрыторыя стала больш добраўпарадкаванай, пабудаваны камфортны цялятнік, у якім маленькія насельнікі ўтульна размяшчаюцца кожны ў сваім доміку. Сюды двойчы на дзень спяшаюцца аператары машыннага даення Таццяна Радомская, Людміла Казакевіч, Алена Шандова, Таццяна Славута.
– Раніцай прыходзім да 6 гадзін. Спачатку раздаём кармы каровам, потым трэба паклапаціцца пра цялят. Пасля – дойка. Такі ж распарадак і вечарам, – расказвае пра рэжым работы Людміла Казакевіч, якая па выніках мінулага года атрымала ад кожнай з 43 сваіх кароў па 8309 кілаграмаў малака. Крыху не дацягнулі да васьмітысячнага паказчыка яе калегі-сяброўкі.
Вось такім быў мінулы год для малочнай галіны «Ляхавіцкага».
А што сёлета? Калі зазірнуць у раённую зводку, то па стане на 21 студзеня ў «Ляхавіцкім» у сярэднім ад кожнай рагулі надаілі 23,2 кілаграма малака – на кілаграм больш, чым на гэтую
дату летась. Для параўнання: у сярэднім па раёне надой на карову складае 14 кілаграмаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Алена Шандова, Людміла Казакевіч, Таццяна Радомская
Галіна Ракашэвіч, Ірына Болтуць, Таццяна Канцэлярчык